Вы тут

Што зменіцца разам з базавай велічынёй?


З пачатку наступнага года базавая велічыня павысіцца на 30 тысяч да 210 тысяч рублёў. А значыць, выплаты, якія залежаць ад яе, таксама павялічацца.

 stavki_600_600x400

Па чатыры мільёны з утрыманца

Зраўняць дапамогу па беспрацоўі з бюджэтам пражытачнага мінімуму плануюць не раней, чым праз два гады. Але, у сувязі з ростам базавай велічыні, гэтыя выплаты крыху падрастуць. Сума, на якую зможа разлічваць незаняты грамадзянін, — да 420 тысяч рублёў у месяц. Максімальная стыпендыя беспрацоўным, накіраваным на бясплатнае перанавучанне, складзе 630 тысяч. Тым жа, хто не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў на працягу больш чым 183 дзён у годзе, давядзецца заплаціць 4,2 мільёна рублёў (20 базавых велічынь). Калі прымаўся адпаведны дэкрэт, падатак на сацыяльнае ўтрыманства абяцаў быць на 600 тысяч меншым.

Вырастуць і штрафы для нядобрасумленных наймальнікаў.

— Цяпер за неапавяшчэнне ці несвоечасовае папярэджанне аб вакансіях працадавец мусіць заплаціць ад 900 тысяч да 3,6 мільёна. Са студзеня максімальны памер штрафу вырасце да 4,2 мільёна, — каментуе начальнік упраўлення палітыкі занятасці Мінпрацы Алег ТОКУН. — За адмову ў прыёме на працу па броні, напрыклад інвалідаў ці сірот, з наймальніка могуць спагнаць да 10,5 мільёна (пакуль што — да 9 мільёнаў).

Працадаўцу, які затрымлівае заробак, чакае штраф да чатырох мільёнаў. За парушэнне патрабаванняў па ахове працы — да 10,5 мільёна.

 

Рублём — па «шэрых» кватэраздатчыках

Вядома, што падатковая інспекцыя ўвогуле не вітае тых грамадзян, якія здаюць свае кватэры ў арэнду без афіцыйнага афармлення. Аднак больш сур'ёзна плануюць караць менавіта тых, хто збіраецца атрымліваць дадатковы даход ад арэнды жылля, якое было пабудавана з дзяржаўнай падтрымкай. Тыя, хто здае кватэры, якія былі пабудаваны па льготных крэдытах, могуць быць аштрафаваны на 4-30 базавых велічынь, а з 1 студзеня такі штраф складзе ўжо ад 840 тысяч да 6,3 млн рублёў. За тое ж дзеянне, учыненае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, штраф можа павялічыцца да 10,5 млн рублёў.

Увогуле, падатковая служба прапануе налета ў разы павялічваць падатковыя стаўкі за здачу жылля за той час, калі жылое памяшканне здавалася ўпотай.

 

Разводзіцца ў чатыры разы даражэй

Налета даволі істотныя штрафы (20-200 БВ) могуць атрымаць усе індывідуальныя прадпрымальнікі, якія будуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці без сертыфікатаў. А гэта ўжо сумы ад 4,2 да 42 млн рублёў. У студзені вырастуць і памеры дзяржпошлін. Напрыклад, за замену пашпарта трэба будзе заплаціць 105 тысяч рублёў.

 

Жаніцьба падаражэе

Больш давядзецца плаціць тым, хто здымае дзяржаўнае арэнднае жыллё. Напрыклад, аднапакаёвая кватэра плошчай у 40 квадратных метраў у цэнтры Мінска пацягне на 2,5 мільёна ў месяц, «двушка» (60 квадратаў) абыдзецца амаль у 3,8 мільёна (цяпер іх арэнда каштуе на 200 тысяч і на 600 тысяч менш адпаведна). Самую танную «аднушку» з дзяржаўнага фонду ў сталіцы будуць здаваць прыкладна за 800 тысяч.

Штраф за самавольную перапланіроўку кватэры вырасце да 6,3 мільёна (максімальны памер). Калі пераўладкаванне закране апорную канструкцыю ці вентыляцыйную шахту, могуць спагнаць і 10,5 мільёна.

На 30 тысяч павялічыцца штогадовы збор за аграэкатурызм і рамесніцтва (абодва прыроўнены да адной базавай велічыні).

Збіраецеся ажаніцца пасля Новага года? Рыхтуйце 210 тысяч рублёў. Хочаце скласці шлюбны дагавор — прыплюсуйце яшчэ амаль 1,7 мільёна (калі паспець у гэтым годзе, абыдзецца на 200 тысяч танней).

За нецвярозасць — 21 мільён

За безбілетны праезд у грамадскім гарадскім транспарце ў 2016-м папросяць на 15 тысяч больш — 105 тысяч. Калі ж вас без квітка зловяць на прыгарадным маршруце, давядзецца заплаціць 147 тысяч.

Павялічаныя штрафы чакаюць парушальнікаў ПДР. За перавышэнне хуткасці на 20-30 кіламетраў у гадзіну будуць спаганяць 420 тысяч, на 30-40 кіламетраў у гадзіну — 840 тысяч. Тыя, хто ездзіць у нецвярозым стане, са студзеня мусяць аддаць ад 10,5 да 21 мільёна. Забыліся пераабуць аўто ў зімовую гуму — заплаціце да мільёна рублёў. Столькі ж будзе каштаваць непрышпілены рамень бяспекі.

Сяргей КУРКАЧ. kurkасh@zvіаzdа.bу

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ. lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.