Вы тут

«Даём мужчынам ніткі, спіцы і садзім іх вязаць»


Доўгачаканыя падарункі, рознакаляровыя агеньчыкі, Дзед Мароз і з густам прыбраная ёлка... Гэта, напэўна, асноўныя асацыяцыі, што прыходзяць у галаву, калі прыгадваеш перад навагоднім тыднем. Але яшчэ ёсць душэўная цеплыня, без якой не можа абысціся ніводнае зімовае свята. Вядомая тэлевядучая Ганна Бонд разам з хлопцамі з каманды па амерыканскім футболе «Ліцвіны» паспрабавала цеплыню матэрыялізаваць — і распачала майстар-класам па вязанні цёплых шкарпэтак, шалікаў дабрачынную акцыю для дзетак з сацыяльна-педагагічнага цэнтра Мінскага раёна, часовага месца іх пражывання.

23-50-1

На днях наведвальнікі сталічнага гандлёвага цэнтра Аll маглі ўбачыць незвычайную карціну. Сямёра хлопцаў-асілкаў у кампаніі з дзеткамі сядзелі ў крэслах і нешта старанна варушылі ў руках. Раз-пораз да іх падыходзіла дзяўчына і ўносіла некаторыя праўкі. Здалёк можна было падумаць усё што заўгодна, але, як аказалася, спартсменаў вучылі... вязаць шарсцяныя шалікі і шкарпэткі. Выглядала гэта кранальна, часам пацешна. Асабліва тое, як хлопцы спрабавалі адрозніць паміж сабой петлі.

— Як толькі пачулі аб акцыі, адразу вырашылі паўдзельнічаць, — кажа Глеб Савіцкі, удзельнік каманды. — Нехта з хлопцаў нават бабулю далучыў, папрасіў звязаць пару шкарпэтак і шалік. Я вязаць не ўмею, а таму зайшоў па дарозе ў краму і набыў цёплыя рэчы.

Футбалісты больш за гадзіну практыкаваліся ў вязанні і, як адзначыла Настасся Карнацкая, прафесійная вязальшчыца, якая на час акцыі стала настаўніцай для спартсменаў, з задачай справіліся.

— Многія мужчыны вяжуць лепш, чым жанчыны, — лічыць Настасся. — У іх асаблівы склад розуму. У іх усе сістэмы лепш у галаве ўкладваюцца. Адзіная праблема ў тым, што спартсмены — моцныя хлопцы з дужымі рукамі. І ім крыху складана было ў руках трымаць спіцы. Акрамя таго, яны даволі актыўныя, хацелі ўсё хутчэй зрабіць. А вязанне на пачатковым этапе патрабуе цярпення, руплівай працы. Але калі навучышся, будзе прасцей. Спадзяюся, яны засталіся задаволеныя.

Гіперактыўная Ганна Бонд не толькі паспявала добра вязаць, але і заклікала наведвальнікаў гандлёвага цэнтра набываць для дзетак цёплыя рэчы, мацаваць іх на ёлку. Пасля завяршэння майстар-класа да іх далучыліся і «Ліцвіны».

— Для хлопчыкаў і дзяўчынак пастаянна збіраюць розныя прысмакі, цацкі, аднак вы паглядзіце, колькі радасці, карысці могуць прынесці гэтыя рознакаляровыя рукавічкі, цёплыя шкарпэткі! — кажа Ганна. — Тым больш у непагадзь. А Дзядуля Мароз нам толькі што паабяцаў пад ёлкай, што зіма хутка прыйдзе. І я заахвочваю ўсіх, каб прыносілі цёплыя рэчы, шкарпэткі да лядовага пакоя ў гандлёвым цэнтры All.

Што мяне здзівіла, дык гэта тое, як цярпліва спартсмены сядзелі і вязалі. А амерыканскі футбол — гэта ж вельмі тэмпераментны від спорту. Наша сённяшняя настаўніца Наста сказала, што мужчыны самыя цярплівыя і найлепшыя вучні.

Застаецца толькі дадаць, што акцыя па зборы цёплых рэчаў працягнецца да 7 студзеня. Калядную скрыню з падарункамі перададуць хлопчыкам і дзяўчаткам, якія, на жаль, трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю і жывуць без бацькоў. Часу яшчэ хапае. Давайце дапаможам разам!

Тарас ШЧЫРЫ.

taras@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.