Вы тут

«Пяцёрка» па паводзінах


Калі раней добрым паводзінам вучылі бацькі і школа, то цяпер частку гэтых функцый можна смела даверыць электроніцы. У гэтым аглядзе мы раскажам пра пяць самых незвычайных сучасных прыстасаванняў, якія дапамагаюць людзям навучыцца добра сябе паводзіць у грамадстве.

 

Трэнажор усмешкі

Японца немагчыма ўявіць без усмешкі. Як бы ні ставіўся да іншага чалавека японец, як дрэнна сябе ні адчуваў бы, ён усё роўна будзе ўсміхацца на ўвесь рот — такая традыцыя. Пры гэтым падобным паводзінам жыхароў Краіны ўзыходзячага сонца вучаць з ранняга дзяцінства.

З развіццём тэхналогій, як высветлілася, стала магчымым навучаць дзяцей правільна ўсміхацца пры дапамозе спецыяльных прылад, такіх як трэнажор Electro Smіle. Гэты гаджэт неабходна правільна замацаваць на галаву дзіцяці, а потым актываваць. Прынцып дзеяння Electro Smіle заснаваны на стымуляцыі лёгкімі разрадамі электрычнага току асаблівых мімічных мышцаў на твары дзіцяці. Сам малы пры гэтым не будзе адчуваць ніякага сур’ёзнага дыскамфорту — сіла току пры гэтым мінімальная. Але з часам яго твар навучыцца ўсміхацца лёгка і правільна, так, што ўсе вакол будуць верыць у шчырасць гэтай натрэніраванай усмешкі.

Бранзалет супраць лаянкі

Культура размовы — гэта не менш важны элемент поспеху ў грамадстве, чым культура паводзін і ўменне ўсміхацца нават самым непрыемным людзям. Аднак, здавалася б, нават самыя прыстойныя людзі самага высокага сацыяльнага статусу часта ўжываюць у гаворцы нецэнзурныя словы і нічога не могуць з сабой зрабіць пры гэтым.

У такім выпадку ім дапаможа матывацыйны бранзалет, які быў распрацаваны томскімі студэнтамі. Гэты незвычайны аксесуар створаны менавіта для таго, каб адвучыць чалавека мацюкацца і выкарыстоўваць словы-паразіты. І тут усё заснавана на маленькіх электрычных імпульсах з «выхавальным» эфектам. Бранзалет павінен быць злучаны на рэгулярнай аснове са смартфонам чалавека, які носіць яго на руцэ. У самім жа тэлефоне павінна быць ўстаноўлена спецыяльная праграма, якая будзе аналізаваць гаворку карыстальніка і вышукваць у ёй забароненыя словы згодна з загадзя зацверджаным спісам. Як толькі чалавек мацюкнецца або выкарыстае слова-паразіт, бранзалет дасць разрад току. Вядома, сіла гэтага ўдару будзе зусім не вялікая, але дастатковая для таго, каб надалей аб’ект сачыў за сваёй мовай.

Студэнта на кантроль

Студэнты далёка не заўсёды ўсведамляюць важнасць вучобы і здаровага ладу жыцця для сваёй будучыні. А таму замест лекцыйных аўдыторый і бібліятэк яны праводзяць большую частку часу ў барах і начных клубах, марнуюць час не на заняткі, а на забавы.

Вывучыць узаемасувязь здаровага сну, фізічнай актыўнасці, забаў, вучобы і паспяховасці вырашыла група энтузіястаў з Дартмуцкага каледжа, аднаго з самых уплывовых ВНУ ЗША. Распрацаваўшы спецыяльны дадатак для смартфонаў пад кіраваннем мабільнай аперацыйнай сістэмы Androіd, яны на працягу некалькіх тыдняў збіралі звесткі аб жыцці студэнтаў у сваёй навучальнай установе. Пры дапамозе ўбудаваных у тэлефоны інтэрфейсаў кантролю, напрыклад, акселераметра, модуля GPS, сістэм лагавання апарата і г.д., даследчыкі змаглі стварыць аб’ёмную карціну жыцця сваіх паддоследных, даведацца пра іх лад жыцця, расклад дня, колькасць часу, выдаткаванага на вучобу і на забавы. Затым навукоўцы правялі карэляцыю паміж атрыманымі звесткамі і акадэмічнай паспяховасцю студэнтаў.

У выніку было створана мабільнае прыстасаванне StudentLіfe, якое будзе вывучаць жыццё ўладальніка тэлефона, а таксама спрабаваць паўплываць на яе ў пазітыўны бок — прымусіць навучэнца больш адводзіць часу вучобе, сну і фізічным нагрузкам, і менш — забавам. Пры гэтым праграма будзе дзейнічаць як пры дапамозе парад, так і сілавым метадам, напрыклад, блакуючы некаторыя праграмы на смартфоне, у тым ліку магчымасць тэлефанаваць і прымаць выклікі.

Правільная матывацыя

Лянота і нежаданне што-небудзь рабіць — гэта таксама дрэнныя паводзіны, якія шкодзяць як самому гультаяватаму чалавеку, так і людзям, якія яго атачаюць. Але бескарысна змагацца з гэтай праблемай, калі ў вас няма правільнай матывацыі, якую немагчыма будзе праігнараваць. Менавіта яе і дае лянівым людзям «разумны» бранзалет з назвай Pavlok.

Pavlok — гэта бранзалет, які навучыць вас кожны дзень здзяйсняць маленькія жыццёвыя подзвігі, рабіць зусім неймаверныя раней рэчы (напрыклад, прачынацца а шостай раніцы, бегаць па пяць кіламетраў, займацца спортам, творчасцю, адмаўляцца ад шкодных звычак, у тым ліку ад алкаголю і курэння). Здавалася б, Pavlok — гэта ўсяго толькі яшчэ адзін фітнес-трэкер. Так яно і ёсць, калі не браць пад увагу той факт, што гэты «разумны» бранзалет строга карае карыстальніка за нявыкананыя планы на дзень. Так, і тут электраток! Варта толькі чалавеку не прачнуцца па сігнале будзільніка, праігнараваць ранішнюю прабежку або закурыць цыгарэту, як Pavlok ударыць яго токам. Як і ў выпадку з бранзалетам супраць лаянкі ад томскіх студэнтаў, гэты гаджэт дае адносна слабы электрычны разрад, але ён усё роўна непрыемны чалавеку, асабліва калі такое ўздзеянне практыкуецца рэгулярна. Хочаш не хочаш, а пачынаеш слухацца гэтую прыладу: змяняеш жыццё да лепшага, пазбаўляешся ад ляноты.

Запальнічка ад… курэння

Нягледзячы на сусветную тэндэнцыю па забароне курэння ў грамадскіх месцах, якая актыўна распаўсюджваецца ў апошнія гады і з кожным днём становіцца ўсё больш жорсткай, на планеце пакуль існуюць сотні мільёнаў актыўных курцоў, якія штодня выкурваюць пачак цыгарэт, а то і два, і якія атручваюць прастору вакол сябе з’едлівым, небяспечным дымам.

Справіцца з курэннем можна толькі тады, калі сам курэц па-сапраўднаму захоча пазбавіцца ад гэтай звычкі. Прылада Quіtbіt можа быць запраграмаваная пры дапамозе прыстасавання ў смартфоне на колькасць спрацоўванняў у дзень або прамежкі паміж спрацоўваннямі. Гэта дазволіць заўзятым курцам кантраляваць колькасць выкураных цыгарэт, бо многія людзі з гэтай шкоднай звычкай звычайна нават не задумваюцца, калі цягнуцца па новую порцыю нікаціну. А з запальнічкай, якая можа і не спрацаваць, кантраляваць сябе становіцца лягчэй.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by


Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.