Вы тут

2200 новых рабочых месцаў створаць на Гродзеншчыне


Нягледзячы на няпростую сітуацыю ў эканоміцы і недабор запланаваных паступленняў у бюджэт, у вобласці выканалі першачарговыя задачы ў сацыяльнай сферы і ні на дзень не сарвалі выплату заробкаў бюджэтнікам. Пра гэта паведаміў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ.


Задача на наступны год — стварыць на Гродзеншчыне 2200 новых рабочых месцаў. Прычым гэтую лічбу вызначылі не прыблізна, а дакладна пралічылі з улікам уводу ў эксплуатацыю новых аб'ектаў у розных сферах. Па шэрагу з іх зачын ужо зроблены. У прыватнасці, у Лідзе, дзе літоўская кампанія АRVІ ўзводзіць комплекс па вытворчасці мяса індычкі. У сярэдзіне 2016-га плануецца атрымаць першую прадукцыю, якая будзе прадавацца не толькі ў Беларусі, але і на замежных рынках. Зразумела, ствараючы новыя рабочыя месцы і папаўняючы бюджэт падаткамі.

Акрамя таго, Уладзімір Краўцоў лічыць вельмі важнай лагістычную прывабнасць Гродзеншчыны. Кожныя суткі праз тэрыторыю вобласці праходзяць больш за 10 тысяч адзінак транспарту, і гэтымі транспартнымі калідорамі трэба ўмела карыстацца — з выгадай і для аўтамабільных перавозчыкаў, і для рэгіёна. З гэтай мэтай будуецца буйны транспартна-лагістычны цэнтр у пункце пропуску «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. Такія цэнтры з'явяцца таксама ў пунктах пропуску «Бераставіца» і «Каменны Лог». Гэта паспрыяе росту лагістычных паслуг і, разам з тым, працаўладкаванню нашых спецыялістаў.

Што ж тычыцца доўгачаканай рэканструкцыі аўтатрасы М6 Мінск — Гродна (на гэтыя мэты Сусветны банк выдзеліў крэдыт у памеры 250 мільёнаў долараў і, акрамя таго, плануецца ўдзел кітайскага капіталу), то цяпер у завяршальнай стадыі выбар падрадчыка, а ў красавіку 2016-га плануецца распачаць дарожнабудаўнічыя работы. На ўсім працягу гэта будзе траса першай катэгорыі з дзвюма палосамі руху ў кожным кірунку.

Уладзімір Краўцоў паведаміў, што ў наступным годзе ставіцца задача дыверсіфікаваць знешнеэканамічную дзейнасць. Пры ўсім значэнні для нас традыцыйнага рынку Расіі сёлетнія рэаліі паказалі, што неабходна больш актыўна працаваць не толькі там, але і на іншых замежных рынках — Еўропы, Азіі, Паўднёвай Амерыкі. Шэраг крокаў у гэтым кірунку сёлета зрабілі. У прыватнасці заключылі тры пагадненні з рэгіёнамі Казахстана, і ўжо ёсць канкрэтныя праекты. Напрыклад, ААТ «Лідсельмаш» плануе пастаўляць камбайны ў Джамбыльскую вобласць з перспектывай стварэння там сумеснай зборачнай вытворчасці. Шклозавод «Нёман» упершыню выйшаў са сваёй прадукцыяй на кітайскі рынак. Кітайцы зацікавіліся і дзіцячым харчаваннем, якое вырабляе «Беллакт» — прадпрыемства ўжо прайшло адпаведную сертыфікацыю і пасля вырашэння з дапамогай беларускіх дыпламатаў некаторых арганізацыйных пытанняў распачне пастаўкі прадукцыі ў Кітай. Ёсць таксама добрыя напрацоўкі па экспарце тавару вытворцаў Гродзеншчыны ў Пакістан і іншыя краіны.

Паколькі не хапае бюджэтных інвестыцый у будаўніцтва, на парадак дня выходзіць і пытанне экспарту будаўнічых паслуг. Пэўны вопыт тут ужо ёсць: прадпрыемствы «Гроднапрамбуд» і «Гроднажылбуд» задзейнічаюць свой патэнцыял у тым ліку і за межамі нашай краіны, маюць там падрады на наступны год.

Яшчэ адной прыярытэтнай задачай на будучы год Уладзімір Краўцоў лічыць паляпшэнне турыстычнай прывабнасці беларускай часткі Аўгустоўскага канала. Шэраг пераўтварэнняў чакаецца ўжо да пачатку чарговага турыстычнага сезона. Па абодва бакі мяжы ёсць зацікаўленасць у тым, каб надаць новы статус пагранічнаму пункту пропуску «Лясная-Рудаўка». Калі раней ён быў толькі водным, то неўзабаве павінен паслужыць і пешаходам, веласіпедыстам. Яшчэ адным важным крокам у інтарэсах турыстаў і памежных рэгіёнаў магло б стаць стварэнне на Аўгустоўскім канале зоны для бязвізавага ўезду — накшталт той, што дзейнічае ў Белавежскай пушчы.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.