Вы тут

Абласныя галоўныя ёлкі прайшлі ўчора ў Беларусі


Гэтыя святы цудаў з’яўляюцца аднымі з галоўных падзей рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ў рэгіёнах. На ёлкі былі запрошаныя хлопчыкі і дзяўчаткі са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, сіроты, інваліды, а таксама пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, актывісты грамадскіх дзіцячых арганізацый.

«Навагодні вернісаж» у Барысаве

Дабрачыннае свята «Навагодні вернісаж» прайшло ў Барысаве з удзелам старшыні Мінаблвыканкама Сямёна ШАПІРЫ. Усяго на яго з’ехалася 900 чалавек ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў з усіх куткоў Міншчыны. Сямён Барысавіч павіншаваў удзельнікаў з Новым годам і Калядамі, а таксама ўручыў ім падарункі.

У гэты дзень на вуліцах Барысава дзеці маглі знайсці шмат забаў. Для іх працавалі гульнявыя пляцоўкі, Дзед Мароз са Снягуркай ды казачнымі персанажамі ладзілі розныя конкурсы, спаборніцтвы. А ў Палацы культуры імя М. Горкага адбыўся тэатралізаваны паказ па матывах казкі «Шчаўкунок». Упершыню ў межах мерапрыемства па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі аблвыканкама прайшло ўрачыстае ўшанаванне найлепшых навучэнцаў рэгіёна: 25 хлопчыкаў і дзяўчатак удастоены звання «Вучань года Мінскай вобласці—2015».

Ліхтарыкі дабра ў Гомелі

Вынікі акцыі «Дзеці — дзецям» падвялі на галоўнай навагодняй ёлцы Гомельшчыны.

26 вялізных пакункаў, якія прывезлі ў абласны цэнтр дэлегацыі кожнага з раёнаў, хутка будуць перададзены тым юным жыхарам вобласці, якія маюць у іх самую вялікую патрэбу: выхаванцам дзіцячых дамоў і маленькім хворым у лячэбных установах.

У кожнай падарачнай скрыні — кнігі, пазлы, канцылярскія тавары, гульні, мяккія цацкі, канструктары… Школьнікі збіралі гэтыя разнастайныя прадметы з упэўненасцю, што яны абавязкова спатрэбяцца. Дарэчы, як і добрыя справы, справаздачу якім ладзілі падчас абласной ёлкі. Дзеці, якія сталі ўдзельнікамі навагодняга спектакля, запальвалі «ліхтарыкі дабра» і адначасова расказвалі пра станоўчыя ўчынкі, якія атрымалася здзейсніць сёлета. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік падзякаваў дзецям за тое, што сваімі поспехамі — калектыўнымі і асабістымі — яны праслаўляюць вобласць:

— Прыемна, што па якасці адукацыі, па колькасці заваяваных нашымі дзецьмі дыпломаў Гомельская вобласць лічыцца адной з найлепшых у краіне. Дзеці — самае дарагое, што ў нас сёння ёсць. Гэта наша будучыня. Таму хочацца пажадаць ім здароўя, творчасці, дабрабыту, каб у іх была толькі светлая будучыня. Святло ад вашых добрых спраў, добраахвотніцкай дзейнасці, сацыяльных праектаў зрабіла навагоднія агні яшчэ больш яркімі, а дасягненні ўвайшлі ў гісторыю. Кожны год пакідае за сабой шэраг рэалізаваных праектаў, набытыя сяброўскія сувязі і прыемныя моманты. Няхай і ў наступным годзе перад вамі адкрыюцца новыя магчымасці, скарацца новыя вяршыні.

Дзесяці вучням — пераможцам і лаўрэатам міжнародных, рэспубліканскіх, абласных творчых конкурсаў — з рук губернатара дасталіся каштоўныя падарункі. Ангеліна Пархоменка прыехала на свята з Калінкавіч. Яна — сярод лідараў краіны ў спартыўным арыентаванні. Дзяўчына гаворыць, што спорт ёй у вучобе не перашкаджае — у дзённіку толькі выдатныя адзнакі.

Яраслаў Даніленка займаецца ў Гомельскім абласным эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі. Яго навуковыя работы па геабатаніцы і экалогіі заўважаны і на рэспубліканскім узроўні:

— Прыемна, што нас узнагародзілі, гэта дае матывацыю на новыя дасягненні, на ўдзел у новых праектах і конкурсах.

1400 дзяцей прынялі ўдзел у губернатарскай ёлцы, якая прайшла ў Гомельскім дзяржаўным цырку. Агульным падарункам для ўсіх стала шоу з удзелам экзатычных жывёл, сярод якіх малпа, дзікабраз, вярблюды і нават марскія львы. Ну а Снягурку на арэну пад шчырыя апладысменты дзяцей вывез сапраўдны слон.

Чараўніцтва краіны Оз

Зарад чароўных сіл для новых здзяйсненняў атрымалі найлепшыя школьнікі Прыдзвіння на абласным дабрачынным свяце ў Віцебску. «Зімовыя вакацыі прыносяць нам калядныя і навагоднія святы, пах ялінкі, упрыгожанай гірляндамі і прыгожымі цацкамі, падарункі. Тут сёння сабраліся самыя лепшыя — тыя, хто сваёй працай і вучобай услаўляе сябе і сваю сям’ю, нашу вобласць, Рэспубліку Беларусь», — вітаў гасцей намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ.

Галоўная ёлка рэгіёна сабрала ў канцэртнай зале «Віцебск» каля 1 тыс. школьнікаў з розных куткоў вобласці. «Сёння, каб быць адукаваным чалавекам, недастаткова ўмець толькі чытаць і пісаць. Трэба авалодаць і эканамічнай пісьменнасцю, і экалагічнай, і камп’ютарнай, і прававой. І тут на дапамогу прыходзяць педагогі, чый уклад неацэнны. Дзякуючы вам 104 хлопчыкі і дзяўчынкі нашай вобласці сёлета сталі стыпендыятамі фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Прыемна, што 80 нашых дзяцей сталі пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па розных прадметах», — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама.

Дзеці сталі гледачамі інтэрактыўнага мюзікла «Чараўніцтва Краіны Оз», падрыхтаванага цэнтрам культуры «Віцебск», пагутарылі за святочным сталом і, вядома, атрымалі навагоднія падарункі. Як заўважыла адна з гасцей з Полацка, вучаніца гімназіі №1 Марыя Якімава, якая трапіла на такое мерапрыемства ўпершыню, у любым узросце гэтае свята застаецца самым доўгачаканым, таму што дорыць надзею і веру ў цуд. Педагог Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Віцебска Марына Бараноўская дадала, што вера ў цуды і саміх дзяцей ператварае ў чараўнікоў, здольных здзіўляць, дасягаць неверагодных вяршыняў, даючы прыклад іншым.

Пяро жар-птушкі

Гасцямі дабрачыннага навагодняга свята ў Брэсце сталі 450 дзяцей з усіх раёнаў вобласці.

Навучэнцы Брэсцкага цэнтра маладзёжнай творчасці падрыхтавалі для сваіх аднагодкаў казачны спектакль «Новы год і пяро Жар-птушкі», танцавальна-забаўляльную праграму каля ёлкі. Кожнае дзіця атрымала салодкі падарунак. «У гэтыя святочныя дні мы павінны зрабіць усё магчымае, каб дзеці не адчувалі сябе адзінокімі, абдзеленымі клопатам. Асаблівая ўвага надаецца сіротам і тым, у каго праблемы са здароўем. У Брэсцкай вобласці ў акцыі «Нашы дзеці» возьмуць удзел больш за 30 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак. Мы наведаем іх у сем’ях, установах адукацыі і аховы здароўя. Прадпрыемствы, арганізацыі і бізнесмены рэгіёна таксама актыўна прымаюць удзел у дабрачыннай акцыі», — адзначыў на абласным дабрачынным свяце старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс. Напярэдадні Новага года прынята падводзіць вынікі. Паводле слоў губернатара, 2015-ы для маленькіх жыхароў Брэсцкай вобласці выдаўся паспяховым. Рэгіён займае лідзіруючыя пазіцыі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, рэспубліканскага этапу прадметных алімпіяд; другі год запар утрымлівае другое месца ў топ-100 школ краіны. Таксама Анатоль Ліс паведаміў, што ў 2016 годзе ў рэгіёне будзе рэалізаваны шэраг сацыяльна значных праектаў. Завершыцца будаўніцтва спальнага корпуса дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра «Тонус», інфекцыйнага корпуса абласной бальніцы (дзе ў тым ліку будзе працаваць дзіцячае аддзяленне), дзіцячага сада-школы ў Брэсце. Таксама будуць выдзелены сродкі на ўзвядзенне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, працягнецца рэканструкцыя брэсцкага тэатра лялек.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Надзея ПАЎЛАВА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.