Вы тут

"Хачу гуляць, як Раналду"


Пяцігадовы Саша Барадулін — адзін з самых маленькіх выхаванцаў школы футбольнага клуба «Мінск». Ён яшчэ ходзіць у дзіцячы садок, але ўжо марыць стаць футбалістам, а таму мяч, які хлопчыку вырашыла падарыць на Новы год «Звязда», прыйшоўся яму даспадобы. Разам з Арцёмам Васільевым, нападаючым «Мінска» і адным з самых таленавітых маладых футбалістаў Беларусі, які на час нашай акцыі стаў Дзедам Марозам, Саша хвілін пятнаццаць ганяў мяч па спартзале, біў па варотах і забіваў галы. І не дзіўна! Хлопчык хоча гуляць, як зорны партугалец Крышціяну Раналду, і стаць нападаючым.

— Спартсменаў у нашай сям’і няма, — прызнаецца шматдзетная маці Таццяна. — Старэйшыя браты Паша і Міша гуляюць у футбол у вольны час, а Саша адразу захацеў запісацца ў футбольную секцыю. Ён упрошваў мяне ўсё лета: «Мама, адвядзі мяне на футбол!». У выніку пагадзілася. Ён хоць і быў маленькі (хлопчыкаў 2010 года нараджэння будуць набіраць толькі ў наступным годзе), але Валерый Віктаравіч Котаў, трэнер групы падрыхтоўкі, сказаў, што Саша бегае хутка, як гепард, у яго ёсць здольнасці, якія трэба развіваць.

З 2015 года Саша пад кіраўніцтвам Андрэя Доўнара, былога гульца нашай нацыянальнай зборнай, трэніруецца амаль як прафесіянал — чатыры разы на тыдзень і на трэніроўкі прыходзіць адразу пасля дзіцячага садка.

— Напярэдадні Новага года зычу Сашу здароўя, каб вырас у добрага футбаліста, гуляў у класнай камандзе і не трапіў у дрэнную кампанію, — кажа Дзед Мароз Арцём Васільеў. — У мяне футбольны мяч з’явіўся ў самым маленстве. Ён быў маёй любімай цацкай. Амаль ніколі з ім не расставаўся, нават біў дома вазы, што вельмі засмучала маці, але я ўсё роўна ставіў перад сабой табурэткі і стараўся іх абыграць, як футбалістаў. Мяч павінен быць дома ў любога хлопчыка, які хоча ў будучыні стаць гульцом. Бо футбаліст без яго, як рабочы без рук. Гэта проста немагчыма.

— Як пацяплее, буду з ім у двары летам гуляць, — прызнаўся сціплы Саша. — Сяброў у мяне хапае.

Калі мы ўжо пакідалі спартыўную залу, Аляксандр Томін, прэс-аташэ ФК «Мінск», сказаў, маўляў, хто ведае, можа, мы толькі што зафіксавалі гістарычную падзею і з хлопца сапраўды вырасце годны футбаліст. Што ж, добрая нагода пагутарыць з ім гадоў так праз 15. А пакуль жадаем табе добрага Новага года, Саша, і няхай усе твае мары здзейсняцца. Як гэта, відаць, адбылося ў Крышціяну.

Тарас ШЧЫРЫ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.