Вы тут

Хто працуе ў навагоднюю ноч?


У святочных кінафільмах людзей, якім, у адрозненне ад сяброў, сваякоў, прыходзіцца працаваць у навагоднюю ноч, паказваюць засмучанымі. Маўляў, усім адпачываць, а мне — рабіць. Каб лепш зразумець такіх «шчасліўчыкаў», «Звязда» сабрала тры гісторыі, кожная з якіх па-свойму цікавая і адметная.


Валянцін, намеснік начальніка аддзела Цэнтральнага РУУС г. Мінска:

— У першыя міліцэйскія гады сустракаць Новы год на службе было неяк нязвыкла. Атрымлівалася, што ўсе родныя і сябры адпачываюць, святкуюць, а ты ідзеш на службу. Хоць я добра разумеў: каб усе маглі святкаваць, камусьці трэба для гэтага працаваць. З часам уцягнуўся, і цяпер да гэтага стаўлюся звыкла. За гады службы я толькі некалькі разоў у навагодняе свята быў дома. Аднак менавіта з-за гэтага хатняе святкаванне становіцца і больш каштоўным. Калі ўзгадваю кур’ёзныя навагоднія гісторыі, прыгадваю адзін даўнейшы выпадак, які адбыўся тады, калі яшчэ і мабільных тэлефонаў не было. Калісьці мы дапамагалі ДАІ несці службу на пастах. Гэта якраз здарылася 31 снежня. Да Новага года заставалася ўсяго гадзіна. У той раз мы стаялі на Даўгінаўскім тракце, як раптам да нас падышоў мужчына. Як аказалася, у яго зламалася машына, ён спяшаўся дадому. Аўтамабіль сапраўды не заводзіўся — праблемы з рухавіком. Паглядзелі ў салон, а там падарункі ляжаць. І больш за ўсё мужчына хваляваўся, што дзеткі могуць застацца без гэтых падарункаў. Што рабіць, прыйшлося дапамагчы — падвезці чалавека дадому. За паўгадзіны справіліся, і так атрымалася, што ў 23:45 ён з падарункамі ўжо быў разам са сваякамі. Іншым разам я сустрэў Новы год у кампаніі з сямейным скандалістам. І ў час, калі па тэлебачанні білі куранты, я сядзеў разам з калегам і прымаў заяву. Дарэчы, у кватэры ўсё было па-святочнаму прыбрана, стаяў накрыты стол, але муж прыйшоў нападпітку, пасварыўся з жонкай, а тая выклікала міліцыю.

Новы год я па традыцыі буду сустракаць на службе. У нарад заступлю ў 19:00 і таму родных павіншую з надыходзячым святам крышачку раней. Ну а па-сапраўднаму — у сямейным коле і з келіхам шампанскага — буду сустракаць 2016 год ужо ўдзень 1 студзеня.


Аляксандр, таксіст:

— Да працы ў Новы год трэба проста прызвычаіцца і зразумець, што выхадныя дні, калі ўсе адпачываюць, для таксіста самыя залатыя. І таму я асабліва ніколі не перажываў. Сам такую працу выбраў, і скардзіцца нікому не трэба. Звычайна я як святкаваў? Каля 23 гадзін прыязджаў павіншаваць блізкіх сваякоў, папіць гарбаты, а пасля зноў выязджаў. Пры гэтым навагодняя ноч сапраўды вельмі складаная для працы. Многія проста не паважаюць тых, хто абслугоўвае іх у Новы год. Столькі фальшывых выклікаў, колькі я атрымліваю ў гэтае свята, я не прымаю ніколі. Нехта перадумаў, нехта забыўся, а тым часам ты адмаўляеш іншым, намотваеш кіламетраж, робіш шмат непатрэбных паездак. У той жа час ёсць пасажыры, якія паводзяць сябе карэктна, віншуюць, а напрыканцы нават спачуваюць таксісту, што працуе ў Новы год. А нехта наогул кажа: «Кідай машыну, хадзем з намі!». Самы позні заказ у старым годзе я атрымліваў у 23:57, а самы ранні ў новым — у 0:02. Мне цяжка ўявіць, што можна за хвіліну да бою курантаў, калі гэта не экстранны выпадак, прымусіць чалавека тэлефанаваць у таксі. У сваім жыцці я пабачыў многае. «Уключаць у сабе псіхолага» прыходзіцца пастаянна, адну адчайную дзяўчыну давялося нават за каўнер сцягваць з парэнчаў моста, але з каверзнымі сітуацыямі ў Новы год, дзякуй Богу, не сутыкаўся. Хоць Дзеда Мароза і Снягурку падвожу ў гэтыя святочныя дні пастаянна. Ну а калі іх вазіць? Не ў лютым жа!


Павел, дыджэй:

— Працаваць дыджэем у Новы год не так складана. Я б сказаў, што проста больш адказнасці. У навагоднюю ноч людзі чакаюць нейкага цуду, чараўніцтва, і трэба мець сур’ёзны падыход да працы, зрабіць свята для людзей больш эмацыйным, каб яно запомнілася. Ці сумна ад таго, што Новы год не сустракаю дома? Сама атмасфера не дае сумаваць! Але ў любым выпадку мне прыходзіцца свята спачатку сустракаць разам з роднымі і сябрамі, а пасля ўжо ехаць выступаць на вечарынку. У большасці выпадкаў сябры едуць са мной, «адрываюцца» напоўніцу. Пасля свайго выступу я далучаюся да іх.

Я выконваю бэйс, дабстэп, грайм, разам з сябрамі з руху «Басота» развіваю андэграўндыя напрамкі электроннай музыкі. І слухачы неаднойчы падыходзілі і прасілі «памяняць пласцінку». Прапаноўвалі грошы, каб паставілі іншую музыку, але я падобным ніколі не займаюся. А ўвогуле дыджэй у Новы год — заўжды паважаная асоба. І калі людзі прыходзяць у клуб не проста выпіць, а яшчэ і паслухаць артыста, яны паводзяць сябе адэкватна, уважліва слухаюць музыку і танцуюць, нешта выносяць для сябе і весяляцца. У кожнага па-рознаму.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.