Вы тут

Нашы кнігі - у вашу хату


Новы год — час дзівосаў і падарункаў, пранізліва шчырых, нечаканых, відавочна смешных, прыемна зручных, карысных… Да святочна-сюрпрызнага марафону вырашыла далучыцца і «Звязда». Нашы карэспандэнты днямі завіталі ў госці да цудоўных жанчын, прафесія якіх — выхоўваць дзяцей. Зразумела, прыйшлі не з пустымі рукамі: з беларускамоўнымі дзіцячымі кнігамі і часопісамі Выдавецкага дома «Звязда» (нагадаем, што сёлета ён стаў адным з сузаснавальнікаў рэспубліканскай акцыі «Сямейнае чытанне»).

Такіх людзей, як мама Ніна Домніч і яе дарослая дачка Вольга Лазаковіч, якія выхоўваюць у дамах сямейнага тыпу 18 непаўналетніх дзетак на дваіх, яшчэ трэба пашукаць! Зразумела, жывуць дзве сям’і асобна, аднак адлегласць паміж дамамі невялікая — праз дарогу. Таму ўся дзятва сябруе паміж сабой; часта сустракаюцца, дапамагаюць адно аднаму. Вольга — яшчэ і хросная мама Тані, адной з дачок Ніны. Увогуле, усе стасункі, што звязваюць паміж сабой абедзве сям’і, пералічыць цяжка.

«Нам — з рыссю, вам — з птушкамі»

У падарунак рознаўзроставай дзятве, якая сабралася ў доме Вольгі Паўлаўны, мы прынеслі ні многа ні мала дзве торбы кніжак. Ледзьве дасталі іх з пакетаў, як малеча адразу расцягнула кнігі, часопісы і календары, так што ўрачыстага ўручэння, як планавалася, не атрымалася. Сяргей адразу стаў шукаць малюнкі ў кнізе з казкамі. Света вадзіла пальчыкам па старонцы і старанна чытала па складах. Больш дарослыя хлопцы сціпла падзякавалі і пачалі акуратненька гартаць кнігі, ацэньваючы іх змест… Каляндарыкі з выявамі звяроў і смешнымі малпачкамі ад часопіса «Вожык» малыя вырашылі скарыстоўваць як закладкі для кніг… (Назіраючы такі ажыятаж, мы міжволі парадаваліся, што некаторыя з дзяцей былі на адпачынку.)

Каб даць магчымасць убачыць падарункі і матулям, прыйшлося прыдумаць дзецям «працу» — надзімаць паветраныя шарыкі з лагатыпам «Звязды». З імі малыя ў хуткім часе і пайшлі ў школу, бо завіталі мы ў госці з самага ранку. Дома засталіся толькі Таня і Света — дочкі Ніны, якія пачалі дзяліць падарункі. Хоць і сябруем і жывём побач, але кнігі ўсё ж падзелім, вырашылі дзяўчынкі.

— Вось гэтая кніга хай будзе дзеткам Вольгі — яна для маленькіх: гэтыя вершыкі — таксама ім, а гэта — нам, — раскладае Танечка падарункі на два бакі.

— Вой, а часопісы ўсе розныя, як іх падзяліць? — засмучаецца Святлана, трымаючы ў руках «Родную прыроду».

— Мы іх усе забяром сабе, — вырашае Таня.

— Ну, не! — уступае ў размову мама Вольга. — Нам вось гэты, з рыссю, і гэты, а вам — з птушкамі.

«11 дзяцей — малавата»

Калі падарунак прыйшоўся дарэчы, гэта відаць адразу. Слухаючы развагі малых, мы ўпэўніліся, што кнігі трапілі да цікаўных дзяцей і будуць карысныя.

— У нас кнігі будуць чытацца, — пацвердзіла нашы спадзяванні Ніна ДОМНІЧ. — У нас існуе традыцыя — перад сном у дзяцей ёсць свой уласны час, калі яны могуць пагаварыць або пачытаць, і большасць з іх менавіта чытае. Бывае, што і спаць укласці цяжка. Кажуць: «Дай дачытаць, цікава ж!». Мне гэта вельмі падабаецца. Любоў да чытання сведчыць пра адпаведнае выхаванне. Упэўнена, што калі дзецям не прывіць цікавасць да кнігі з дзяцінства, то і пасталеўшы яны чытаць не будуць.

Сама Ніна Эдуардаўна, дзяцінства якой, дарэчы, прайшло ў Казахстане, у свой час вывучала беларускую мову па часопісах «Вожык», «Работніца і сялянка», якія выпісвалі бацькі.

Ніна ўвогуле незвычайная жанчына, імпэту і моцы ў яе хапае літаральна на ўсё. Дзвюх малодшых дочак — Таню і Свету — яна нарадзіла ў 40 і 44 гады, дзвюх дзяўчынак удачарыла. У 46 гадоў (2010-ты) пераехала з Бабруйска, дзе доўгі час была мамай прыёмнай сям’і, у сталіцу, каб стаць на чале дзіцячага дому сямейнага тыпу. Пры гэтым яна яшчэ паспявае старшынстваваць у грамадскім аб’яднанні замяшчальных сем’яў.

— Я хачу выхоўваць шмат дзяцей, і тых 11, якія ў мяне ёсць цяпер, мне нават і малавата. Мама — гэта ў мяне не прафесія, а форма існавання.Па-іншаму не змагла б. Магчыма, я кампенсую гэтым тое, чаго маленькай не атрымала ў сям’і. Мая мама памерла, калі мне было 16, — успамінае Ніна. — У Казахстане вельмі марозныя зімы, а я, сямігадовая, прыходзіла дахаты і «адхуквала» настылы замок ці запалкамі яго грэла, каб адчыніць дзверы. І плакала. Дала сабе слова, што калі ў мяне з’явяцца дзеці, працаваць дзесьці яшчэ не буду. Так і адбылося. Я шыла, пякла, чаго толькі не рабіла, але заўсёды была дома, калі малыя вярталіся са школы.

Чытанне за цукеркі?

Слухаючы развагі маці пра кнігі, Вольга дадае:

— Наш другакласнік Данік сапраўды любіць чытаць, прычым кнігі на дарослую тэматыку. А вось 6-гадовы Сяргей трошкі шантажыст. У яго алергія на салодкае, таму ласункі выпадаюць нячаста. Дык ён, была справа, прызвычаіўся есці за ўзнагароду… цукеркай. Кнігі, баюся, таксама будзе за ласункі чытаць (усміхаецца). Затое, як ён лічыць «на цукерках» умее — ні на чым іншым так не атрымліваецца! (Смяяліся ўсе.)

— Яны ўсе ў нас будуць чытаць, мы вам абяцаем, — далучаецца да размовы муж Вольгі Максім. Верым яго ўпэўненым словам, таму што часцей за ўсё менавіта довады таты малеча ўспрымае як кіраўніцтва да дзеянняў.

Вольга Лазаковіч кажа, што першы час, сышоўшы ад маці, вельмі сумавала, часта наведвала яе, дапамагала даглядаць малодшых. Маючы поўнае ўяўленне аб акалічнасцях жыцця ў вялікай сям’і, прапусціўшы праз сябе ўсе яго радасці і цяжкасці, яна вырашыла працягнуць справу матулі. Пачаўшы працаваць у ліпені 2011-га, да лістапада Вольга ўжо выхоўвала семярых дзетак — зараз іх зноў сем, разам з Міронам, які нарадзіўся некалькі месяцаў таму (адна з дзяўчатак ужо жыве самастойна).

— Мне падабаецца быць з дзецьмі, падабаецца даглядаць іх, аднак, каб адчуваць сябе камфортна, без надрыву, мне дастаткова васьмярых дзяцей — больш было б цяжка, — прызнаецца яна. — Разам з тым калі нехта адзін з’язджае на адпачынак, мне ўжо здаецца, што нас замала.

…За душэўнымі размовамі праляцела некалькі прыемных гадзін, на працягу якіх мы пачулі шмат смешных і цікавых гісторый з сямейнага жыцця і нават даведаліся (па сакрэце), куды дзятва хавае лісты для Дзеда Мароза. Усе свае жаданні яна адпраўляюць у… маразільнік. Ну дзе ж яшчэ казачны персанаж будзе іх шукаць.

Развітваліся мы цёпла і па-сяброўску, адчуваючы, што ў гэтыя перадсвяточныя дні зрабілі невялічкую, але вельмі важную справу — знайшлі цікаўных гаспадароў для цудоўных кніг.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».