Вы тут

Загадаць жаданне і пасядзець у Божым крэсле


можна ў Крупскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

— На тэрыторыі музея мы пасадзілі бярозку. Менавіта бярозка — сімвал чысціні, спагады, добрых намераў. Гэта своеасаблівы абярэг. Яе галінкі, нібы шаўковыя дзявочыя косы, атульваюць чалавека пяшчотай, — распавяла дырэктар Тамара БАЛЬБОТ. — Да нас прыязджалі маладажоны пасля заключэння шлюбу разам са сваімі гасцямі, каб па народных абрадах адсвяткаваць вяселле. Пасля заканчэння цырымоніі мы ім прапаноўвалі дастаць са старадаўняга глінянага гаршка стужку і пры гэтым загадаць жаданне. У ёмістасці стужкі чатырох колераў: белы сімвалізуе паветра, чырвоны — агонь, блакітны — ваду, зялёны — зямлю. Не чорны, а менавіта зялёны, што азначае ўрадлівасць, багацце, рост. Потым з'явілася ідэя вешаць стужкі на бярозку і прасіць, каб мара спраўдзілася. Дрэва расце, а разам з гэтым становяцца мацнейшымі жаданні. Пасля традыцыя распаўсюдзілася на ўсіх наведвальнікаў, прыжылася. І ўжо людзі спецыяльна пачалі прыходзіць у музей, каб прыхіліцца да стромкай беластвольнай прыгажуні, абвязаць яе галінкі стужкай.


Сядзіба Свяцкіх у Крупках

Камень-валун «Божае крэсла» здаўна стаяў на ўскрайку вёскі Сомры, якая адна з першых была спалена фашыстамі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Яна так і не адрадзілася. Першы дырэктар музея Таццяна Якаўлеўна Белая вырашыла перавезці культавы валун на тэрыторыю ўстановы. У гэтага каменя вельмі цікавая гісторыя.

Раней нашы продкі былі язычнікамі. Не ўсе з іх прынялі хрысціянства, якое распаўсюджвалася ў першым стагоддзі нашай эры на землях Еўропы. Як сведчыць паданне, у вёсцы Сомры хрысціяне вырашылі паставіць капліцу побач з валуном на перакрыжаванні дарог. Гэта не спадабалася язычнікам. На світанні яны з факеламі, сякерамі, віламі пайшлі да святыні, каб знішчыць яе. Але раптам на небе з'явілася воблака, на якім сядзеў мужчына ў белым убранні. Ваяўніча настроеныя людзі спалохаліся, разгубіліся. Незнаёмец сышоў на зямлю і прыхіліўся да валуна. Ён пацікавіўся ў язычнікаў, за што яны хочуць пакараць сваіх супляменнікаў: можа, яны лайдакі, не выхоўваюць сваіх дзяцей, не любяць сваіх жонак, не паважаюць старэйшых. «Яны вераць у аднаго Бога! За гэта іх трэба забіваць!» — быў адказ. «Верце ў сваіх багоў, а яны няхай вераць у свайго Бога, нічога заганнага ў гэтым няма», — спрабаваў спыніць натоўп чалавек. Але не ўсе яго паслухалі. І тады ён непаслухмяных пераўтварыў у россып камянёў. Воблака зноў апусцілася на зямлю, і прышэлец знік. А людзі ўбачылі, што на валуне, які быў круглы, з'явілася паглыбленне. Да яго пачалі прыходзіць і малы, і стары, пакланяцца яму, прасіць здароўя для сябе, сваіх блізкіх і здзяйснення самых патаемных мар і жаданняў.

Калі волата перавезлі, то высветлілася, што ён не суцэльны, а зросся з некалькіх камянёў. Дзіўна: калі глядзіш на яго зверху, то бачыш выяву, якая нагадвае твар Божай маці. Падыходзіш з другога боку — малюнак мяняецца: Багародзіца з малым дзіцем на руках.

— Аднойчы ў нас быў наведвальнік з Мінска, сфатаграфаў каля гэтага каменя сваю дачушку. Потым прыехаў у наступны раз і кажа, маўляў, у вас незвычайны камень: на здымку вакол яго праявілася свячэнне, — працягвае Тамара Уладзіміраўна. — З вёскай Сомры звязаны яшчэ адзін незвычайны факт, які пісьмова засведчылі для нашага музея двое мужчын. Пасля выпускнога вечара ў школе хлопцы заседзеліся да позняга на прызбе каля хаты. І раптам з заходняга боку вёскі пачаўся брэх сабак. Як хваля, ён пракаціўся ў другі канец сяла. Стала страшна, жудасна. Падлеткі заўважылі, што над пшанічным полем узвышаецца велізарны цёмны сілуэт. Ён набліжаўся, нагадваў фігуру жанчыны ў чорным адзенні.

«Мы чулі нейкія гукі, бразганне зброі, плач, стогны. Ад страху схаваліся пад мост і там прасядзелі, пакуль усё сцішылася. Прыйшлі дадому і ляглі спаць, а калі прачнуліся, то даведаліся, што на світанні пачалася вайна», — напісалі яны.

Да «Божага крэсла» больш падыходзяць сталыя людзі, а вось дзецям даспадобы «Цар-жаба». Сапраўды, наверсе яго выразна відаць абрысы жабы, прыплюшчаныя вочы, нібыта грэецца пад пяшчотнымі праменямі сонца.

— У Максіма Багдановіча ёсць цікавая легенда пра цар-жабу, цар-змея. А натхнілі паэта на іх напісанне расповеды бабулі. На Узвіжанне ў лесе звяры збіраюцца на сход. Бласлаўляе іх на зімнюю спячку цар-жаба або цар-змей. І калі чалавек выпадкова аказаўся ў гэты час у лесе, то не павінен парушаць спакой прыроды і яе насельнікаў. Заўважыў, што паўзе шмат змей ці скача шмат жаб, трэба прыпыніцца, скінуць з галавы хусцінку, развязаць пояс або дастаць насоўку і разаслаць перад імі. Прапаўзлі — надзень на сябе і будзеш валодаць вялікімі здольнасцямі. У гэта верылі нашы продкі, бо жабы ніколі не прыносілі людзям шкоду. Іх кідалі ў малако, каб не пракісла, імі лячыліся, яны знішчалі шкоднікаў у агародзе. Дарэчы, плануем у перспектыве перавезці ў двор музея яшчэ адзін валун, на якім высечана вялікая зорка, — дадала Тамара Бальбот. — Праўда, адкуль і калі яна там з'явілася ніхто не ведае.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.