Вы тут

У краіне сабрана 538,5 тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў


— Дзякуючы пазыцы Сусветнага банка завяршаецца будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў Гродне. Потым плануем пабудаваць аналагічнае прадпрыемства ў Віцебску. Завяршаецца праектаванне першай чаргі завода ў Мінску, — адзначыў кіраўнік упраўлення камунальнай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Раман АЛЕЙНІКАЎ.


Таксама ён адзначыў, што пры фінансавай падтрымцы дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» закупаюцца сучасныя смеццявозы з задняй загрузкай, ацынкаваныя і пластмасавыя кантэйнеры, адкрываюцца новыя прыёмныя пункты па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Кіраўнік упраўлення ДМР «Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў» Сяргей ЮРЧА дадаў, што на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы сёлета выдзелены 141 мільярд беларускіх рублёў. У наступным годзе плануецца ўсталяваць каля 1300 кантэйнераў у Мінску і прыблізна 2,5 тысячы ў астатніх рэгіёнах. Як паказвае практыка, большай папулярнасцю ў жыллёва-камунальных службаў карыстаюцца ацынкаваныя кантэйнеры. Зараз у Беларусі ўсталявана каля 84 300 кантэйнераў для раздзельнага збору, з іх 24 тысячы — для шкла, 33 тысячы — для пластыку, 7 тысяч — для змешаных ДМР, 19 700 — для паперы.

Вядзецца вялікая праца па інфармаванні. Напрыклад, зараз рыхтуецца серыя ролікаў, у якіх расказваецца пра шлях адходаў, якія трапілі ў кантэйнер для раздзельнага збору. Выдаюцца тэматычныя брашуры, буклеты, у школах праводзяцца тэматычныя часы.

Што датычыцца Мінска, то, па словах намесніцы генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб'яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Галіны ГІЛЕВІЧ, у сталіцы стараюцца замяняць старыя кантэйнеры на сучасныя, бо яны большыя па аб'ёмах.

Дырэктар прадпрыемства «Беларускі навукова-даследчы цэнтр «Экалогія» Валерый КЛЮЧАНОВІЧ падняў тэму палігонаў для цвёрдых бытавых адходаў. Так, за апошнія шэсць гадоў колькасць міні-палігонаў скарацілася з чатырох тысяч да 2317. Сёння ў Беларусі зарэгістравана 170 палігонаў. Вядзецца праца па іх закрыцці альбо мадэрнізацыі.

Ёсць тэхналогіі па перапрацоўцы тэкстылю і ўпакоўкі тэтра пак. Аднак няма прадпрыемства, якое б узялося за гэтую працу. Па словах Валерыя Ключановіча, з фінансавага пункту гледжання падобныя ініцыятывы не будуць рэнтабельнымі, пакуль няма дастатковых аб'ёмаў такіх адходаў. Больш выгадна вывазіць іх на перапрацоўку ў суседнія краіны.

Кацярына РАДЗЮК. radziuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».