Вы тут

На лёд — з любоўю


Чатырнаццаць матчаў, больш за сто семдзесят закінутых шайбаў і мора балельшчыцкіх эмоцый — Калядны турнір аматараў хакея на прызы Прэзідэнта скончыўся перамогай беларусаў.

Ужо па традыцыі спартыўны год у нашай краіне пачаўся з міжнароднага хакейнага турніру, на працягу некалькіх дзён на малой і вялікай пляцоўках «Чыжоўка-Арэны» не сціхалі спартыўныя баталіі. ХІІ Калядны турнір стаў самым моцным за апошнія гады, упершыню ў фінал не прабілася каманда з Расіі, а лідзіруючае месца ў квартэце В занялі фіны, якія і паспрачаліся за перамогу з нашымі хакеістамі ў вырашальным матчы.


Пра тое, што турнір будзе няпростым па напале барацьбы, стала зразумела з першага дня, бо хакеісты і трэнеры з розных краін у сваіх інтэрв'ю заявілі, што прыехалі не проста ўдзельнічаць, а перамагаць. Так і атрымалася: напружаныя, а часам нервовыя гульні заканчваліся з перавагай усяго ў адну шайбу. Так, на шляху да фіналу для хакеістаў каманды Прэзідэнта краіны самым складаным стаў матч супраць каманды са Славакіі, вырваць перамогу гаспадарам турніру атрымалася толькі ў канцы сустрэчы.

У апошні дзень турніру гледачы пачалі запаўняць «Чыжоўка-Арэну» яшчэ ўдзень, бо ў матчы за трэцяе месца сустрэліся вядомыя ў хакейным свеце дзяржавы — Швецыя і Славакія. Апошнія за гісторыю правядзення Каляднага турніру паспелі праславіцца статусам «вечна чацвёртыя», таму сёлета ў дружыны Юліуса Шуплера была дадатковая матывацыя. Як вынік разгром Трэ Крунур — 17:3. Славакі ўпершыню ў гісторыі правядзення турніру сталі ўладальнікамі бронзавых узнагарод.

Ну а ў фінале беларусы сустрэліся з грознымі фінамі. Пра ўзровень хакея ў краіне Суомі доўга расказваць не трэба. Маладзёжная каманда з гэтай паўночнай дзяржавы напярэдадні стала ўладальніцай залатых узнагарод сусветнага першынства, а нацыянальная зборная пастаянна трапляе ў «прызы» топ-турніраў. Вось і ў галоўным матчы калядных спаборніцтваў з першых хвілін аматары з Фінляндыі зрабілі гучную заяўку на поспех, закінуўшы шайбу ўжо на 5-й хвіліне сустрэчы. Гаспадарам усё ж удалося адыграцца, а пазней паразіць вароты гасцей яшчэ раз, што і прынесла перамогу камандзе з Беларусі. Аўтарам вырашальнай шайбы стаў Даніэль Корса.

— ХІІ Калядны турнір запомніўся мне тым, што з'явіліся вельмі моцныя каманды, якія могуць спакойна гуляць у чэмпіянатах сваіх краін, у чэмпіянаце Беларусі ўжо дакладна. Гэта сведчыць аб тым, што турнір набывае ўсё большую папулярнасць. Ведаю намеры іншых камандаў на наступны год выставіць яшчэ больш магутныя склады, напрыклад, трэнер славакаў Шуплер сказаў, што прывязе зноў моцную дружыну. Збіраюцца добрым складам і расіяне, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка пасля завяршэння фінальнай сустрэчы.

Таксама Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта цяперашні Калядны турнір з'яўляецца адным з самых запамінальных у гісторыі.

— Першы запомніўся, таму што ўсе хваляваліся, як усё пройдзе, ці атрымаюцца спаборніцтвы. А гэты запомніўся тым, што было цяжка нашай камандзе. Шчыра кажучы, не думалі, што пераможам. Было вельмі цяжка і ў фінале з фінамі, і ў групе са славакамі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Асобныя словы трэба сказаць заўзятарам, яны былі з камандай на працягу ўсіх спаборніцкіх дзён, падтрымлівалі не толькі сваіх хакеістаў, але і гасцей, і менавіта ад іх залежала тая цудоўная атмасфера, якая была ў Чыжоўцы. Нават пасля фінальнай сустрэчы, якая скончылася познім вечарам, людзі не спяшаліся разыходзіцца.

— Ведаю, што нават лішні білецік пыталіся на матч. Усе бачылі, як балельшчыкі перажывалі за вынік сустрэчы, ніхто не разыходзіўся да апошняй хвіліны, — распавёў кіраўнік дзяржавы.

Напрыканцы арганізатары назвалі найлепшых гульцоў турніру. Найлепшым варатаром прызнаны фін Томі Сатасаары, абаронцам — Андрэй Глебаў (Беларусь), нападаючым — Міраслаў Шатан (Славакія), найлепшым бамбардзірам ХІІ Каляднага турніру стаў Марэк Урам (Славакія), які закінуў 7 шайбаў і зрабіў 15 галявых перадач.

Ну а пра тое, ці атрымаўся Калядны турнір з пункту гледжання арганізацыі, гавораць каментарыі гасцей з розных краін.

Юліус Шуплер трэнер каманды Славакіі:

— У Беларусі людзі любяць хакей, яны выдатна «хварэюць», таму ўражанні ад удзелу ў Калядным турніры добрыя. Хачу падзякаваць і гледачам і арганізатарам, і жадаю, каб такая атмасфера была ў вас заўсёды.

Тэдзі Салюцкі, гулец каманды Фінляндыі:

— Выдатна, што мы ўдзельнічаем тут. У мінулым годзе ў фінале былі расіяне, вельмі моцная каманда. Цяпер на іх месцы мы, што не можа не радаваць. На арэне выдатная атмасфера, і я спадзяюся, што прыеду сюды і ў наступным годзе.

Магнус Персан, трэнер каманды Швецыі:

— Гэта выдатны турнір, дзякуй вам за тое, што запрасілі нас. Мы рады, што здолелі дайсці да гульняў за медалі, гэта і было нашай мэтай.

Пітэр Кюні, гулец каманды Швейцарыі:

— У дні правядзення Каляднага турніру каманда Швейцарыі атрымлівае асалоду ад знаходжання ў Мінску. Спаборніцтвы вельмі добра арганізаваны, нам вельмі падабаецца гэтая святочная атмасфера. Узровень камандаў у Мінску вельмі высокі, мне прыемна бачыць гульню некаторых хакеістаў, якія ў мінулым дамагаліся самых гучных перамог.

Амар аль-Шамісі, гулец каманды Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў:

— Мы другі раз прымаем удзел у Калядным турніры, і гэтыя спаборніцтвы вельмі важныя для нас, таму што ў нашай краіне хакей з шайбай толькі набірае папулярнасць, яшчэ няма такіх багатых традыцый, як у вас. Вопыт, атрыманы на турніры, спатрэбіцца ў будучыні для развіцця гэтага займальнага віду спорту. У Беларусі хакей карыстаецца папулярнасцю, гэта мы бачым па трыбунах «Чыжоўка-Арэны», якія ў ходзе матчаў запоўненыя, а аматары гульні вельмі актыўна падтрымліваюць каманды.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.