Вы тут

І казка ажывае


Калі на вуліцы гаспадарыць завіруха, а вокны казачнымі ўзорамі распісвае мароз, з'яўляецца адчуванне, што ажыла сапраўдная зімовая казка. Яшчэ лепш зразумець чараўніцтва гэтай незвычайнай пары дапамагае новая кніжка дзіцячай пісьменніцы Наталлі Ігнаценка «Зімовыя прыгоды двух братоў», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда».


Пісьменніца плённа працуе як у Беларусі, так і ў Расіі. Летась яе прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Падчас міжнароднай кніжнай выставы, якая праходзіла ў Мінску, пасведчанне ёй уручыў старшыня СПБ Мікалай Чаргінец. А раней Наталля Ігнаценка атрымала высокую расійскую літаратурную ўзнагароду – медаль імя Канстанціна Сіманава.

Прэзентацыі, што ладзіць пісьменніца, — яшчэ адзін цуд. Яна не проста зачытвае ўрыўкі са сваіх твораў, але яшчэ і суправаджае ўсё невялікімі лялечнымі пастаноўкамі. Наталля Ігнаценка сваімі рукамі стварае мініяцюрны казачны свет — у адмысловых скрынях, якія прыносіць з сабой. А пасля паказвае маленькім гледачам.

Дзеці звычайна слухаюць пісьменніцу вельмі ўважліва. Літаральна ловяць кожнае слова. Дарэчы, іх бацькоў, якія часам прыходзяць на прэзентацыі, такія казачныя пастаноўкі зачароўваюць не менш.

Сама пісьменніца адзначае, што ладзіць адмысловыя прэзентацыі цалкам бескарысліва. «Бо калі не мы будзем займаць нашых дзяцей, прапаноўваць ім нешта цікавае, то яны знойдуць іншыя забавы», — кажа яна.

Наталля адзначае, што на напісанне твораў яе вельмі натхняюць казкі Андэрсена. Іх яна перачытвае пастаянна, і кожны раз яны ўспрымаюцца па-рознаму. Для яе казка — гэта найперш мудрасць, яна абавязкова чаму-небудзь вучыць.

— У кніжцы «Зімовыя прыгоды» я паказала сяброўства двух братоў. Як ні дзіўна, часцей за ўсё лідарства ў сем'ях выхоўваецца з дапамогай братэрскіх стасункаў, калі малодшы імкнецца быць не горшым за старэйшага... У сваёй казцы я навучыла хлопчыкаў паважаць і клапаціцца адзін пра аднаго. Я спецыяльна не давала імёнаў сваім героям — каб любыя браты маглі атаясамліваць сябе з імі.

Пісьменніца адзначае, што таксама верыць у цуды — а яны з ёй пастаянна здараюцца. Можа, таму і атрымліваецца так добра пісаць казкі.

Дарэчы, «Зімовыя прыгоды» выйшлі таксама і ў выдавецтве «Бяловагруп» тыражом ажно 7500 асобнікаў!

На прэзентацыі кнігі, якая адбывалася ў сталічнай гімназіі №1, прысутнічалі таксама родныя Наталлі Ігнаценка. Бадай, не менш захоплена, чым маленькія гімназісты, яны сачылі за казачным чараўніцтвам — тым, што адбывалася ў невялікіх скрынях. А пасля дапамагалі сабраць усе атрыбуты міні-спектакля, упакаваць кніжкі. Атрымаўся сапраўдны сямейны падрад!

У Выдавецкім доме «Звязда» выйшлі і іншыя кнігі гэтай аўтаркі: «Як два браты спартсменамі сталі», «Як два браты этыкет вывучалі», зборнік вершаў «Аквамарын». Вось-вось выйдзе з друку зусім новае выданне пад назвай «Казкі на ноч».

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?