Вы тут

Першая ў Вульцы


Знаёмцеся: Неаніла Якаўлеўна Місюра — стараста вёскі Вулька Першая Лунінецкага раёна, збіральніца і захавальніца сакрэтаў прыроднай аптэкі і проста неабыякавы да жыцця чалавек.


Пра добрыя справы і цікавыя захапленні Неанілы Місюры мне спачатку распавяла дырэктар Вулькаўскага сельскага Дома культуры Вольга Мелюх: «У нас жыве шмат працавітых, душэўных і паважаных людзей, і вясковы стараста — адна з такіх», — удакладніла яна і ўпэўнена падкрэсліла: такога старасту наўрад ці дзе яшчэ знойдзеш. Нават імя ў яе незвычайнае, яно паходзіць ад грэчаскага слова і азначае «маладая», «новая».

Тры гады таму Неанілу Якаўлеўну вылучылі на грамадскую пасаду, і колішняя дэпутат сельскага Савета (была ім два скліканні) і загадчыца вясковага дзіцячага сада пагадзілася: як ні як, а чвэрць стагоддзя, праведзеныя на кіруючай пасадзе, далі вялікі вопыт працы з людзьмі, навучылі разбірацца і разумець псіхалогію зносін паміж жыхарамі. Тым больш Неаніла Якаўлеўна нарадзілася і ўвесь час пражыла ў Вульцы Першай, ёй усё тут знаёма, а аднавяскоўцы для яе — нібы родныя, з імі яна заўсёды і ў горы, і ў радасці.

Час­та Не­ані­ле Якаў­леў­не да­па­ма­гае ўнук —  12-га­до­вы Аляк­сей, ву­чань 6-га кла­са.

Калі трэба было пачаць будоўлю капліцы на могілках замест старой, якая згарэла, стараста ўзяла на сябе ўсе клопаты па збіранні грашовых сродкаў, сама прымала ўдзел у будоўлі. Па яе ініцыятыве вяскоўцы паставілі ў пачатку населенага пункта і на выездзе з яго новыя металічныя крыжы. А яшчэ яна падняла пытанне і дамаглася, каб у вёсцы зрабілі яшчэ адзін прыпынак для аўтобусаў. Вёска Вулька Першая не малая, мае працягласць у тры кіламетры.

А яшчэ у Неанілы Якаўлеўны ёсць мара — яна хоча знесці стары незавершаны будынак (ён стаіць тут з часоў развалу СССР). А таксама пабудаваць невялікую краму ў канцы вёскі.

— Прэзідэнт звяртаў увагу на тое, што павінны быць невялікія пункты гандлю ў крокавай даступнасці да жыхароў, бо пенсіянерам ісці ў магазін за 2 кіламетры не так і проста, — сказала старэйшына, калі мы частаваліся духмянай гарбатай у яе доме. Гаварылі пра вясковае жыццё, набалелыя праблемы. А яшчэ я з задавальненнем слухаў расповед сваёй суразмоўцы пра яе захапленне народнай медыцынай, разглядаючы калекцыю зёлак.

Якіх толькі лекавых раслін Неаніла Місюра не назбірала мінулым летам і пазалетась! У шкляных слоіках з-пад кавы, у папяровых пакеціках і паркалёвых мяшэчках — амаль уся зялёная аптэка нашых лясоў і лугоў. Больш за пяць гадоў вывучае яна таямніцы прыроды і перадае незвычайныя веды сваім суседзям, знаёмым, сваякам.

— Калі мяне звольнілі з пасады, я спачатку пакрыўдзілася: бо якая ж я пенсіянерка?! Не ведала, куды сябе дзець, чым заняцца і ад гэтага адчувала сябе яшчэ горш. Нарэшце вырашыла сама сябе лячыць, перастала купляць у аптэцы таблеткі і пілюлі, дачка падарыла энцыклапедыю «Лекавыя расліны». Так і з'явілася маё хобі, — усміхаецца вулькаўская траўніца.

Яна навучылася складаць калекцыі зёлкавых збораў з ягад, кветак, лісця, карэнняў, кары дрэў і пупышак, рабіць з іх настоі, адвары і напоі, бальзамы для націрання, спіртавыя настойкі — ад прастуды, для нармалізацыі крывянога ціску і паляпшэння работы сардэчна-сасудзістай сістэмы, для прафілактыкі хвароб печані, нырак і страўніка. А яшчэ Неаніла Якаўлеўна вельмі любіць працаваць у агародзе, садзіць новыя дрэвы і кусты — у садзе, на вуліцы, у полі, каб яны не толькі прыносілі карысць, але і радавалі прыгажосцю...

Фота аўтара


Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.