Вы тут

Казачка пра монстра


А давайце, я сёння проста раскажу вам казку? Мы распавядалі яе аднойчы на занятку ў дзіцячай экастудыі ў Гродне.


На адной невялічкай планеце жыў монстр. Так ўсе называлі яго праз тое, што быў ён маўклівым, не любіў хадзіць у госці, узімку падоўгу спаў, а ў цёплую пару займаўся любімай справай — вырошчваў іншапланетныя моркву з буракамі, кавуны (як вядома, белыя), фіялетавыя ў жоўтыя крапінкі гарбузы, серабрыстыя трускалкі, чырвоны агрэст і сінія парэчкі — агароднічаў, адным словам. Глеба на той планеце давала такі ўраджай, што садовыя дрэвы, бывала, пладаносілі і паласатымі шкарпэткамі, і рознакаляровымі талеркамі, і кніжкамі з вялікімі малюнкамі, і нават цёплымі зімовымі шалікамі з аленямі... У цяпліцы разам з памідорамі саспявалі пернікі і гарбата з бергамотам.

Так цягнулася доўгі час, і монстр быў шчаслівы.

Але аднойчы знайшоў ён на сваім агародзе дзіўныя рэчы: некалькі пустых бутэлек і пакетаў з незнаёмага матэрыялу. «Адкуль гэта?» — падумаў монстр і на ўсялякі выпадак вырашыў іх пасадзіць. Якім жа было яго здзіўленне, калі ні пакет, ні пустая бутэлька не далі ўраджаю — затое расліны і кветкі побач пачалі імкліва сохнуць. З тых часоў дзіўныя прадметы падалі на яго агарод штодня, прыносячы шмат клопату.

Монстр збіраў усё ў асобны мех. Аднойчы ён заўважыў: на некаторых з рэчаў, што падаюць, стаяць адмысловыя знакі, якія, як ён здагадаўся, былі ШЫФРАМ!

Ён старанна вывучаў тыя знакі: яны павінны наблізіць яго да разгадкі таямніцы!

І вось адным цудоўным днём монстр сеў у невялічкі міжпланетны экспрэс і пакінуў сваю планету і свой агарод — не забыўшыся, праўда, прапалоць моркву.

На другой планеце — называлася яна Зямля — было шумнавата (а монстр шуму не любіў, таму стараўся як мага радзей сюды наведвацца). Пакінуўшы свой карабель на паркоўцы — той не патрабаваў шмат месца — монстр пакрочыў на дзіцячую пляцоўку, бо адзіныя, хто яго не пужаўся, былі дзеці.

Да таго ж ён ведаў, што яны адразу пераходзяць да сутнасці пытання.

Ён падышоў да кампаніі, што сядзела ў пясочніцы, павітаўся — бо быў ветлівым — і высыпаў перад імі свой мех.

— Вой, што гэта?

— А гэта што?

Дзеці ўсхапіліся і пачалі гуляцца з рэчамі.

— Эй, гэтая цацка зламаная!

— А бутэлька пустая!

— Гэта проста смецце, — канстатаваў старэйшы хлопчык. — Яго трэба выкінуць.

Ён падхапіў некалькі прадметаў і пацягнуў іх да сметніцы, што стаяла каля лаўкі.

— Не-не, пастой, — прарыкаў монстр (монстры, як вядома, рыкаюць). І тут ён дастаў дзіўную рэч, якую зрабіў сам. — Як вы думаеце, што гэта? Правільна! Гэта — кантэйнер. Правільны кантэйнер для смецця.

І монстр расказаў усё, аб чым даведаўся падчас вывучэння зямнога смецця. А таму, што больш за ўсё на агарод прыляцела пластмасавых рэчаў, ён распавядаў пра пластык.

Аказваецца, знакі на бутэльках і скрынях — гэта нумары. Яны паказваюць тып пластыку. Дзеці ў захапленні пачалі сартаваць смецце адпаведна нумару.

Вы ведалі, што пластык можа быць небяспечным? Пазбягайце нумароў 3, 6, у якія запакавана ежа! Нумарамі 1 і 2 можна карыстацца толькі аднойчы. А вось 4 (ім абазначаецца поліэтылен нізкай шчыльнасці) і 5 (поліпрапілен) — параўнальна надзейныя.

Нарэшце смецце было адсартавана! Монстр стаміўся і ўжо збіраўся ляцець дадому, але ўзгадаў самае галоўнае. Ён пакінуў дзецям тое, чым звычайна карыстаюцца на ягонай планеце, каб захоўваць ежу і хадзіць па крамах. Аказваецца, і на нашай планеце ёсць такія рэчы: шкляныя слоікі і бутэлькі, тэрмакубкі, прыгожыя палатняныя торбачкі... Калі мы іх выкарыстоўваем, то купляем менш пластыку, а значыць, падтрымліваем сваю планету ў чысціні!

— Ну, бывайце, — развітаўся монстр. — Час паліваць пернікі.

І паляцеў.

Яго ўжо даўно не чуваць, гэтага монстра. Як думаеце — ці падае дагэтуль на яго агарод смецце?

Рыма УШКЕВІЧ, кіраўніца дзіцячай экастудыі ў Гродне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?