Вы тут

Фестываль «Калядная зорка» стартаваў у Нацыянальнай бібліятэцы


Каля 500 дзяцей з усёй Беларусі з'ехаліся днямі ў сталіцу, каб паказаць свае таленты на Першым адкрытым міжнародным фестывалі-конкурсе творчых калектываў «Калядная зорка-2016», арганізаваным рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем «Сябры Вясёлкі» і часопісамі «Вясёлка» і «Буся».


Неўзабаве «Вясёлцы» споўніцца 60, і юбілейную дату вырашылі адзначыць святам дзяцей, распачаўшы такі конкурс, расказаў Уладзімір ЛІПСКІ, галоўны рэдактар часопіса і старшыня журы.

— Мы хочам, каб дзеці нам, дарослым, паказалі, як яны растуць, якія яны добрыя і таленавітыя і як здорава тое, што дарослыя ў іх укладваюць. Давайце зробім усё, каб гэтыя божыя пасланнікі адчувалі сябе людзьмі на Зямлі, ведалі пра свае здольнасці і верылі ў сябе і ў тое, што іх Радзіма з кожным годам будзе ўсё больш квітнець. Вышэйшай задачы ў нас, дарослых, няма, — прамовіў ён.

Тэматыка конкурсу, які складаецца з дзевяці намінацый, — «Чароўны свет Каляд і Новага года». Праграма выступленняў творчых калектываў была вельмі разнастайнай: дэфіле, акцёрскае майстэрства, мода, танцы, спевы і іншае. Уразіла таксама прафесійнае, дарослае журы, у склад якога ўвайшлі народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі, намеснік старшыні беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, галоўны рэжысёр тэатра сатыры і гумару «Хрыстафор» Яўген Крыжаноўскі, галоўны стыліст Нацыянальнай школы прыгажосці Андрэй Варашкевіч, дырэктар салона «Фрыда» Аксана Злыгасцева, вядомыя пісьменнікі і іншыя майстры культуры.

Усе выступоўцы атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і падарункі. Асаблівым момантам фестывалю стала ўручэнне дзеячам культуры, якія друкаваліся на старонках «Вясёлкі», прэміі імя Васіля Віткі — заснавальніка часопіса. Гэты медаль атрымалі празаік Андрэй Федарэнка, паэт і перакладчык Ганат Чарказян і мастачка Аксана Аракчэева. За найлепшы твор года ўзнагародзілі асаблівай імянной прэміяй і юных талентаў: Настассю Снытко за апавяданне «Гісторыя чырвонага «запарожца» і Серафіма Раула за верш «Павучкі» і загадкі. Дзеці атрымалі таксама мяккую цацку — Грошыка — галоўнага героя казкі «Грошык і таямнічы кошык» Уладзіміра Ліпскага.

Сімвалічна, што ўзнагароды за літаратурныя поспехі ўручаліся ў галоўнай кніжнай скарбніцы Беларусі — Нацыянальнай бібліятэцы, дзе праходзіў першы дзень фестывалю, што сведчыць пра цесную повязь таленавітасці і адукаванасці.

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Вясёлкавая «Калядная зорка»

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.