Вы тут

Легенда Хью Гласа


У сталічным кінапракаце зараз паказваецца неверагодны фільм, дзеля стварэння якога ў свой час сабралася каманда не проста прафесіяналаў, а таленавітых кінематаграфістаў, — карціна «Той, які выжыў» ці «Легенда Хью Гласа» рэжысёра Алехандра Гансалеса Іньярыту. Аўтара таго самага фільма «Бёрдмэн», які ў мінулым годзе атрымаў Оскара, і больш ранніх, але таксама вядомых карцін «Сука-любоў», «21 грам», «Бьюціфул» і іншых.


У фільма «Легенда Хью Гласа» ёсць два жыцці. У адным на першы план выходзіць гісторыя стварэння карціны, цяжкасці здымак на холадзе, «пакуты» (а можа, драпкі не патрэбны) выканаўцы галоўнай ролі Леанарда Дзі Капрыа, карпатлівая камп'ютарная графіка, увогуле аб'ём працы над праектам.

У другім жыцці карціны на першы план выходзіць сам твор, гледзячы на які ты разумееш, што частка з першага жыцця для стварэння экзістэнцыйнай драмы была таго вартая, намаганні апраўдаліся. І хоць невядома, ці мог Іньярыту знізіць патрабаванні, бюджэт і зняць па тым жа сцэнарыі больш простую карціну, здаецца, ён укладаў у свой фільм не столькі грошы, колькі працу, уласную і калег.

У аснову сцэнарыя лёг раман Майкла Панке «Той, які выжыў», у падмурку якога, у сваю чаргу, — рэальная гісторыя амерыканца Хью Гласа, на якога напаў мядзведзь-грызлі. Са шматлікімі раненнямі і пераламанай нагой Глас вытрываў шлях у трыста кіламетраў да населенага пункта і, што галоўнае, выжыў. У фільме галоўны герой са сваім сынам-паўкроўкам (напалову індзейцам) быў правадніком экспедыцыі па асваенні новых зямель Захаду і здабычы пушніны на продаж.

Ваяўнічых індзейцаў, куды ж без іх на Дзікім Захадзе, у фільме шмат — у чым бачыцца рэканструкцыя эпохі. Галоўным чынам фігуруе племя Ры, правадыр якога шукае сваю дачку. Плямёны паказваюцца ў сваім камунікаце з «белымі». У французаў яны выменьваюць пушніну на коней і зброю. Амерыканцы знішчаюць іх паселішчы і забіваюць людзей. Такі набег здарыўся некалі і на племя, у якім жыў Хью Глас, — яго жонку забілі, а сын быў цяжка паранены. Да гэтага мінулага Глас вяртаецца на працягу ўсяго фільма, — яно падмацоўвае яго і дае сілы.

Пасля сутычкі з грызлі Хью Глас не можа ісці, таму група ладзіць спецыяльныя насілкі, каб несці яго. Але ў пэўны момант з героем застаюцца толькі сын і два члены экспедыцыі. Самага ненадзейнага сыграў Том Хардзі, гэты персанаж і становіцца антаганістам Гласа.

Аператарам карціны стаў вядомы эксперыментатар Эмануэль Любецкі, што працаваў і над «Бёрдмэнам», і над «Гравітацыяй». Візуалізацыя гісторыі Гласа дзякуючы яго працы сапраўды ўражвае.

Нядаўна былі ўручаны ўзнагароды «Залаты глобус». «Легенда Хью Гласа» стала чэмпіёнам па колькасці адзнак — уласна карціна стала найлепшым драматычным фільмам, Іньярыту прызнаны найлепшым рэжысёрам, а Леанарда Дзі Капрыа найлепшым драматычным акцёрам.

Інтрыга, ці атрымае нарэшце акцёр свой першы «Оскар», застаецца адкрытай. Але і без акцэнту на шуміху вакол фільма лепш проста схадзіць у кінатэатр і паспяшацца зрабіць гэта да 3 лютага.

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.