Вы тут

Сёння стартуе чэмпіянат Еўропы па гандболе


Сёлета кантынентальнае першынство пройдзе ў Польшчы, яго прымуць чатыры гарады. Каманды разбітыя на чатыры квартэты, зборная Беларусі выступіць на групавым этапе ў Катавіцах на арэне «Сподэк», якая ўмяшчае адзінаццаць тысяч гледачоў. Сапернікамі дружыны Шаўцова стануць зборныя Ісландыі, Нарвегіі і Харватыі. Пасля першага этапу барацьбу за ўзнагароды працягнуць па тры найлепшыя каманды з кожнай групы.


Перад адказным стартам беларускія гандбалісты правялі зборы і прынялі ўдзел у двух турнірах. Спачатку яны выступілі ў Латвіі на Кубку рыжскай думы, а затым на Калядным турніры ў Маскве. Галоўны трэнер Юрый Шаўцоў нягледзячы на розныя вынікі сустрэч, заклікаў не рабіць паспешлівых высноў і сказаў, што перад камандай зусім не стаяла задача абавязкова перамагаць у таварыскіх матчах. Адзначым, што канкрэтных задач на еўрапейскае першынство, рулявы гандбалістаў таксама не агучыў.

— Зборная знаходзіцца ў рабочым стане. Пасля катарскага чэмпіянату свету мы абнавілі склад на 50 працэнтаў. Тым не менш паступова паляпшаем гульню. Калі ў Латвіі ў нас былі вялізныя праблемы, то ў Маскве саступілі аргенцінцам, згулялі ўнічыю з галандцамі і расіянамі, а маглі і перамагчы.

На чэмпіянаце Еўропы перад камандай канкрэтнай мэты не стаўлю. Наша галоўная задача — палепшыць уласную гульню. Рад бы сказаць, што да нас далучыліся Карабаціч і Хансэн і зараз мы фаварыты ЕURО. Але... Сёння наша каманда павінна здзейсніць подзвіг, каб выйсці з групы ў асноўны раўнд, — распавёў Юрый Шаўцоў перад ад'ездам у Польшчу.

У выязным складзе няма вопытнага галкіпера Віталя Чарапенькі, які яшчэ не змог аднавіцца пасля траўмы. Акрамя таго, з-за праблем са здароўем пад пытаннем і ўдзел у турніры лінейнага Арцёма Каралька. У цэлым жа склад сфарміраваны даволі роўны, як адзначыў кіраўнік федэрацыі гандбола Беларусі Уладзімір Канаплёў, каманда цяперашняга ўзору — гэта «сплаў вопыту і маладосці».

— Думаю, калі брэсцкія хлопцы згуляюць за зборную, як за БГК у Лізе чэмпіёнаў і СЕХА-лізе, а ўсе астатнія, як у матчы з расіянамі (Калядны турнір у Маскве), наша каманда будзе выглядаць годна. І зможа выканаць тыя задачы, якія мы зараз не агучваем, але якія сядзяць у нас у галаве. Я казаў хлопцам: перагледзьце, як гуляла наша «маладзёжка» ў Бразіліі. Вось такая павінна быць самааддача ад першай да апошняй хвіліны. Лічу, тады вынік будзе дасягнуты, — сказаў Уладзімір Мікалаевіч.

Пра такі ж падыход да кожнай гульні чэмпіянату заявіў і лідар зборнай, капітан Сяргей Рутэнка.

— Добрага выніку ў Польшчы мы дасягнем толькі ў тым выпадку, калі згуляем з поўнай выкладкай і максімальнай самааддачай. Ведаеце, можна атрымаць перамогу, што называецца, на адной назе — і застацца незадаволеным. А можна прайграць і сумленна сказаць сабе: мы змагаліся да канца. Дык вось, наша асноўная мэта — не адчуваць сораму перад сабой. Пры любых абставінах кожны гулец, пакідаючы пляцоўку, павінен шчыра сказаць нават не столькі партнёрам, колькі самому сабе: я зрабіў усё, што мог.

Нагадаем, беларускія гандбалісты чацвёрты раз будуць выступаць сярод наймацнейшых каманд Еўропы. У 1994 годзе пад кіраўніцтвам Спартака Мірановіча наша зборная заняла 8-е месца, а ў 2008-м у Нарвегіі спынілася на 15-й пазіцыі, у 2014-м стала 12-й.

Расклад:

15 студзеня Харватыя — Беларусь (18.00)

17 студзеня Беларусь — Ісландыя (18.00)

19 студзеня Беларусь — Нарвегія (20.00)

Склады астатніх папярэдніх груп:

А (Кракаў) — Францыя, Польшча, Македонія, Сербія; З (Вроцлаў) — Іспанія, Швецыя, Германія, Славенія; D (Гданьск) — Данія, Венгрыя, Расія, Чарнагорыя.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце:  Сёння стартуе чэмпіянат Еўропы па гандболе 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.