Вы тут

Сёння споўнілася б 80 гадоў Янку Сіпакову


Звычайна, калі ён прыходзіў да нас у рэдакцыю часопіса«Гаспадыня», то найперш заглядваў у мой кабінет і далікатна пытаўся:

— Не вельмі заняты?


Здаралася, што я сапраўды быў заняты якой-небудзь пільнай справай (вычытка матэрыялаў, здача нумара ў друк), і даводзілася пераносіць сустрэчу на пазней. Але часцей за ўсё, адклаўшы надакучлівыя паперы, я запрашаў Івана Данілавіча сядаць бліжэй, і ў нас пачыналася нязмушаная, шчырая, без аглядкі на час гаворка.

Найбліжэйшае і самае балючае, пра што хацелася пагаварыць, абмяняцца думкамі, — стан нашай сённяшняй літаратуры, і асабліва маладой. Толькі абыякавы да ўсяго мог не бачыць, што нямала хто з маладых і, што асабліва крыўдна, таленавітых празаікаў, паэтаў выведзены з сапраўднай літаратуры і творчасць іх скіравана, як казаў класік, «мимо жизни».

Праблема гэтая, безумоўна, даўняя. Пра яе ў свой час пісаў са здзеклівай іроніяй Янка Брыль: «Во, і яшчэ адзін пнецца быць вельмі сучасным, усё ў яго «аповедзе» на адных намёках, на глыбакадумным недагаворванні... А я, прачытаўшы цярпліва, амаль пазяхнуў: не хапала яшчэ здагадвацца, што тут у цябе да чаго!»

Эксперымент, творчы пошук — гэта добра, гэта нават патрэбна на пачатку літаратурнай дарогі, даводзіў Іван Данілавіч, але калі эксперымент зацягваецца надоўга, то гэта не на карысць ні аўтару, ні літаратуры.

Колькі мы пра гэта гаварылі з Янкам Сіпаковым! Не раз і не два, калі размова заходзіла пра сённяшнюю літаратуру, Іван Данілавіч скрушна заўважаў: «...наша пакаленне ўсур'ёз, з найвялікшай пашанай ставілася да слова, да літаратуры. Гэта быў для нас храм, у які мы ўваходзілі асцярожна, сцішана і ніякавата, узнёсла — як маліцца...»

Так, Янка Сіпакоў — высокі і магутны талент, які, на маю думку, і да гэтага часу па-сапраўднаму не ацэнены і як след не асэнсаваны ні нашай крытыкай, ні нашай грамадскасцю. Хаця ён у сорак гадоў ужо меў Дзяржаўную прэмію, а крыху пазней быў уганараваны і званнем заслужанага дзеяча культуры. Але ж справа не ва ўзнагародах. Справа ў вызначэнні ролі і месца пісьменніка ў нашай літаратуры. І не толькі нашай, а можна браць і шырэй — ва ўсім славянскім свеце. Бо яго кніга «Веча славянскіх балад» — геніяльнае слова пра нашых братоў-суседзяў, пра нашу агульную гісторыю.

Аднак талент — гэта толькі паўсправы. А што патрабуецца яшчэ для таго, каб стаць пісьменнікам? Аднойчы такое наіўнае пытанне я задаў Івану Данілавічу. І ён надзвычай сур'ёзна адказаў: адукацыя, веданне жыцця, працавітасць і цярпенне.

Усімі гэтымі якасцямі Сіпакоў валодаў у поўнай меры. Вучыўся ўсё сваё жыццё. Меў адну з самых багатых бібліятэк у Мінску. Ганарыўся тым, што сваю самую запаветную кнігу «Зялёны лісток на планеце Зямля» — своеасаблівую энцыклапедыю пра Беларусь і беларусаў — напісаў, не выходзячы з дому, уся неабходная літаратура знайшлася ў хатняй бібліятэцы.

Здзіўляў глыбокім веданнем жыцця. Па-першае, да сямнаццаці гадоў жыў у вёсцы і як круглы сірата рана спазнаў усе радасці і турботы сялянскага жыцця: і касіў, і араў, і кароў пасвіў, і дровы нарыхтоўваў... Пазней, ужо маладым пісьменнікам, з пуцёўкай літфонду аб'ехаў як не ўвесь Савецкі Саюз.

А ўжо пра сіпакоўскую працавітасць і цярпенне хадзілі легенды. Ды і сам ён прызнаваўся: «Я — працаголік, і таму ўсюды толькі шчыра і настойліва працаваў... Я шчаслівы, што ў мяне выйшла 55 кніжак паэзіі, прозы, эсэ, перакладаў. Неяк і сам не разумею, як гэта атрымлівалася, аднак на мяне і маю творчасць мала ўплывала змена эпох, лідараў, фармацый. Я, не зважаючы на іх, пісаў толькі тое, што хацелася». Пісаў, дарэчы, кожны дзень. Ад цямна і да цямна, а нярэдка прыхопліваючы яшчэ і ноч. І не стамляўся. Стамляўся, калі не працаваў.

Гаворачы пра Янку Сіпакова, нельга не сказаць пра яго як пра выдатнага майстра. Майстра слова, майстра сюжэта, майстра самых розных літаратурных жанраў. Такую разнастайнасць жанраў, як у Сіпакова, рэдка ў каго можна знайсці. У паэзіі — гэта санет, вянок санетаў, балада, тэрцына, буколіка, верлібр, трыялет, эпіталама, паэма ў прозе. У прозе — апавяданне, эсэ, аповесць, прытча, навела, мініяцюра, нарыс, фантастыка. І нават у рамках аднаго жанру ён пазбягаў паўтарэння, аднастайнасці. Скажам, тая ж прытча ў яго своеасаблівая. Яна не заўсёды кананічная. Шукаў і знаходзіў у ёй нейкі свой пяты вугал, нейкае невядомае вымярэнне. Таму і атрымоўваліся то прытча-аповесць, то прытча-навела, то прытча-апавяданне, то нават прытча-метафара.

І ўсё ж з усіх складнікаў майстэрства пісьменніка найперш — сэрца, не раз падкрэсліваў Янка Сіпакоў.

«Удзельнічае сэрца ў творчым працэсе — у творы будзе ўсё: і мова, і стыль, і сэнс. Яно — пачатак усялякай творчасці, яно — пачатак хвалявання, без якога не можа нарадзіцца ніводзін сапраўдны твор».

Праз сваё чуйнае, мудрае, спагадлівае сэрца Іван Данілавіч прапускаў не толькі кожны свой радок, але і адносіны да людзей. Так, ён сапраўды адчуваў сябе шчаслівым таму, што за ўсё сваё жыццё нікога, нідзе, ніколі не пакрыўдзіў і не абразіў. Але гэта не значыць, што яго можна назваць усёдаравальным. Не, калі справа тычылася рэчаў важных, дарагіх для яго, асабліва ў літаратуры, Іван Данілавіч праяўляў і цвёрдасць, і прынцыповасць.

...Ён яшчэ гарэў творчымі задумамі, будаваў планы на летні адпачынак, марыў пра восеньскі ваяж у грыбы... Чалавек паўнакроўна, без усялякай аглядкі і трывогі жыў, а недзе там, у горных высях, ужо быў вызначаны той апошні, незваротны рубеж, да якога яго ўжо клапатліва рыхтавалі, няўхільна вялі.

Інакш чым можна растлумачыць тое містычна-фантастычнае, што адбывалася з Янкам Сіпаковым апошнім часам?

На працягу аднаго года выйшла адразу чатыры кнігі. Ды не абы-якія — знакавыя! «Выбранае» ў серыі «Школьная бібліятэка», раман «Зубрэвіцкая сага», эсэ «Зялёны лісток на планеце Зямля», зборнік «Малады вецер. Мужчынскія апавяданні».

Не выдаваўся гадамі, а тут раптам нейкі кніжны феерверк, святочны салют. Фантастыка!

А як расцаніць такі факт? Недзе неўзабаве пасля юбілею (15 студзеня 2011 г. Янку Сіпакову споўнілася 75 гадоў) яго запрасілі ў госці землякі-аршанцы. Нагода нешараговая: у Аршанскай гарадской бібліятэцы імя Пушкіна адкрывалася чытальная зала Янкі Сіпакова. Я ведаў: пра гэту падзею размова вялася ўжо цэлы год. Іван Данілавіч перадаў нават для пачатку некалькі тысяч тамоў з уласнага кнігазбору. А ўсяго збіраўся перадаць у персанальную залу каля 15 тысяч кніг, сярод якіх шмат каштоўных, часам вельмі рэдкіх, сапраўдных рарытэтаў.

Але афіцыйнага рашэння ўсё не было, і справа замарудзілася — не так, аказваецца, усё гэта проста. І вось нарэшце дакумент падпісаны. Трэба ехаць на адкрыццё. Праўда, адкрыццё пакуль сімвалічнае, таму што сама зала яшчэ рамантуецца і адчыніцца крыху пазней.

Аднак гэта ніколечкі не зменшыла значнасці падзеі і радасці Івана Данілавіча. Хоць ён разам з тым і вагаўся: ехаць — не ехаць? Не так палохала далёкая дарога, як сур'ёзная псіхалагічна-эмацыянальная нагрузка. Ці вытрымае гэты стрэс яго хворае сэрца? Дый не прывык ён да такіх афіцыйна-ўрачыстых мерапрыемстваў.

— Вось калі б ты, мой дружа, паехаў разам са мною, — нясмела папрасіў ён, — мне было б і весялей, і надзейней.

— Якая размова! — абрадаваўся я прапанове. — Канечне, едзем. Заадно пабываем у тваіх родных Зубрэвічах.

І была гэтая паездка. І была цёплая, шчырая сустрэча з чытачамі — спачатку ў раённай, а пасля і ў гарадской бібліятэцы імя Якуба Коласа. І было прачулае, сардэчнае віншаванне аршанцаў свайго знакамітага земляка з юбілеем.

Толькі позна ўвечары мы дабраліся ў родныя Зубрэвічы. На дварэ ўжо стаяла цемень, тым не менш ад экскурсіі па вёсцы Іван Данілавіч не адмовіўся. З якой замілаванасцю расказваў ён нам (а з намі быў яшчэ адзін аршанец — пісьменнік Павел Саковіч) пра гісторыю кожнай хаты, пра лёс кожнага жыхара, з якой настальгічнай тугою прыгадваў сваё сірочае маленства (бацькоў фашысты расстралялі за сувязь з партызанамі), бядотнае, але разам з тым і шчаслівае юнацтва — паступіў ва ўніверсітэт, вучыўся на журналіста.

А ў гасціннай хаце пляменніцы Тамары за шчодрым сталом мы заседзеліся ледзь не да паўночы. Вяртаўся назад Іван Данілавіч расчулены і шчаслівы:

— Ніколі яшчэ я не меў гэтулькі дабрыні і любові, як сёння... Дзеля гэтага варта было жыць і працаваць.

Апошняй фразе тады я не надаў асаблівага значэння — так часта кажуць. Цяпер жа мне чуецца ў ёй нейкі містычны падтэкст. Няўжо Янка ўжо нешта прадчуваў?

Напэўна, прадчуваў. Бо калі я праз два дні зайшоў да яго ў бальніцу, ён сядзеў на ложку незвычайна сумны, тужлівы, разгублены.

— Мусіць, прыйшла ўжо мая пара...

Гэта было сказана з такой скрухаю, з такім болем, што ў мяне пахаладзела пад сэрцам. Я пачаў сварыцца, каб ён выкінуў гэтыя дурныя думкі з галавы, а ён, нібы не чуючы мяне, паўтарыў:

— Мусіць, я ўжо, дружа мой, не выканаю твой наказ... не дапішу «Маю бібліятэку»...

Праз месяц Янкі Сіпакова не стала. Не стала майго лепшага, майго шчырага і вернага сябра, з якім мы сумесна ішлі пакручастымі жыццёвымі сцежкамі больш за трыццаць гадоў. Не стала клапатлівага сямейніка, які так любіў свайго адзінага сына Сяргея, так кранальна апекаваўся сваёй красуняй унучкай Кацяй. Не стала вялікага грамадзяніна-патрыёта, які так аддана любіў і шанаваў родную бацькоўскую зямлю, з такім болем і трывогаю перажываў за лёс матчынай мовы.

Не стала выдатнага пісьменніка, класіка беларускай літаратуры. На шчасце, ён выканаў галоўную творчую місію, дзеля якой, можа, і прыходзіў у гэты свет — напісаў унікальную трылогію: раман «Зубрэвіцкая сага» — гімн сваёй малой радзіме, эсэ-аповесць «Зялёны лісток на планеце Зямля» — гімн «любай, ненагляднай Беларусі» і «Веча славянскіх балад» — гімн усяму славянству. Нават калі б ён не напісаў больш нічога (а ён напісаў яшчэ шмат выдатных твораў), то і гэтага было б дастаткова, каб імя яго назаўсёды засталося ў нашым прыгожым пісьменстве.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Загаловак у газеце: Храм талентаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.