Вы тут

У Монтэ-Карла са сваёй «Арэнай»


Трыа юных паветраных гімнастаў з Мазыра рыхтуецца да ўдзелу ў самым прэстыжным у свеце фестывалі цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла. Ён адбудзецца ў пяць апошніх дзён студзеня. Для артыстаў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, удзельнікаў цэнтра цыркавога мастацтва «Арэна» гэтая падзея — усё роўна што ўдзел у Алімпійскіх гульнях.


Стэ­фа­нія Турмовіч.

Беларусь на дзіцячай праграме фестывалю прадставяць Станіслаў Плотнікаў, Стэфанія Турмовіч і Вікторыя Баграёнак. Выхаванцы Марыі і Барыса Кузняцовых не раз здзіўлялі гледачоў Расіі, Украіны, Ізраіля, Кітая, Італіі і іншых краін нумарам «Паветраныя гімнасты на рамянях. Палёт да зорак». Яны часта выступаюць і ў розных беларускіх гарадах. Дарэчы, у дні зімовых канікул студыя «Арэна» прапануе дзецям святочнае прадстаўленне «Таямніцы чароўнага лесу».

Цэнтр цыркавога мастацтва «Арэна» быў створаны ў Мазыры 10 гадоў таму. Цяпер тут займаецца каля сотні дзяцей. Яны асвоілі мноства розных цыркавых жанраў: акрабатыку, эквілібрыстыку, жангліраванне... Калектыў з'яўляецца пераможцам дванаццаці міжнародных фестываляў цыркавога мастацтва, заняў другое месца на расійскім тэлепраекце «Хвіліна славы». У 2014 годзе Прэзідэнт Беларусі ўручыў установе спецыяльную прэмію «За духоўнае адраджэнне». Летась кіраўнікі Марыя і Барыс Кузняцовы атрымалі нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

Атрымаць запрашэнне на фестываль у Монтэ-Карла, які праводзіцца пад асабістым патранатам прынцэсы Манака Стэфаніі, таленавітыя дзеці змаглі за кошт шматлікіх перамог на розных міжнародных конкурсах цыркавых артыстаў. Мастацкі кіраўнік установы Марыя Кузняцова расказвае, што, як высветлілася, іх нават вышуквалі імпрэсарыа, якія займаюцца падрыхтоўкай Монтэ-Карлаўскага фестывалю:

Ста­ні­слаў Плот­ні­каў і Вік­то­рыя Баг­ра­ё­нак.

— Шукалі ў Расіі і ва Украіне. Яны нават не маглі падумаць, што мы з Беларусі. У Расіі ёсць асацыяцыя аматарскіх цыркаў. І база звестак штогод абнаўляецца. Нашы поспехі там таксама фіксуюцца. Вось па бліскучых выніках нашых выступленняў на конкурсах склалася ўражанне, што нумар высокага ўзроўню. Імпрэсарыа адбіраюць заўсёды тых, хто мае шмат перамог. Калі напярэдадні Новага года патэлефанавалі і сказалі, што нас запрашаюць у Монтэ-Карла, мы спачатку не паверылі. Думалі, што гэта жарт.

Між тым юныя мазырскія артысты ў цырку займаюцца больш за палову свайго жыцця. 16-гадовы тытулаваны шматлікімі ўзнагародамі Станіслаў Плотнікаў прыйшоў у калектыў у 2007 годзе. Практычна тады ж — Стэфанія Турмовіч — ёй сёння 13 гадоў. І толькі яе равесніца Вікторыя Баграёнак асвойвае цыркавое мастацтва адносна нядаўна — чатыры гады. Але ўпартая таленавітая дзяўчынка даказала сваё права выступаць разам са Стасам і Сцешай.

— І для нас, былых артыстаў, якія 28 гадоў прапрацавалі ў цырку, магчымасць удзелу ў гэтым конкурсе — абсалютнае прызнанне вынікаў нашых вучняў, — адзначае Марыя Кузняцова. — Мы за 10 гадоў існавання калектыву дасягнулі ўсіх пастаўленых мэт. І толькі ўдзел у фестывалі ў Монтэ-Карла быў для нас запаветнай марай, якая нарэшце павінна здзейсніцца. Дзеці, безумоўна, хвалююцца. Мы пашылі новыя касцюмы. Штодзень па некалькі разоў гімнасты адточваюць майстэрства, праходзяць свой нумар. Тым больш трэба быць гатовымі да таго, што сваё мастацтва прыйдзецца дэманстраваць зусім у іншых умовах, на іншай вышыні.

Ну а нам застаецца толькі трымаць кулачкі за трыа юных артыстаў цырка з Мазыра.

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.