Вы тут

Кошт прыватызацыі завысілі ўдвая


Cтолькі магла пераплаціць сям'я з Чашнікаў за чатырохпакаёвую кватэру.


— У кватэры па вуліцы Будаўнічай пражываюць трое чашнікаўцаў. Калі сям'я вырашыла яе прыватызаваць, у райвыканкаме падлічылі, што кошт жылля перавышае 331 мільён рублёў. Гэтая сума ініцыятару прыватызацыі паказалася завышанай, і ён звярнуўся па тлумачэнні ў розныя інстанцыі. Пракурорскія работнікі высветлілі, што ацэначнай камісіяй сапраўды быў няправільна ўжыты індэкс змянення кошту будаўніча-мантажных работ. Таксама не былі ўлічаны некаторыя характарыстыкі кватэры, у прыватнасці вышыня столі. У сувязі з гэтым на рашэнне аб прыватызацыі быў вынесены пратэст. Паўторна кватэра была ацэненая ўжо прыкладна на 165 мільёнаў рублёў, — каментуе «Звяздзе» пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Віцебскай вобласці Марына Запрудская.

Віцебская абласная пракуратура высветліла таксама, што кошт жылля ў падобных выпадках завышалі і ў Сенненскім раёне. Там было апратэставана сем рашэнняў райвыканкама аб прыватызацыі. У адпаведным прадстаўленні было пастаўлена пытанне аб дысцыплінарнай адказнасці вінаватых асоб. Дарэчы, летась на Віцебшчыне па той жа прычыне былі зробленыя заўвагі амаль 40 чыноўнікам.

На жаль, па-ранейшаму застаюцца праблемы і ў долевым будаўніцтве жылля на Віцебшчыне.

— Парушаліся правы грамадзян на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі. Не ўсе праектныя дэкларацыі размяшчаліся на сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады або выкладаліся ў інтэрнэт своечасова. Не заўсёды неабходная інфармацыя змяшчалася на інфармацыйных стэндах гарадскіх раённых выканкамаў. У адпаведных звестках не ўказваліся тэрміны будаўніцтва жылля, звесткі аб правах забудоўшчыка на зямельны ўчастак. Абласная пракуратура распарадзілася ліквідаваць гэтыя парушэнні заканадаўства, — паведаміла пракурор.

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.