Вы тут

З якімі вынікамі МНС уступае ў 2016 год?


19 студзеня прафесійнае свята адзначаюць беларускія выратавальнікі. У іх актыве — тысячы выратаваных жыццяў, дзясяткі тысяч затушаных пажараў і незлічоная колькасць уратаванай маёмасці. Праца іх запатрабаваная заўжды — то з-за выбрыкаў нябеснай канцылярыі, то з-за славутага чалавечага фактару. З якімі ж вынікамі адно з самых аператыўных ведамстваў Беларусі ўступае ў 2016 год? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з міністрам па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімірам Вашчанкам.


Лепш папярэдзіць загадзя...

— Сёння мы можам падводзіць вынікі не толькі за год, але і за пяцігодку ў цэлым. Мы разгарнулі сапраўдны прафілактычны фронт і бачым дзякуючы яму шмат пазітыўных зрухаў. Захоўваецца тэндэнцыя да зніжэння як колькасці ўзгаранняў, так і выпадкаў гібелі людзей на іх. Калі яшчэ ў 2010 годзе загінулых было 1124, то летась нам удалося збіць гэтую лічбу да 579. Па сутнасці гэта стала вынікам узаемадзеяння ўсіх зацікаўленых структур, органаў улады, іншых суб'ектаў прафілактыкі, якія разам з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях і займаюцца гэтымі пытаннямі. Мы ж выконваем даручэнне кіраўніка дзяржавы — быць бліжэй да людзей. Ідзём на прамыя кантакты з насельніцтвам, тлумачым на яскравых прыкладах, да чаго прыводзяць бесклапотныя паводзіны. Абраўшы такую тактыку працы, мы ўжылі ўжо шмат яе форм. Гэта і сустрэчы ў калектывах, і арганізацыя сельскіх сходаў, і пакватэрныя абходы... Паралельна мы дэманстравалі, што адбываецца з людзьмі, з іх жытлом, з маёмасцю пры безадказных паводзінах. У нашым арсенале — дакументальныя фота- і відэаматэрыялы з месцаў трагедый. Яны кранаюць нават вельмі моцных духам людзей.

— Якія акцэнты будуць зроблены ў бягучым годзе?

— Вельмі пільна працягнем працаваць з людзьмі, якія маюць патрэбу ў дапамозе больш за астатніх — гэта старыя, адзінокія і сем'і з дзецьмі. Працягнем расказваць пра тое, як жыць бяспечна, у дзіцячых садках і школах. У апошнія гады распачалі актыўнае супрацоўніцтва са студэнтамі. Летась падпісалі дамову аб узаемадзеянні з БРСМ. Мы шукаем розныя метады, вынаходзім і апрабоўваем іх для таго, каб прыцягнуць да нашай працы як мага больш зацікаўленых людзей. А далей людзі навучацца чамусьці карыснаму самі, падкажуць штосьці сваім сябрам, родным і блізкім, тыя працягнуць такі інфармацыйны ланцужок далей...

Вось дзякуючы такой масіраванай прафілактыцы і знізілася штогадовая колькасць пажараў з 2010 года амаль на 3 тысячы! Пад асаблівым кантролем у нас дзіцячая смяротнасць. Летась агонь забраў дванаццаць юных жыццяў па ўсёй краіне. Калі зазірнуць у архіўныя звесткі пачатку тысячагоддзя, тады ледзь не па кожнай асобнай вобласці гэтая лічба была большая. І такія сумныя лічбы, як сведчыць статыстыка, што вядзецца з канца саракавых гадоў мінулага стагоддзя, знаходзяцца цяпер на гістарычным мінімуме.

Калі б яшчэ ўсе бацькі ставіліся адказна, то такія выпадкі здараліся б яшчэ радзей! Дзеці ж часцей за ўсё гінуць праз тое, што дарослыя паводзяць сябе бесклапотна, пакідаюць іх без нагляду. Таму мы зрабілі стаўку на тым, як навучыць людзей правільна паводзіць сябе ў экстрэмальнай сітуацыі. На адной з нарад з удзелам прэм'ер-міністра прыйшлі да высновы, што ў краіне неабходна стварыць адмысловыя навучальныя цэнтры па асновах бяспекі жыццядзейнасці, у якіх кожны чалавек зможа атрымаць неабходныя веды. Бо колькі людзей праз уласную недасведчанасць тоне, разбіваецца на дарогах, гіне на прадпрыемствах... Вось яскравы прыклад: дзіця з Кобрына летам загінула ў аквапарку...

Першы такі цэнтр запрацаваў пры Гомельскім ліцэі МНС. Наведала яго ўжо не адна тысяча чалавек, якія далі цэнтру высокую адзнаку. Таму мы хацелі б бачыць такія ўстановы прынамсі ў кожным абласным цэнтры.

«Для нас снегапады — дабро»

— На мінулым тыдні Беларусь накрылі адразу два снегавыя цыклоны...

— Працяглыя снегапады, безумоўна, ствараюць нязручнасці і камунальшчыкам, і жыхарам. Але для нас гэта неацэнны падарунак ад прыроды. Прыгадайце, што рабілася летась. У глебе пасля бясснежнай зімы амаль не было запасаў вільгаці, таму пажары пачаліся яшчэ ўвесну. Сваю лепту ўнесла і анамальная спякота, калі слупок тэрмометра па краіне ўлетку сягаў да 35 градусаў па Цэльсіі. А дажджоў амаль не было. Каналы высыхалі, рэкі мялелі. У Гомельскай вобласці некалькі населеных пунктаў нават рыхтавалі да эвакуацыі. Напагатове ўжо стаялі аўтобусы. Старыя ў вёсках ужо нават хадзілі з іконамі і маліліся як на надвор'е, так і на нас. Таму, мабыць, дрэнна толькі, што столькі снегу выпала адначасова. Тым больш што такіх сур'ёзных адключэнняў электрычнасці энергетыкі згадаць і не могуць. Менавіта таму была дадзена каманда пашырыць памер прасекаў вакол ліній электраперадачы. Падчас «Даніэлы» мы дастаўлялі на розныя аб'екты і падключалі дызель-генератары. З самымі сур'ёзнымі праблемамі сутыкнуліся на малочнатаварных фермах. Трэба ж было своечасова кароў падаіць і вывезці гатовую прадукцыю. Але разам з тым не было ніводнага выпадку, каб нейкая служба не даехала своечасова на месца выкліку.

Пачаўся экспарт экіпіроўкі за мяжу

— Летам нас выручыла тое, што некалькі гадоў таму па нашым заказе былі распрацаваны спецыяльныя звышумяшчальныя аўтацыстэрны на шасі МАЗ цяжкага тыпу, якія і паступілі ў раённыя аддзелы па надзвычайных сітуацыях. Пры перасохлых крыніцах вады дзесяць тон на борце — рэч унушальная і моцнадзейная. Да таго ж мы дабіліся значнай эканоміі сродкаў: у вёсцы ж пажарных гідрантаў няма, а ганяць раз за разам класічныя двухтонныя цыстэрны, пагадзіцеся, не вельмі рацыянальна.

Сёння мы ўжо не закупляем за мяжой тэхніку, бо ўся патрэбная нам лінейка робіцца ў Беларусі. Сумесна з Акадэміяй навук распрацоўваем узоры баявой і абарончай вопраткі выратавальнікоў, у тым ліку і той, якая прызначана для ліквідацыі хімічных забруджванняў. Усё больш абсталявання таксама становіцца беларускім. Зараз гэта здаецца неверагодным, але нават тыя ж каскі мы раней закуплялі за мяжой... Цяпер жа ўзоры нашага пажарнага абсталявання не саступаюць замежным аналагам, а кошт на іх ніжэйшы ў разы. Нашымі распрацоўкамі цікавяцца ўжо спецыялісты з Расіі і Казахстана. І немалыя партыі мы адпраўляем на экспарт, тым самым прыносячы ў краіну валюту.

Беспілотнікі «Мі» не заменяць

— Пажарная авіяцыя асабліва запатрабавана на нашых паўднёвых межах. На Палессі дарог вельмі мала, а лясныя пажары, напрыклад, летась да нас не раз заходзілі з Украіны. Нашы верталёты Мі-8, якія могуць пацягнуць дзве з паловай тоны вады, спраўляліся з натугай. Таму давялося падключаць больш магутную тэхніку — Мі-26. Адначасова такі гелікоптар можа узяць 15 тон вады. Затушыць лясны пажар з такой колькасцю куды прасцей.

— А наколькі запатрабаваны беспілотнікі?

— Пакуль два такія апараты, якія распрацавала Акадэмія навук, працуюць у Мінскай вобласці. Гэтыя апараты цудоўныя, але цалкам на іх пераходзіць мы не будзем. Справа ў тым, што класічны верталёт Мі-2, які адпраўляецца ў неба для маніторынгу пажарнай сітуацыі, можа браць на борт дэсантны разлік. І калі яны знойдуць нават невялікі ачаг пажару, тут жа змогуць яго затушыць.

Вялікая праца цяпер ускладзена на нас і з прычыны будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Мы распрацоўвалі адпаведную нарматыўную базу і кантралюем ход будаўніцтва. На жаль, наконт станцыі часам даводзіцца чуць правакацыі і спекуляцыі. Вось, напрыклад, мне ў Польшчы скардзіліся, што электрастанцыя будзе стаяць блізка да нашых межаў. Я адказваю: дык побач з вашымі межамі ёсць атамныя электрастанцыі ў той жа Германіі. Чаму ж не перажываеце за іх, калі ўлічыць, што наша будуецца па самых сучасных стандартах бяспекі?

Школьная праграма папоўніцца АБЖ

— Якіх навін у працы міністэрства варта чакаць сёлета?

— Ажыццявілася наша шматгадовая прапанова па паўнавартасным вяртанні ў школы прадмета «Асновы бяспекі жыццядзейнасці». Адбудзецца гэта ўжо 1 верасня. Веды па такім прадмеце павінны ацэньвацца, чаго няма на факультатыве.

Будзе шмат разнастайных конкурсаў, віктарын, злётаў. У тым ліку і міжнародных. Мы актыўна супрацоўнічаем з усімі нашымі суседзямі. Крыху складаней з Украінай, але звязана гэта з частай ратацыяй кіраўнічых кадраў у нашых суседзяў. Летась падпісалі пагадненне з Польшчай. Цяпер будзе куды прасцей ажыццяўляць памежныя праекты ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях.

— Як прайшоў пераход на новыя тэхналогіі ў сувязі з адыходам ад праваднога радыё? На мінулым тыдні была арганізавана масавая рассылка СМС з нумара 101...

— Правадное радыё хоць і эфектыўнае, але трэба пераходзіць і на новыя тэхналогіі. Мы можам перахопліваць радыёсігнал, даваць бягучы радок на тэлепраграмах. 90% тэрыторыі Беларусі абсталявана сірэнамі. Галоўнае, каб людзі ведалі, што па сігнале «Увага ўсім» трэба ўключыць радыё ці тэлевізар.

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Уладзімір Вашчанка: «Мінулым летам старыя ў вёсках нават хадзілі з іконамі...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».