Вы тут

У мемуарах Агінскага — ні слова пра музыку


Адкрываць для сябе новыя старонкі ў біяграфіі нашых славутых землякоў ніколі не позна. І хоць летась мы ўжо адсвяткавалі 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага, кнігі, прысвечаныя гэтай выдатнай асобе, варта разгарнуць і цяпер. «Час і музыка Міхала Клеафаса Агінскага» Анджэя Залускага і «Ген Агінскага» Івы Залускага (дапоўненае выданне) – гэта творы, напісаныя нашчадкамі кампазітара на падставе тых матэрыялаў, якія ўдалося адшукаць ужо ў наш час. Акрамя таго, упершыню ў перакладзе на рускую мову выйшлі мемуары самога Агінскага. Усе гэтыя выданні пабачылі свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці».


— Калі прачытаць усе тры кнігі, вобраз Агінскага зробіцца для нас зусім ясным. І музыка стане зразумелай, і роля ў гісторыі, і вяртанне на Радзіму, — лічыць дырэктар выдавецтва Ліліяна АНЦУХ. — Цікава, што Агінскі не лічыў сябе кампазітарам! Гэта адкрылася нам пасля праведзенай працы па перакладзе мемуараў. У іх няма ні слова пра музыку. Яны пра грамадскія сувязі, якія былі ў Агінскага ў той час з пэўнымі асобамі. Гэта імператрыца Кацярына, Напалеон, Аляксандр І, Тадэвуш Касцюшка, з якімі ён пастаянна кантактаваў. Мы бачым усё вачыма сведкі, які жыў тады, таму і чытаецца ўсё цікава. Тут і гісторыкі, і аматары знойдуць шмат новых звестак.

Мемуары Агінскага — сапраўднае падарожжа ў часе. Разам з аўтарам чытач трапляе на балы і афіцыйныя прыёмы да знатных асоб, назірае за палітычнымі падзеямі, якія адбываюцца ў розных еўрапейскіх краінах. Можна нават прачытаць нататкі пра Літву і літвінаў — так, як бачылася гэта Агінскаму.

— У мемуарах — назвы тысяч населеных пунктаў, вялікіх і маленькіх, гарадоў, што існуюць і ўжо не існуюць, імёны цывільных і ваенных асоб. У сучасным прачытанні было складана вызначыць дакладныя гістарычныя рэаліі, — адзначае перакладчык Леанід КАЗЫРА. — Хачу сказаць пра Агінскага не як пра кампазітара, а як пра майстра слова. Ён вельмі дакладны назіральнік, выдатны псіхолаг, які ўмее даваць вычарпальныя характарыстыкі людзям. У яго мемуарах вельмі шмат эпітэтаў. Эпізодаў, у якіх нешта апісваецца, таксама вельмі шмат... Мы імкнуліся максімальна поўна паказаць гэтага выдатнага чалавека і апавядальніка.

Можна ўпэўнена сказаць, што гэтыя тры выданні пра кампазітара надзейна ўпішуць Агінскага ў нашу культуру. Вялікі кампазітар не трапіць у шэраг тых, каго беларуская нацыя «аддала» іншым.

— Мяне заўсёды здзіўляў лёс нашай беларускай культуры, — заўважае перакладчыца Алена Чыжэўская. — Мы «раздалі» сваіх вялікіх людзей усяму свету. Дастаеўскага падарылі рускім, Міцкевіча — польскай культуры. Неяк мне давялося быць у Польшчы, і адна настаўніца-экскурсаводка сталага веку сказала, што 70% выдатных людзей Польшчы — беларускага паходжання. Тое ж самае атрымалася і з Агінскім. Яго славуты паланез, натуральна, чулі ўсе. Аднак наконт паходжання асобы сумняваліся: «Ці то наш ён, ці то не наш...» А пра тое, што ён быў настолькі рознабаковым, нават не здагадваліся. Цяпер у нас надышоў вельмі цікавы час. Калі нам трэба вярнуць тое, што мы мелі і пра што забыліся. Нам неабходна гэта, каб ажывіць сваю нацыянальную самасвядомасць і самапавагу, без якіх у свеце нас не будуць паважаць. Хочацца прыгадаць радкі з Евангелля: «Быў час раскідваць камяні. А цяпер час збіраць камяні...»

Кнігі пра Агінскага вартыя таго, каб іх прачытаў кожны беларус. І калі мы апынемся далёка ад роднага краю, гэтыя творы, як і музыка кампазітара, дапамогуць вярнуцца на Радзіму...

Загаловак у газеце: Вярнуцца на Радзіму...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?