Вы тут

Беларуская архітэктура: ад антычных віл да савецкай эпохі


Зусім нядаўна ў Выдавецкім доме «Звязда» з друку выйшла кніга доктара архітэктуры, прафесара, дэкана архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Армена САРДАРАВА пад назвай «Краса. Эстэтыка беларускай архітэктуры». Выданне, мяркуючы па анатацыі, сапраўды ўнікальнае: у ім упершыню ў гісторыі даследуюцца эстэтычныя традыцыі і асаблівасці ўвасаблення сімвалізму форм у айчынным дойлідстве — ад асобных будынкаў і дэталяў да цэльнай забудовы гарадоў і вёсак. Мы пагутарылі з аўтарам і спыталі, пра што можна даведацца з кнігі.


Су­гуч­ча пей­за­жу і за­бу­до­вы ў На­ва­груд­ку.

— З чаго нарадзілася задума выдання пра беларускую архітэктуру?

— Я каля 50 гадоў прысвяціў вывучэнню нашай архітэктурнай спадчыны, яе гісторыі. Пачыналася ўсё яшчэ ў студэнцкія гады падчас паездак па краіне. І той матэрыял, што быў сабраны за дзесяцігоддзі, цяпер пераўтварыўся ў асобнае выданне. У нас было і ёсць даволі шмат спецыялістаў па гэтай тэме, у тым ліку мае настаўнікі: Уладзімір Чантурыя, Анатоль Воінаў — яны ўклалі шмат сіл і таленту ў стварэнне летапісу беларускага дойлідства. І сёння нашы вучоныя працуюць у гэтай галіне: Аляксандр Лакотка, Сяргей Сергачоў і іншыя. Але прац, прысвечаных менавіта эстэтыцы (пачуццям, якія выклікае архітэктура), амаль не было. Таму я паспрабаваў запоўніць гэтую нішу.

Дарэчы, вельмі доўга думаў над назвай кнігі. Ёсць трапныя беларускія словы — «хараство», «прыгажосць», але спыніўся ў выніку на варыянце «краса». Па-першае, слова агульнаславянскае — ёсць у балгарскай, рускай, украінскай, сербскахарвацкай мовах — яно звязвае нас у адно. А, па-другое, як мне падаецца, вельмі добра характарызуе менавіта нашу архітэктуру. Увогуле, адна з галоўных мэт напісання гэтай кнігі — паказаць, што нам ёсць чым ганарыцца. Бо я, выкладаючы ва ўніверсітэце, нярэдка заўважаю, што ў нашай моладзі дзіўныя прыярытэты: яны бачаць ідэалы дзе-небудзь у Арабскіх Эміратах, у чымсьці звышэкзатычным, лічаць, што гэта ёсць прыгажосць, забываючыся, што досвед нашай гісторыі архітэктуры налічвае сотні гадоў.

— Якраз мяркуючы па гісторыі Беларусі, на нашу традыцыю ўплывалі культуры іншых народаў. Ці не робіць гэта айчынную архітэктуру несамастойнай, пераймальніцкай?

— Ні ў якім разе. Безумоўна, айчыннае дойлідства — гэта асобная з'ява. Ёсць шэраг рыс, паводле якіх можна пазнаць менавіта беларускае. Наша архітэктура ў значнай ступені народжаная самой зямлёй: яе ландшафтам, кліматам. Большасць помнікаў аб'ядноўвае пачуццё цішыні, спакою, мяккасці і душэўнасці — у гэтым яны нагадваюць мне нашу класічную паэзію. Можна згадаць, напрыклад сельскую архітэктуру — яна някідкая, драўляная, і ў той жа час утварае дзіўнае сугучча з пейзажам. Ды і ўвогуле, з менталітэтам народу...

Трэба сказаць, што нават вельмі сучасныя рэчы і з'явы, пра якія мы часта кажам цяпер, — тая ж энергаэфектыўнасць — здаўна выкарыстоўваліся нашымі продкамі. Дызайн інтэр'еру — таксама своеасаблівы. Заходзіш у хату і адразу звяртаеш увагу на чырвоны кут, дзе гаспадыня ўвасабляе сваё «я» кветкамі і ручнікамі... Печы, дываны, куфры — гэта ўжо вельмі шмат, каб зразумець беларускія культуру і архітэктуру. Але для таго, каб гэта ўбачыць, трэба хадзіць і назіраць, любавацца, ці хаця б пагартаць маю кнігу.

— Але ж на Беларусі ў свой час панавалі «чужыя» архітэктурныя стылі, асабліва гэта заўважна па гарадскім будаўніцтве.

— Так, і гэта яшчэ адна яскравая рыса нашай традыцыі — прыхільнае стаўленне да новага, няхай яно і не ўласнабеларускае. Напрыклад, калі мы гаворым пра культуру Беларусі, то ўсведамляем, што гэта і культура беларускіх татар, і беларускіх яўрэяў, і многіх іншых народаў. Мы здаўна жылі побач, і гэтае адчуванне ўзаемнага ўплыву добра прасочваецца па многіх помніках, пра якія я пішу ў кнізе. Скажам, татарскія мячэці — яны выкананы ў мусульманскай стылістыцы, але маюць яскравыя беларускія рысы, як, напрыклад, мячэць у Іўі.

Тое самае можна сказаць і пра ўплыў Заходняй Еўропы — да нас прыходзіла барока, і яно пераўвасобілася рукамі нашых дойлідаў. Тыя шматлікія двухвежавыя храмы, што сустракаюцца па ўсёй краіне, — сведчанне існавання з'явы беларускага барока, якое яшчэ называюць віленскім. Аналагічная сітуацыя з класіцызмам — у Беларусі ён набыў новыя рысы, стаў для нас сваім. Перыяд прамысловай рэвалюцыі таксама адбіўся на нашай архітэктуры — дзівосны «цагляны» стыль дагэтуль сустракаецца ў беларускіх гарадах, мястэчках. Гэта ж тычыцца і іншых кірункаў, у тым ліку сучасных: постмадэрнізму, новага экспрэсіянізму. І ўсё гэта гаворыць пра галоўнае — беларуская архітэктура, безумоўна, аўтэнтычная і самастойная, але пры гэтым яна абсалютна натуральна ўпісваецца ў славянскі, еўрапейскі і сусветны кантэксты.

По­лацк — ка­лыс­ка бе­ла­рус­кай гіс­то­рыі і ар­хі­тэк­ту­ры.

— На якую аўдыторыю ў першую чаргу разлічана выданне?

— Мне вельмі хацелася б, каб кніга знайшла чытача сярод неспецыялістаў — людзей, якія ў сферы архітэктуры не працуюць. Беларусы ж, на жаль, часта бачаць прыгажосць за тысячы кіламетраў, але не бачаць яе ў сябе пад бокам. Безумоўна, трэба бываць і за мяжой, трэба цікавіцца чужым, але грэбаваць сваім — апошняя справа.

Дарэчы, цікава, што Беларуссю захапляюцца замежныя спецыялісты. Нямецкі даследчык пачатку мінулага стагоддзя Альберт Іпель зазначыў, што мы ўзялі шмат ад антычнасці, а планіроўку беларускіх сялянскіх двароў параўнаў са старажытнарымскімі віламі. Зусім нядаўна ў мяне ў гасцях быў прафесар архітэктуры з Англіі, з Бірмінгемскага ўніверсітэта, і ён, гуляючы па Мінску, з вялікім захапленнем гаварыў ужо пра савецкі перыяд у нашым дойлідстве. Таму не трэба махаць рукой на сваё.

Хацелася б, каб і студэнты архітэктурнага факультэта звярнулі на выданне ўвагу. Справа моладзі — не толькі зачароўвацца, але і асэнсоўваць тое, што яны бачаць. Мне падабаецца выслоўе японскага пісьменніка Ясунары Кавабаты: «Прыгажосць трэба ўмець убачыць, асэнсаваць і стварыць». Думаю, гэта вычарпальная характарыстыка таго, што я хачу данесці да сваіх вучняў гэтай кнігай.

— Выданне адначасова можна назваць і фотаальбомам...

— Так, у ім больш як 300 маіх фотаздымкаў. Я вельмі даўно захапляюся фотамастацтвам, і па ліку гэта ўжо сёмы альбом. У кнізе здымкі выконваюць не толькі ролю ілюстрацый. Уменне перадаць прыгажосць архітэктуры сродкамі фотатэхнікі — таксама асобнае майстэрства. Мы ва ўніверсітэце, дарэчы, праводзім шэраг конкурсаў фатаграфіі для студэнтаў, я нярэдка бачу здымкі помнікаў архітэктуры ў якасці ўпрыгожванняў у пакоях інтэрната. Таму лічу, што гэта таксама важны момант, магчыма, нехта натхніцца апублікаванымі здымкамі.

— Адна з, напэўна, галоўных праблем і трагедый нашай архітэктуры — вялікая колькасць знішчаных помнікаў. Як гэта адлюстравалася ў кнізе?

— Гэта сапраўды наша трагедыя, звязаная, хутчэй, з геапалітычным становішчам Беларусі. На жаль, гэтыя помнікі ўжо не вярнуць, але нават руіны — не проста маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Не трэба баяцца бачыць архітэктуру і ў гэтым. Рэшткі Крэўскага, Наваградскага, іншых замкаў, старажытных сядзіб — таксама частка нашай гісторыі, і менавіта ў кантэксце эстэтыкі яны таксама аказваюць надта моцнае ўздзеянне. Таму ў кнізе я распавядаю і пра многія з такіх помнікаў, у прыватнасці ў радках, прысвечаных замкавай ці сядзібнай культуры.

— Калі суадносіць беларускую архітэктурную эстэтыку з іншымі краінамі — з кім нас можна параўнаць?

— Беларусаў можна параўнаць толькі з беларусамі. Наша архітэктура адрозніваецца як ад заходніх, так і ад усходніх традыцый, хоць мае з усімі вельмі цесныя сувязі. Але мы ўнікальныя — і гэта адна з галоўных думак кнігі.

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сціплая і ўнікальная

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».