Вы тут

Незвычайная выстаўка працуе ў Гомелі


Знаёмая сітуацыя, калі захоўваць няма дзе, а выкінуць шкада? Ёсць выйсце: з галавой акунайцеся ў трэш-арт, як гродзенец Алег Ёрш. У Гомелі зараз экспануецца яго выстава, на якой прадметы, што павінны былі паўстагоддзя таму апынуцца на звалцы, набылі новае жыццё і прызначэнне.


Калі ў вас спецыфічнае пачуццё гумару, схільнае да чорнага колеру, вам сюды, у галерэю імя Гаўрыіла Вашчанкі. Яно будзе здаволена. Дарэчы, інсталяцыі, прадстаўленыя ў экспазіцыі, вось так — у поўнай калекцыі — нідзе не выстаўляліся. Іх трэба разглядаць уважліва і чытаць подпісы, якія дапамогуць растлумачыць або развіць шэраг асацыяцый, абудзяць ужо вашу фантазію. Аўтапартрэт Алега Ёрша, напрыклад, уяўляе металічны набор вілаў для печы, багор і рыдлёўку. Сабранае ў мудрагелістую канструкцыю, здалёк усё гэта нагадвае шкілет вялікай рыбіны. Калі даведваешся, што працуе майстар усталёўшчыкам помнікаў, можна зразумець, адкуль такое своеасаблівае адчуванне сусвету.

Між тым на выставе ёсць шматлікія прадметы традыцыйнага беларускага побыту. Але ж іх аўтэнтычны сэнс наўмысна скажоны. Ночвы, у якіх мылі бялізну і секлі капусту, сталі адметнай паліцай, а пранікі, якімі пралі бялізну, набылі вока-люстэрка і металічнае шчацінне. Драўляныя бочкі розных памераў ператвараюцца ці то ў імбрычкі, ці то ў крэсла на металічнай рэсоры, якое раяць выкарыстоўваць тым, хто хоча праверыць свой вестыбулярны апарат. Дэталі калаўрота можна ўгадаць у самаробным ровары, а старажытная швейная машынка-малаток прыстасаваная для металічнай клёпкі драўляных бочак.

Жанчыны не могуць нагледзецца на лыжы з лапцямі на абцасах. Відаць, шкадуюць, што арт-аб'ект не для продажу. На выставе знайшлося месца і лірычным пачуццям. Па жыцці разам ідуць керамічныя электраізалятары, а іржавыя пагнутыя цвікі ў рытме танга даказваюць, што каханню пакорныя не толькі ўсе ўзросты, але і ўсё, што нават не рухаецца.

Выстава мае назву «Жэсць». Бляшанкі тут таксама выкарыстоўваюцца, але іншым сэнсам назвы нас хочуць падвесці да сучаснасці і падкрэсліваюць імкненні аўтара здзівіць гледача. Атрымліваецца.

Як атрымліваецца і паіранізаваць над часам маладосці старэйшага пакалення беларусаў. Артэфакты з 50—70-х сёння выклікаюць цікавасць і настальгію. У такім своеасаблівым аўтарскім спалучэнні — яшчэ і ўсмешку. Ручная мясарубка вышчарылася букетам цвікоў, а паштовая скрыня перапрацоўвае газеты на туалетную паперу. Алюмініевы імбрык у акулярах вітаецца з гітарай, якая ператварылася... у начны гаршчок.

Мастацтва не для слабанервовых. Дарэчы, трэш-арт не сёння нарадзіўся на свет. Уражваць і шакіраваць у далёкім 1918 годзе пачаў усіх немец Курт Швіцерс з Гановера. Яго эксперыменты ў галіне абстрактнага мастацтва паклалі пачатак стылю, які дэманструе пратэст супраць шаблонаў мыслення. Галоўны захавальнік карціннай галерэі Алег Курашоў гаворыць, што гэта выстава-эксперымент:

— Англійскае слова trash азначае «смецце». Насамрэч, не ўсё смецце падлягае ўтылізацыі. З тых рэчаў, якія сваё адпрацавалі, можна зрабіць шмат чаго цікавага. І майстар з Гродна Алег Ёрш даказвае, што гэта сапраўды так. Прадстаўленыя арт-аб'екты зроблены з іроніяй, але вобразы зразумелыя для прачытання.

У сваім родным горадзе аўтар выставы стаў знакаміты тым, што заснаваў музей прасаў, якія збіраў на працягу многіх гадоў. У Гомель даехала каля сарака аб'ектаў трэш-арту, якія ствараліся апошнія 15 гадоў і паслядоўна ўвасабляюць прынцып сумяшчэння несумяшчальнага.

іost@zvіazda.by

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Калі б вы ведалі, з якога смецця...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.