Вы тут

10 памылак пры выбары насення


На жаль (а можа, і на шчасце), абысціся толькі сваім насеннем мы не можам — заўсёды хочацца пасадзіць на ўчастку новыя расліны і сарты, у пошуках якіх мы адпраўляемся ў крамы насення. Цалкам паглыбіўшыся ў свет яркіх каляровых пакуначкаў, мы зусім забываемся на правілы выбару і куплі насення. Не дзіўна, што ў канчатковым выніку вырастае ў нас часам зусім не тое, што чакалася. Якія ж памылкі мы дапускаем, выбіраючы насенне, і як іх пазбегнуць?


Памылка 1: няўвага да якасці

На рынку нямала няякаснай прадукцыі: пратэрмінаванага насення, разнастайнай перасорціцы. Купіўшы такі пасяўны матэрыял, вы рызыкуеце не толькі будучым ураджаем і прыгажосцю клумбы, але і здароўем свайго саду і агарода: з няякасным насеннем можна занесці розныя хваробы раслін і нават пустазелле, пазбавіцца ад якіх будзе ох як не проста.

Каб ваш час, сілы і грошы не былі змарнаваныя, будзьце заўсёды пільныя:

• не набывайце насенне невядомых вытворцаў — выбірайце фірму, якая шануе сваю рэпутацыю;

• не купляйце насенне на латках, у выпадковых прадаўцоў — рабіце гэта толькі ў спецыялізаваных крамах, якія выконваюць умовы захоўвання і тэрміны рэалізацыі;

• выбіраючы насенне ў інтэрнэт-крамах, памятайце пра «тэхніку бяспекі» такіх пакупак.

Памылка 2: маляўнічы пакет — добрае насенне

У так званых «белых» пакетах — гэта значыць упакоўках без малюнкаў — насенне па якасці, як правіла, зусім не горшае, чым у каляровых пакетах з фотаздымкамі. Насцярожыць павінна адсутнасць на пакеце інфармацыі пра вытворцу, нумар партыі насення, тэрмін яго прыдатнасці; не варта спяшацца з купляй і ў тым выпадку, калі тэрмін прыдатнасці нанесены друкарскім спосабам — на кожнай партыі насення яго павінны праштампаваць асобна.

Памылка 3: выбар «па малюнку»

Выбіраючы насенне толькі «па прыгожым малюнку» і прывабнай назве, мы робім велізарную памылку: карцінка зусім не заўсёды адпавядае выніку! Купляючы насенне, звяртайце ўвагу на характарыстыкі пасяўнога матэрыялу, названыя на ўпакоўцы: колькасць насення, працягласць вегетацыйнага перыяду, вышыня раслін, тэрміны цвіцення і плоданашэння, умовы вырошчвання і гэтак далей.

Памылка 4: купля гібрыднага насення для атрымання ўласнага

Тыповая памылковая думка многіх садаводаў: купіўшы дарагое насенне гібрыдных раслін (з маркіроўкай F1) аднойчы, у далейшым на іх куплю можна не траціцца, сабраўшы ўласнае.

Вядома, расліны з такога насення вылучаюцца больш высокай ураджайнасцю і ўстойлівасцю да захворванняў. Яны не так патрабавальныя да ўмоў вырошчвання, у іх наогул маса добрых якасцяў. Але іх кожны раз неабходна купляць у краме!

Калі вы купляеце насенне, каб у далейшым атрымліваць уласнае, лепш адразу адмоўцеся ад набыцця гібрыдаў. Паверце, нічога добрага з такога эксперымента не выйдзе: сабраўшы і пасеяўшы насенне гібрыдных раслін, вы атрымаеце зусім іншыя сарты, якія мала чым будуць нагадваць сваіх «прабацькоў», прычым адрозненні будуць, хутчэй за ўсё, не ў лепшы бок.

Памылка 5: адмаўленне ад прымянення дражаванага насення

Чалавеку ўласціва баяцца ўсяго новага і незразумелага, і менавіта так сёння некаторыя дачнікі ставяцца да дражаванага насення, памылкова думаючы, што расліны з яго могуць нанесці шкоду здароўю. Гэта не так. «Дражаваным» называюць звычайнае насенне, апрацаванае комплексам стымулятараў і ўгнаенняў, якія прыносяць толькі карысць раслінам, таму баяцца іх не варта. Адзінае, што трэба памятаць, набываючы такое насенне, — саджаць яго трэба ў вільготную глебу, але абавязкова сухім.

Памылка 6: недаацэнка раянавання і залішняя цяга да экзотыкі

Не варта купляць насенне дзіўных раслін, якія наўрад ці вырастуць у клімаце вашай мясцовасці. Толькі раянаваныя гатункі максімальна прыстасаваныя да кліматычных умоў канкрэтнага рэгіёна, яны каштуюць танней за «заезджыя», добра развіваюцца, атрыманыя з іх расліны не патрабуюць вялікага догляду ў далейшым і практычна заўсёды з'яўляюцца больш ураджайнымі.

Памылка 7: новае — значыць лепшае

Насенне-навінка павінна займаць не больш за 30% ад агульнай колькасці пасяўнога матэрыялу, інакш вы рызыкуеце застацца і без прыгожай клумбы, і без добрага ўраджаю.

Памылка 8: купля «ў запас»

Вядома, пасяўны матэрыял, расфасаваны ў сучасную фальгаваную ўпакоўку, захоўваецца даўжэй, чым насенне, традыцыйна спакаванае ў паперу. Але не варта забываць: пазначаны на фальгаванай упакоўцы тэрмін прыдатнасці «працуе» толькі ў дачыненні да запячатанага тавару. Ды і наогул забяспечыць насенню дома ідэальныя ўмовы захоўвання цяжкавата, і наша «запаслівасць» можа абярнуцца суцэльнымі расчараваннямі.

Памылка 9: спантанная купля

Даволі часта, паддаўшыся нейкай мімалётнай спакусе, захапіўшыся малюначкамі або натхняльным апісаннем, мы спантанна купляем насенне, а рабіць гэтага не варта. Хутчэй за ўсё, частка набытага апынецца відавочна лішняй. Перад тым, як адпраўляцца ў краму, праверце свой запас: пратэрмінаванае насенне выкіньце, прыдатнае для пасеву пакіньце, а пасля гэтага пралічыце, колькі трэба купіць новага насення і якога менавіта.

Памылка 10: неапраўданая эканомія

Дарагое насенне і насенне сярэдняга кошту, часцей за ўсё, з'яўляецца якасным, а вось казаць пра якасць таннага насення, на жаль, не даводзіцца. Гаворка ідзе не пра насенне ў белых пакетах, а пра таннае насенне ў каляровых упакоўках сумніўнай якасці: неакуратна склееных, з дрэнным шрыфтам, размытымі малюнкамі і гэтак далей. Не эканомце на насенні, старайцеся набываць якасны насенны матэрыял.

Ліст у тэму

«У мінулым годзе я набыў насенне гарбуза «Пінк Джамба Банана». Фасоўшчык — ААТ «Аграрна-прамысловы дом». Тэрмін прыдатнасці — да 12.2017 года. Усе гэтыя звесткі былі на пакеціку з насеннем. Я заўсёды захоўваю пакеты да самага збору ўраджаю, і гэты таксама. 24 мая я гэтае насенне (5 штук), а таксама насенне кабачкоў і звычайных гарбузоў паклаў ў анучку на прарошчванне ў цёплым пакоі. Дзён праз пяць прараслі кабачкі, праз тыдзень — свае гарбузы, а «Пінк Джамба Банана» — праз 10 дзён. І прарасла ўсяго адна семка з пяці. Усходжасць атрымліваецца — 20%. Тэлефанаванне ў фірму, якая фасавала насенне, ніякага выніку не прынесла. Маўляў, зараз гэтага чалавека няма на месцы, вам ператэлефануюць. Але гэтага не адбылося. Таму вырашыў напісаць у газету, тым больш што і раней у мяне былі праблемы з насеннем ад «Аграрна-прамысловага дома». Я набываю яго толькі ў спецыялізаваным магазіне. Вопыт вырошчвання розных відаў раслін маю добры. Больш за 20 гадоў у мяне на градках можна сустрэць не толькі гарбузы і кабачкі, але і кавуны, дыні і яшчэ шмат іншых раслін. Нават жэньшэнь ёсць. Тым больш што насенне, якое я нарыхтаваў сам, прарасло, а гэта — не. А я ж пакінуў у агародзе месца — гарбуз моцна разрастаецца. І ў сярэдзіне чэрвеня пазнавата было саджаць штосьці іншае.

Летась як ніколі дрэнная ўсходжасць была і ў іншага набытага насення, у прыватнасці насення дыні ад «Мінсксортсемгародніна». З 12 штук узышло толькі 5. Усходжасць — 41,7%. Навошта ж прадаваць такое?

Напішыце пра гэта абавязкова. Няхай людзі ведаюць!»

Іваноў Мікалай Мікалаевіч

в. Зелянец, Карэліцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».