Вы тут

Што рабіць, каб не падарваць псіхіку?


Наша псіхічнае здароўе ці нездароўе — родам з дзяцінства. Наогул кожны перыяд развіцця чалавека мае свае крытычныя кропкі, калі рызыка развіцця захворвання псіхікі істотна павышаецца. Аднак ці з'явіцца такая паталогія ў канкрэтнага чалавека, залежыць ад трох «кітоў» — спадчыннасці, асяроддзя, у якім даводзіцца жыць, і наяўнасці іншых праблем са здароўем.

Бывае, што этапы праходзяць не зусім нармальна, і тады фарміруецца псіхічная паталогія. Яна можа быць рознай цяжкасці. Ёсць выпадкі, калі чалавек страчвае сувязь з рэальнасцю, у яго адсутнічае крытычнасць, развіваюцца трызненне і галюцынацыі. Чалавек у псіхозе лічыць, што са светам штосьці не тое. Трэба адрозніваць пры гэтым чалавека «ў неўрозе» — кантакт з рэальнасцю не страчаны, ёсць крытычнае стаўленне да свайго стану, разуменне таго, што праблема звязана з самім сабой. Разрыў з рэальнасцю, або псіхатычнае расстройства, — гэта, напрыклад, шызафрэнія, цяжкая дэпрэсія, а неўратычнае — гэта трывожныя расстройствы, некаторыя віды дэпрэсіі і інш.


— Кожны перыяд развіцця ставіць задачы, з якімі чалавек павінен справіцца і набыць пэўны жыццёвы вопыт і рысы характару, — тлумачыць загадчыца аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Алена КОЯН. — Да 3 гадоў дзіця вучыцца давяраць дарослым, захоўваць вобраз блізкіх у сваёй памяці, калі іх няма побач. З 3 да 6 гадоў узрастае самастойнасць, дзіця атаясамлівае сябе і іншых з жаночым і мужчынскім полам. З 6 да 13 гадоў — час сацыялізацыі, калі вялікую ролю іграюць равеснікі. З 14 да 19 вельмі складаны перыяд фізічнага, псіхалагічнага і палавога выспявання, спроба быць самастойным, незалежным і ў той жа час неабходнасць усвядоміць сваю залежнасць ад бацькоў. Важным этапам развіцця з'яўляецца фарміраванне псіхалагічнай спеласці, але гэта ўжо не залежыць ад узросту...

Гэта прагучыць банальна, але для гарманічнага развіцця важна, у якой абстаноўцы мы раслі. Любая стадыя пройдзе нармальна, калі бацькі любяць, разумеюць і прымаюць. І не заўсёды важнай умовай з'яўляецца наяўнасць поўнай сям'і. Бо там, дзе адзін ці абое бацькоў злоўжываюць алкаголем, або ёсць сямейны тыран, або адзін з бацькоў — надта строгі, халодны, чэрствы, гарманічнае развіццё будзе немагчымым нават пры наяўнасці абаіх бацькоў.

Быць бацькамі — задача не з лёгкіх. Трэба шмат працаваць над сабой, сумесна пражываць усе дзіцячыя перажыванні, няўдачы і дасягненні. Дзіця неабходна многаму навучыць, але пры гэтым не забываць, што яно — не наша ўласнасць. Гэта асоба, з якой мусяць лічыцца!

У кожнага з нас ёсць свой набор стрэсавых фактараў. І тое, што для аднаго чалавека будзе траўмай, для другога такой не з'яўляецца. Як мы перажываем напружаныя моманты — таксама важна для нашай псіхікі.

Сучаснае жыццё ў вялікім горадзе з'яўляецца пастаяннай крыніцай дыскамфорту. Колькасць інфармацыі, якая на нас звальваецца, паток людзей, машын, патрабаванняў на працы, ва ўніверсітэце, школе, заахвочванне працагалізму... Усё гэта патрабуе пастаяннага засяроджвання, напружання і самааддачы. Але ці ёсць у нашага арганізма рэсурс для гэтага? Колькі ён можа вытрымаць? У многім гэта залежыць ад асобы і здольнасці спраўляцца з напружаннем. Дарэчы, калі дарослыя ў свой час пастаянна засцерагалі нас ад жыццёвых цяжкасцяў, тым самым яны пазбавілі нас магчымасці вучыцца пераадольваць праблемы і набываць новы вопыт. Мы не ўмеем адпачываць і не вучым гэтаму дзяцей. Мы часта ганяемся за дасягненнямі і забываем пры гэтым пра свае сапраўдныя жаданні. А гэта — прамы шлях да развіцця таго ж неўрозу.

З чаго пачнём?

  1. Вучыцца і яшчэ раз вучыцца размаўляць з іншымі і дамаўляцца! І не толькі са сваякамі. 
  2. Пасля завяршэння працоўнага дня зачыніце дзверы і пакіньце думкі пра работу за гэтымі дзвярыма. Не пакідайце галаву на працы. Дома трэба пабыць з блізкімі — яны дадуць тую энергію, якая пасля спатрэбіцца для новых працоўных подзвігаў.
  3. Важна не толькі адпачываць фізічна, але і атрымліваць новыя ўражанні (асабліва работнікам разумовай дзейнасці). Не лянуйцеся! Плануйце выхадныя і адпачынак так, каб назапасіць уражанні і эмоцыі.
  4. Калі не можаце жыць адно з адным, калі ваша сям'я — поле бітвы з пастаяннымі сваркамі, навошта вы працягваеце траўмаваць адно аднаго? Адкажыце на гэта пытанне.
  5. Не жывіце ў атмасферы гвалту і прыніжэння. Толькі вы выбіраеце або не выбіраеце, дзе вам жыць і з кім.
  6. Ваша фізічнае здароўе непасрэдна звязана з псіхічным. Фізічная нагрузка карысная для арганізма.
  7. Нельга ўвесь час эксплуатаваць цела, нібы яно вечны рухавік і не зношваецца.
  8. Перажываць душэўны боль — нармальна. Не нармальна, калі жыццё складаецца толькі з душэўнага болю.
  9. Калі вы не можаце дапамагчы сабе, адчуваеце сябе ў пастцы, жывяце ў пастаянным напружанні, то наспеў час ісці да псіхатэрапеўта. Гэта добры спецыяліст у галіне псіхічнага здароўя, і ён ёсць амаль у кожнай паліклініцы. Калі няма ў вашай, пашукайце ў суседняй.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Як вавёрка ў коле

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.