Вы тут

Знімаем стрэс з дапамогай рэкамендацый Тыбета


Паводле тыбецкай медыцыны, свет складаецца з трох відаў энергіі. Адзін з іх называецца «энергіяй ветру». Дысбаланс гэтай энергіі прыводзіць да стрэсу. Недасыпанне, хваляванне, трывога, лішак відэапраглядаў, праслухоўванне музыкі, шмат кантактаў з іншымі людзьмі — усё гэта ўзмацняе энергію «ветру» і парушае нашу душэўную, эмацыянальную раўнавагу. Спецыялісты тыбецкай медыцыны ведаюць, што дапамагае сцішыць «вецер» і супакоіцца.


Дабаўце спецый

Напрыклад, мускатны арэх. Ён мае цёплую прыроду, а таму гэта спецыя-антыстрэс нумар адзін. Яе, як і карыцу, часта прапануюць у кавярнях, аднак дабаўляць мускатны арэх можна не толькі ў каву. Ён цудоўна спалучаецца з рознымі відамі чаю, дэсертамі, асноўнымі стравамі. Калі вы «ў стрэсе», падсыпце мускатны арэх у любыя стравы, і кожная з іх такім чынам стане лекавай. Важна, каб гэта было не больш за 1 чайную лыжку на дзень.

Кмен, або зіра, і «зазямліцца» дапамагае, і паляпшае страваванне. Можна піць кменную гарбату. Палову чайнай лыжкі кмену трэба заліць шклянкай кіпеню і даць настояцца некалькі хвілін. Лёгкасць пасля яды забяспечана. А кардамон не толькі балансуе «вецер», але і знімае ацёкі, нармалізуе работу нырак.

Зрабіце масаж

Перад сном па стрэлцы гадзінніка ўцірайце топленае сметанковае масла або кунжутны ці аліўкавы алей. Уціраць трэба ў цэнтр далоняў ці ступняў. Рабіце самамасаж кожны раз пасля напружанага дня, калі вас нешта моцна ўзрушыла. Гэта дапаможа заснуць і спаць глыбока.

Медытуйце тры хвіліны

Гэтае практыкаванне можна выконваць дзе і калі заўгодна. Сядзьце зручна, заплюшчыце вочы, засяродзьце ўвагу на дыханні. Адчуйце халаднаватае паветра, якое ўдыхаеце, і цеплыню паветра, якое выдыхаеце. Паступова ваша дыханне стане больш павольным і глыбокім. Калі круцяцца нейкія думкі, адпусціце іх, і яны знікнуць. Вы павінны засяродзіцца выключна на дыханні. Такое пераключэнне ўвагі пазбаўляе мітусні, вяртае нас да сябе.

Піце зёлкі і не толькі

Высокая колькасць танінаў у моцным зялёным чаі павялічвае «вецер» нават мацней за чорны чай і каву. Таму гэтыя напоі трэба чаргаваць з рамонкавым чаем, цёплым малаком з мёдам і карыцай, цёплай вадой, сокамі з мякаццю (апельсінавым, маркоўным, вінаградным). Што датычыцца алкаголю, то аддаваць перавагу трэба ў гэтым выпадку не піву, а моцнаму алкаголю або гарачаму віну са спецыямі (у невялікай колькасці, вядома).

«Уцяпліце» меню

Антыстрэсавая ежа павінна быць цёплай і масляністай. Сухое і халоднае супрацьпаказана. Сыраядзенне, галаданне, вегетарыянства з нізкай колькасцю бялку (бабоў, арэхаў) таксама павялічваюць «вецер». Нават садавіну лепей ужываць гатаванай: яблыкі і грушы можна запякаць, а бананы смажыць.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вяртанне да сябе

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.