Вы тут

Спецыялісты транспартных войскаў — каштоўныя кадры


Калі краіну параўноўваць з арганізмам чалавека, то сардэчна-сасудзістая сістэма ў ёй — транспартныя камунікацыі. Быццам венамі і артэрыямі, Беларусь пранізана чыгуначнымі і аўтамабільнымі магістралямі. Транспартныя камунікацыі злучаюць гарады і вёскі, дзяржавы, нават кантыненты. Выкарыстоўваючы іх у сваіх мэтах, людзі ў пагонах уносяць важкі ўклад і ў развіццё сельскай гаспадаркі, абарончага сектара эканомікі, дапамагаюць насельніцтву вырашаць надзённыя праблемы.

Як цэласная сістэма транспартныя войскі Беларусі маюць небагатую гісторыю: яны былі створаны ў маі 2006 года на базе чыгуначных і аўтамабільных войскаў. Але і за гэты час зроблена нямала. Якімі буйнымі аб'ектамі мы абавязаны воінам-дарожнікам, чаму без гэтых спецыялістаў нельга ўявіць ніводзін узброены канфлікт і чым яны карысныя краіне ў мірны час — пра гэта і іншае мы пагутарылі з начальнікам дэпартамента транспартнага забеспячэння Міністэрства абароны генерал-маёрам Сяргеем НОВІКАВЫМ.


— Сяргей Ігнатавіч, стварэнне транспартных войскаў Рэспублікі Беларусь злучыла шматлікія віды камунікацый. Ці апраўдалася рашэнне аб'яднаць у адзіную сістэму чыгуначныя, аўтамабільныя і дарожныя войскі?

— Вывучаючы вопыт войнаў і ваенных канфліктаў, мы ўзялі лепшае, стварыўшы сістэму транспартнай бяспекі, у якую ўваходзяць чыгуначныя, аўтамабільныя і дарожныя войскі. Асноўным патэнцыялам транспартных войскаў з'яўляюцца падраздзяленні і воінскія часці, прызначаныя для гарантаванай аховы, тэхнічнага прыкрыцця, пры неабходнасці — аднаўлення і забеспячэння эфектыўнага функцыянавання транспартных камунікацый, найперш, штучных збудаванняў рознага прызначэння. Адзіная структура сістэмы транспартнага забеспячэння ўжо пацвердзіла сваю эфектыўнасць — як тая, якая адказвае сучасным рэаліям і здольная вырашаць увесь спектр надзённых пытанняў як у мірны, так і ў ваенны час. Стварыўшы ўнікальную ўніверсальную і цэласную сістэму, мы адаптавалі яе не толькі для Узброеных Сіл, а і для забеспячэння транспартнай бяспекі іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, у цэлым нашай дзяржавы.

— Найбуйнейшыя аперацыі Вялікай Айчыннай вайны не маглі абысціся без чыгуначнага транспарту, аўтамабільныя магістралі звязвалі фронт з тылам, а знакамітая дарога жыцця праз Ладажскае возера ўратавала не адну сотню тысяч чалавек... Якое месца транспартным камунікацыям адводзіцца ў сучасных узброеных канфліктах?

— Сапраўды, ніводная буйная аперацыя, якая праводзілася ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ва ўзброеных канфліктах сучаснасці, не магла абысціся без удзелу як чыгуначных, так аўтамабільных і дарожных войскаў. Напрыклад, падчас аперацыі «Баграціён», у выніку якой Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сіламі транспартнага забеспячэння быў гарантаваны надзейны падвоз матэрыяльных сродкаў. У гэтым заслуга і 13 асобных чыгуначных брыгад, і аўтамабілістаў, якія перавезлі звыш мільёна тон разнастайных грузаў для дзейнай арміі. Асобныя часці, якія ўваходзяць у склад транспартных войскаў Рэспублікі Беларусь, — 30-я асобная Чырванасцяжная чыгуначная брыгада, 71-ы асобны пуцявы чыгуначны батальён і 77-ы асобны Чырванасцяжны маставы чыгуначны батальён — прайшлі вайну з першага па апошні дзень, зрабілі ўсё дзеля таго, каб савецкія войскі дайшлі да Германіі і заваявалі Перамогу.

Сёння роля транспартных войскаў у забеспячэнні транспартнай бяспекі ўзрасла шматкроць. Цяжка нават уявіць, што пэўная аперацыя будзе праведзена без адпаведнай тэхнікі, зброі, іншых матэрыяльных сродкаў і, вядома, транспартнай інфраструктуры. Мы забяспечваем жывучасць чыгуначных і аўтамабільных дарог, здольныя захоўваць і аднаўляць працаздольнасць транспартных камунікацый нават ва ўмовах дзеяння праціўніка, ажыццяўляць вайсковыя перавозкі.

— І ў мірны час транспартныя войскі выконваюць вялікую работу па будаўніцтве і аднаўленні аўтамабільных дарог і мастоў, абароне дарожных аб'ектаў і нават ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый...

— Наша задача — рыхтавацца не толькі да вайны, а і забяспечваць транспартную бяспеку ў мірны час. Транспартныя войскі ўдзельнічаюць у ліквідацыі наступстваў як тэхнагенных, так і катастроф прыроднага характару. Хто, як не мы, першымі ўключыліся ў працу па ачыстцы дарог ад снегу, які ў 2013 годзе прынёс цыклон «Хаўер», а нядаўна «Даніэла» і «Эма»? У памяці — размыў дарожнага палатна ў Віцебску, якое праходзіла ўздоўж воднай перашкоды. Пайсці пад адхон цягніку не дазволілі нашы вайскоўцы, якія ў кароткі тэрмін накіраваліся да месца здарэння. Транспартныя войскі прыйшлі на дапамогу і тады, калі пры будаўніцтве аўтадарожнага моста праз Заходнюю Дзвіну ў раку ўпала 900 тон металу, якія перакрылі суднаходны рух па воднай магістралі. Аднавілі яго воіны-транспартнікі.

— Часам праца воінаў-дарожнікаў застаецца, што называецца, за кадрам. А між іншым, дзякуючы ім ваенная тэхніка і ўзбраенне своечасова трапляюць на палігоны, на якіх плануюцца адбыцца вучэнні. Летась мінамётныя залпы і кулямётныя чэргі грымелі ў розных месцах краіны і за яе межамі. Ці вытрымалі ваеннаслужачыя транспартных войскаў экзамен на прафпрыдатнасць?

— Мерапрыемствы па перакідванні войскаў на шматлікія адлегласці, у тым ліку на палігоны, якія летась былі задзейнічаны не толькі ў межах Саюзнай дзяржавы, а і ў межах АДКБ, паспяхова рэалізаваны. Сумесна з Міністэрствам транспарту і камунікацый, Беларускай чыгункай і «Белавіяй» мы заўсёды выбіраем найбольш эфектыўныя і эканамічныя спосабы перамяшчэння ўзбраення і тэхнікі. Безумоўна, удзельнічаючы ў падобных мерапрыемствах у мірны час, мы рыхтуем сябе да таго, каб у цяжкую хвіліну выканаць задачы ў любых абставінах. Але вельмі складана навучыць маставіка на палігоне. Таму спецыялісты-маставікі рыхтуюцца на рэальных аб'ектах транспартнай інфраструктуры рэспублікі, разам з тым удзельнічаючы ў дзяржаўных праграмах.

— Адна з іх — «Дарогі Беларусі». Што яшчэ за апошні час зроблена дэпартаментам у праектах, звязаных з рэальным сектарам эканомікі?

— У межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі» ваеннаслужачымі транспартных войскаў на працягу апошніх гадоў наведзены аўтадарожныя масты агульнай працягласцю больш за тры кіламетры і семсот метраў, узведзена больш за 50 штучных збудаванняў. Пры рэканструкцыі аўтамагістралі Мінск — Гомель дзякуючы часоваму аўтадарожнаму мосту, наведзенаму праз раку Свіслач, быў істотна скарочаны час на будаўніцтва капітальнага моста, зніжаны выдаткі на яго ўзвядзенне. Пры правядзенні капітальнага рамонту аўтадарожнага моста праз Дняпро ў Шклове штатная маёмасць транспартных войскаў дазволіла пазбегнуць лішніх выдаткаў і было сэканомлена больш як 12 мільярдаў рублёў. Акрамя таго, ваеннаслужачыя ўдзельнічаюць у праграме «Развіццё і ўдасканаленне дарог Беларусі», выконваюць задачы па інжынерным абсталяванні дзяржаўнай мяжы. Нашу маёмасць мы выкарыстоўваем і пры рэалізацыі дзяржаўнай праграмы будаўніцтва гідраэлектрастанцый. Праз краіну праходзяць шматлікія транспартныя калідоры. І наша задача — стварыць бяспечныя ўмовы для праходжання грузаў, увогуле засцерагчы ад небяспекі ўсю транспартную інфраструктуру краіны.

— Ці здольная тэхніка, якая стаіць на ўзбраенні транспартных войскаў, вырашаць усе надзённыя задачы? Як часта абнаўляецца аўтамабільны парк?

— Транспартныя войскі валодаюць унікальнымі матэрыяльнымі сродкамі, якія дазваляюць у кароткі тэрмін аднавіць рух транспарту, маецца сур'ёзны патэнцыял тэхнікі. Ужо абноўлена каля 30% узбраення і тэхнікі. Што тычыцца аўтамабіляў, самазвальны і грузавы паркі абноўлены амаль цалкам, прычым тэхнікай айчыннай вытворчасці. Але каб гарантавана забяспечыць транспартную бяспеку, мы павінны мець на ўзбраенні не толькі магутныя машыны, а і тыя спецыяльныя сродкі, якія за непрацяглы час дазваляюць выканаць комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні руху транспарту. Тут абнаўленне адбылося на 20%. Праходзіць мадэрнізацыю маставая маёмасць.

Хачу адзначыць унікальнасць тэхнікі вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода. Такія камбінаваныя сродкі, як лакамабілі, здольныя рухацца як па аўтадарогах, так і па рэйках, заехаўшы на іх з любога ўчастка і працягваючы рух па чыгунцы. Гэтыя машыны з дапамогай усяго аднаго спецыяліста здольныя выканаць цэлы комплекс мерапрыемстваў, у тым ліку па бездарожжы. Напрыклад, 20-тонныя самазвалы апраўдалі сябе падчас працы на спартыўных аб'ектах: летась ваеннаслужачыя ўдзельнічалі ў рэканструкцыі лыжаролернага комплексу «Заечая паляна», дзе рыхтуюцца нашы біятланісты. Такім чынам, тэхніка, якая стаіць на ўзбраенні транспартных войскаў, можа эфектыўна забяспечыць выкананне шмат якіх задач.

— А дзе можна атрымаць дыплом воіна транспартных войскаў? І якім чынам трапіць да вас прызыўніку?

— Спецыялістаў-прафесіяналаў рыхтуюць у Ваеннай акадэміі, на ваенна-транспартным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Акрамя таго, адпаведную адукацыю можна атрымаць і ў Санкт-Пецярбургу: у Ваенным інстытуце чыгуначных войскаў і ваенных зносін, Ваеннай акадэміі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Падрыхтоўку малодшых спецыялістаў мы ажыццяўляем у Слуцку, дзе створана добрая вучэбна-матэрыяльная база.

Для таго, каб трапіць у транспартныя войскі, па-першае, прызыўнік павінен хацець служыць. Па-другое, быць мужным, фізічна падрыхтаваным. Вітаецца наяўнасць тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасці. Калі ж яе няма, то ён абавязкова атрымае спецыяльнасць у войску. Вы ўяўляеце, колькі падрыхтавана прафесіяналаў для транспартнай галіны толькі пры ўдзеле ваеннаслужачых у праграме «Дарогі Беларусі»?! Пасля звальнення з Узброеных Сіл такі салдат ніколі не застанецца без працы, бо будзе валодаць надзейнай спецыяльнасцю, якая карыстаецца попытам у грамадзянскім жыцці. Адсюль — і вялікае жаданне служыць у нас.

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Майстры дарожных камунікацый

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».