Пасля заканчэння ў 1941 годзе васьмі класаў Аляксею Кісялёву споўнілася ўсяго чатырнаццаць гадоў. А ў сорак трэцім ён быў вывезены акупантамі са сваёй роднай вёсачкі Стары Стан Мілаславіцкага сельскага Савета, што на Клімаўшчыне, у Нямеччыну.
У родных мясцінах засталіся трое яго братоў-сірот. Бацькі, Кірыла Яўціхавіч і Аляксандра Іванаўна, памерлі пасля цяжкай хваробы, калі Алёшу было яшчэ ўсяго шэсць гадоў.
З дапамогай італьянскіх патрыётаў Кісялёў здзейсніў смелыя ўцёкі з лагера і стаў байцом Гарыбальдзійскай партызанскай брыгады «Матэоці». Удзельнічаў у васямнаццаці баявых аперацыях.
Амаль за два папярэднія гады знаходжання на акупаванай тэрыторыі ў Беларусі падлетак люта ўзненавідзеў фашыстаў, якія здзекамі, катаваннямі, расстрэламі, спальваннямі і вывазамі моладзі ў Германію наводзілі на шматпакутнай беларускай зямлі свой «новы парадак». Толькі ў адной яго вёсцы (калгас «Краіна Саветаў») за гады вайны было спалена 122 двары і тры жыхары-старастанцы, яшчэ 24 чалавекі забралі ў нямецкае рабства. А з франтоў Вялікай Айчыннай, як потым стане вядома, не вернуцца дахаты 64 воіны-землякі — хто загіне, а хто прападзе без вестак на той вайне.
Вось і стаў Лёша Кісялёў на барацьбу з ненавісным ворагам, узяўшы ў рукі зброю. Восенню 1944-га яго атрад выбіваў немцаў з мястэчка Кастэляўчэ. Здаецца, пасля бою ўсё сцішылася, немцы адступілі. Клімаўчаніна разам з таварышам па зброі паставілі на пост на пад'язных шляхах. Раптам хлопцы заўважылі набліжэнне пяхоты праціўніка да ўзводу. Аляксей, нягледзячы на сваю маладосць, прыняў самастойнае рашэнне: не ўзнімаць раней часу трывогі, каб не спалохаць фашыстаў. А ўдвух, хоць сілы былі зусім не роўныя, даць адпор, адкрыўшы з блізкай адлегласці па гітлераўцах нечаканы агонь. Трапныя чэргі патрыётаў амаль што ва ўпор выклікалі вялікі пярэпалах у стане ворага, які падбіраўся скрытна, каб заспець антыфашыстаў нечакана. І немцы зноўку па-здрадніцку адступілі, пакінуўшы на дарозе восем трупаў.
Усяго толькі праз некалькі дзён, 2 кастрычніка 1944 года, у баях каля Капуньяна, што непадалёк ад горада Парэці, сямнаццацігадовы Аляксея Кісялёва, на жаль, загінуў. У знак удзячнасці ад італьянскага народа і ў памяць аб ім у Італіі на магіле ўдзельніка антыфашысцкага супраціўлення пастаўлены помнік. Ёсць пра яго радкі і ў раённай кнізе «Памяць», якія сведчаць пра тое, што подзвіг Аляксея Кавалёва не забыты і на радзіме. Засталося толькі адшукаць яго асабісты фотаздымак. Магчыма, дапамогуць у гэтым чытачы: герояў Айчыннай вайны трэба ведаць у твар.
Іван ЛАПО, краязнаўца,
г. Клімавічы
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.