Па звестках сацыялагічных даследаванняў, больш за палову выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў працуюць не па спецыяльнасці. У Мінску сярод беспрацоўных з вышэйшай адукацыяй, зарэгістраваных у службе занятасці, пераважаюць выпускнікі платнай формы навучання, якія вывучалі ў ВНУ эканоміку і правазнаўства. Многія старшакласнікі ўпэўнены, што галоўнае — атрымаць дыплом, а што ў ім напісана — прынцыповага значэння не мае. Шчыра кажучы, пры той шматлікасці прафесій, якія прапануюць сёння навучальныя ўстановы, вельмі праблематычна не разгубіцца нават даросламу чалавеку. А што ўжо казаць пра падлеткаў, калі для некаторых з іх вырашальным аргументам на карысць выбару той ці іншай прафесіі можа стаць нават наяўнасць... прыгожага форменнага адзення. Хапае дзяўчынак, якія мараць стаць сцюардэсамі, і юнакоў, якія мараць аб ваеннай кар'еры ці рабоце ў падраздзяленнях МНС толькі з гэтай прычыны.
Пра складанасці з прафесійным самавызначэннем школьнікаў ішла размова падчас міжнароднай канферэнцыі ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі. Сваім досведам у правядзенні прафарыентацыйнай работы дзяліліся сацыяльныя педагогі, псіхолагі і настаўнікі з Беларусі, Германіі і Расіі.
Прагматызм супраць міласэрнасці
Мерчандайзер, прамоўтар, крэатыўны дырэктар, геймдызайнер, арт-кансультант, нейрапсіхолаг, брэнд-менеджар, фінансавы аналітык... Падлеткаў быццам магніт прыцягваюць назвы новых спецыяльнасцяў, у іх ствараецца памылковае ўражанне аб высокай запатрабаванасці такіх спецыялістаў.
Каб выявіць асноўныя матывы выбару будучай прафесіі, сярод слухачоў падрыхтоўчага аддзялення Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта было праведзена анкетаванне, у якім узялі ўдзел 134 навучэнцы. 128 слухачоў (95,5%) запэўнілі, што плануюць паступаць менавіта ў медыцынскую ВНУ. 86 працэнтаў сцвярджаюць, што звязаць сваё жыццё з медыцынай — гэта іх уласнае рашэнне. Прыклад ці парада бацькоў паўплывалі на прафесійнае самавызначэнне 8-мі маладых людзей, 3 слухачы адзначылі, што яны вырашылі прыслухацца да парады сваіх сяброў і знаёмых, для 2-х вызначальным стаў прыклад добрага ўрача, які сустрэўся ім у жыцці, а 5 маладых людзей паведамілі, што лічаць прафесію ўрача ці фармацэўта моднай і прэстыжнай.
Часта слухачы падрыхтоўчага аддзялення прыходзяць з устаноўкамі на атрыманне такіх спецыяльнасцяў, як пластычная хірургія, судовая экспертыза, стаматалогія, хірургія, не маючы пры гэтым ніякага ўяўлення пра іх спецыфіку. Выкладчыкі тлумачаць, што кожная з медыцынскіх спецыяльнасцяў патрабуе наяўнасці пэўных псіхалагічных якасцяў асобы, такіх як мэтанакіраванасць, стрэсаўстойлівасць, поўная самааддача і адданасць справе. Што ўрач павінен любіць людзей, быць цярплівым, валодаць вельмі глыбокімі ведамі пра асаблівасці чалавечага арганізма, метады дыягностыкі і лячэння. Напрыклад, для таго, каб стаць добрым педыятрам, трэба ўмець наладжваць стасункі з дзецьмі і іх бацькамі, не раздражняцца, разумець дзіцячую псіхалогію. Хірургаў вылучае псіхалагічная ўстойлівасць, фізічная вынослівасць і стрыманасць. Трэба дакладна разумець, што будні медыкаў далёкія ад рамантычных уяўленняў пра людзей у белых халатах: гэта штодзённая цяжкая праца і адказнасць за чалавечае жыццё. У Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце з жалем канстатуюць: колькасць абітурыентаў, якіх цікавіць менавіта магчымасць ратаваць людзей і палягчаць іх пакуты, надзвычай невялікая.
Акцёр без прафесійнай адукацыі?
Каб выявіць прафесіянальныя стэрэатыпы ў сучасных старшакласнікаў, спецыялісты Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ахапілі даследаваннем навучэнцаў 10-х і 11-х класаў школ свайго горада. Прафесіямі, якія найбольш церпяць ад стэрэатыпаў, аказаліся прафесіі акцёра, настаўніка, юрыста і ўрача. Самымі запатрабаванымі падлеткам падаюцца прафесіі юрыста, менеджара, піяр-менеджара, менеджара па продажах, менеджара па персанале, педагога, псіхолага і праграміста. Старшакласнікі надзялілі прадстаўнікоў гэтых прафесій мноствам тыповых якасцяў. Напрыклад, акцёры — творчыя, свабодныя асобы, якія валодаюць здольнасцямі да ўнушэння, харызмай, вядуць «багемны» лад жыцця, імкнуцца выдзеліцца любым спосабам, нават калі гэта супярэчыць грамадскім правілам. Па меркаванні большасці апытаных, акцёрам можна стаць, не маючы спецыяльнай адукацыі, паколькі аснову поспеху ў прафесіі складае артыстычны талент, тонкае адчуванне свету і інтуіцыя.
Настаўнікі бачацца старшакласнікам гуманнымі, але «шаблоннымі» асобамі. Некаторыя рэспандэнты адзначылі, што прафесію настаўніка атрымаць прасцей за ўсё, паколькі паняцце «педагагічныя здольнасці» некалькі ілюзорнае і «ад педагогаў не патрабуецца нейкіх складаных спецыяльных уменняў». Акрамя таго, прафесія «педагог» была ахарактарызаваная як «пераважна жаночая прафесія», а «выхавальнік дзіцячага садка» — як «абсалютна жаночая».
Юрыст быў прызнаны старшакласнікамі самай папулярнай, перспектыўнай і прэстыжнай прафесіяй. Юрысты, па іх меркаванні, валодаюць гнуткасцю мыслення і аналітычным складам розуму. Частка рэспандэнтаў указалі, што «юрыст», па сваёй сутнасці, — «мужчынская прафесія», паколькі патрабуе ад спецыяліста эмацыянальнай устойлівасці і «абстрактнасці мыслення», што ў найбольшай ступені ўласціва мужчынам.
Да самых высокааплатных былі аднесены прафесіі, звязаныя з уладай. Старшакласнікі таксама адзначылі як высокааплатную «прафесію» чыноўніка.
Высокія балы — не галоўны крытэрый
Класічная памылка — выбар прафесіі «за кампанію». Добра, калі абраная прафесія будзе адпавядаць інтарэсам і здольнасцям маладога чалавека, а калі не, то абавязкова з'явіцца расчараванне, жаданне распачаць усё, так бы мовіць, з белага аркуша. І страчаны час будзе дробяззю ў параўнанні з тым, што чалавек можа ўсё сваё жыццё займацца нелюбімай справай. Адчуванне ўласнай нерэалізаванасці яму гарантавана....
— На рашэнне дзіцяці ў выбары спецыяльнасці могуць паўплываць і ацэнкі па прадметах, — дзеліцца сваімі назіраннямі педагог-псіхолаг Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Лідар» Ганна ШАЎЧЭНКА. — Часцей за ўсё дзеці выбіраюць прафесію, зыходзячы з таго, куды можна паступіць, маючы добры бал па пэўных прадметах.
Але школьная паспяховасць не з'яўляецца гарантыяй паспяховай сацыялізацыі і самарэалізацыі выпускніка. Безумоўна, добрая падрыхтоўка істотна пашырае дыяпазон прафесій, з якіх школьнікі могуць выбіраць. Але не меншае значэнне маюць і асобасныя якасці маладога чалавека. Да таго ж ставіць знак роўнасці паміж прафесіяй і вучэбным прадметам нельга. Школьны прадмет — усяго толькі галіна ведаў, у якой можна працягнуць адукацыю. Абавязкова трэба ўлічваць, якія рэальныя прафесіі стаяць за канкрэтнымі школьнымі прадметамі. Да таго ж нярэдка дзеці трымаюць на прыкмеце дзве-тры спецыяльнасці, процілеглыя па сваёй скіраванасці і тых прафесійных якасцях, што патрабуюцца для навучання па гэтай прафесіі.
Бізнес-школа “Сколкава” і Агенцтва стратэгічных ініцыятыў склалі “Атлас новых прафесій”: у яго ўвайшлі такія прафесіі, напрыклад, як ІТ-генетык, генетычны кансультант, лічбавы лінгвіст, будаўнік “разумных дарог”, урбаніст-эколаг, экапрапаведнік, праекціроўшчык “разумнага асяроддзя”, электразапраўшчык, сеткавы юрыст і іншыя. Да слова, гэта зусім не фантастычныя прафесіі – базавую адукацыі па іх можна атрымаць ужо сёння.
— Лічу, што правядзенне самых папулярных тэстаў на прафпрыдатнасць не з'яўляецца дастатковым для выбару будучай прафесіі. У дзіцяці можа быць матэматычны склад розуму, адпаведна, і вынікі тэстаў будуць на карысць тэхнічных спецыяльнасцяў, але дзіця, можа, больш жадае працаваць з людзьмі або жывёламі. Таму вынікі тэстаў з'яўляюцца асновай для далейшай работы, але не канчатковым рашэннем, — падкрэслівае Ганна Шаўчэнка. — Вельмі істотны фактар, які нельга скідваць з рахунку, гэта уплыў пры выбары прафесіі на дзяцей бацькоў. Так, праведзенае ў адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар» даследаванне паказала, што 46,5% вучняў 9—10-х класаў і 62% вучняў 7—8-х класаў гатовы прыслухацца да меркавання бацькоў або атрымаць тую ж спецыяльнасць, што і іх бацькі.
Нярэдка менавіта нерэалізаванасць бацькоў у прафесійным плане прыводзіць да таго, што яны навязваюць дзецям свой выбар. Прычым менавіта для іх на першы план выходзіць прэстыжнасць. І не давядзі Бог, калі дзіця схіляецца да непрэстыжнай і малааплатнай, на іх думку, прафесіі. Але прэстыжнасць/непрэстыжнасць — крытэрый надзвычай хісткі і непрыдатны для таго, каб арыентавацца на яго пры прыняцці рашэнняў, што вызначаюць далейшы лёс дзіцяці. Можна стаць уладальнікам «моднай» прафесіі ці спецыяльнасці, але яна не будзе прыносіць маральнага задавальнення. Да таго ж не выключана, што на момант заканчэння навучальнай установы «моднымі» стануць зусім іншыя прафесіі.
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.