Вы тут

Кахання ўсім у пасаг!


Ці ёсць сувязь паміж каханнем і грашыма? Не спяшайцеся з адказам. Я не пра тое «пачуццё», якое ў прамым сэнсе некаторыя прадаюць і купляюць за купюры рознага наміналу або што іншае. («А як жа каханне з першага позірку? — Я дрэнна бачу, мне трэба памацаць...») Не падумайце нічога такога, я выключна пра светлыя пачуцці і... тым не менш усё роўна пра грошы. («Спачатку дзяўчынкі любяць лялек, а хлопчыкі — прыгожыя машынкі. А потым усё становіцца наадварот».) Так, пра гэта не вельмі заведзена гаварыць услых на ўвесь свет, прынамсі, у выхаваных людзей, але трэба прызнаць, што такое пытанне ніколі не скідвалася з рахункаў ні маладой парай, ні іх сем'ямі. А ўжо калі сітуацыя выходзіць з-пад кантролю, такія жарсці, бывае, кіпяць... «Аказваецца, калі пасля спарвання самка багамола не забівае свайго самца, гэта робіць яе маці». Часта гэта ў людзей здараецца якраз з прычыны матэрыяльных выгод, дакладней, іх адсутнасці. Ды што там казаць, у нас такі матыў падспудна закладзены нават у народнай забаўцы — варажбе. «Перад Калядамі амаль усе 18-гадовыя дзяўчаты варожаць, спрабуюць угадаць пра нарачонага. А многія 40-45-гадовыя разумеюць, што не ўгадалі...»


Штуршком для гэтых нататкаў стала навіна пра тое, што хутка стартуе амерыканскі стартап — праект, які фінансуе вяселлі кліентаў, упэўненых у сваім шлюбе. (Сёння знаёмствы ўсё часцей адбываюцца па прынцыпе «Мы паказалі адзін аднаму фатаграфіі сваіх катоў. Гэта ўжо сур'ёзныя адносіны!», таму так і хочацца сказаць наўздагон: «У выпадку недахопу грошай — пазычайце ў свайго багатага ўнутранага свету».) Узамен нічога не патрабуюць, пакуль пара не распадзецца. А вось пасля скасавання шлюбу маладым давядзецца выплаціць кампаніі належную суму з працэнтамі. У той жа час тым парам, якія будуць разам усё жыццё, не давядзецца аддаваць стартапу ні цэнта. Максімальная сума, якую змогуць прадаставіць маладым, складзе 10 тысяч долараў. Сродкі будуць паступаць ад кліентаў, якія скасавалі свой шлюб. («Я адразу зразумела, што ў нас з ім нічога не атрымаецца, калі ў кавярні замовіла сабе кан'як, а ён — марожанае...») Кампанія плануе выкарыстаць уласныя аналітычныя алгарытмы, каб вызначыць, якія пары могуць атрымаць сродкі ад праекту. Калі ў сужэнцаў узнікнуць нейкія праблемы падчас сумеснага жыцця, яны бясплатна змогуць скарыстацца паслугамі кансультанта. («За час сямейнага жыцця слоўнікавы запас Софы скараціўся да закочвання вачэй».)

...Дачытаўшы навіну да канца, пасмяяўся ад душы. Не, задума, можа, і неблагая... Толькі, падаецца, не на нашага чалавека разлічаная. У сэнсе, не для індывіда з савецкай загартоўкай.

Чамусьці адразу прыгадаў анекдот. «Ішоў Рабіновіч па вуліцы. Знайшоў грошы. Пералічыў. НЕ ХАПАЕ!» У тым сэнсе, што не трэба правакаваць!

(«Віні-Пух не хацеў жаніцца, але думка пра мядовы месяц зводзіла яго з розуму».) Прыгадаўшы далёкія часы, магу расказаць байку пра тое, як з адной бляшанкі чырвонай ікры рабілася сорак бутэрбродаў для вясельнага стала. Ці як аднойчы сквапны чалавек (а, можа, зусім бедны?) мусіў ладзіць вяселле некаму са сваіх дзяцей. Справа была ўлетку. Ён паставіў падвойныя вокны і крыху пратапіў печ... Не цяжка здагадацца, што госці доўга за сталом не затрымліваліся — імкнуліся хутчэй выскачыць на свежае паветра... Карацей, наш чалавек заўсёды мусіў «круціцца» (няхай часам і не ад добрага жыцця) і дасягнуў у гэтай справе вялікіх поспехаў. Мабыць, кожны прыгадае не адну гісторыю пра тое, як, напрыклад, дзеля жылплошчы сужэнцы фіктыўна разводзіліся. А вы кажаце — грошы на вяселле... Ды наш чалавек знойдзе тысячу спосабаў, каб і грошы атрымаць, і жыццё пражыць так, каб было што ўспомніць, і шлюб пры гэтым захаваць... («А тваё сумленне ў курсе, чым ты тут займаешся? — Сумленне ў долі».)

Зрэшты, чаму гаворка толькі пра колішняга савецкага чалавека? Жаданне сэканоміць, але пры гэтым калі не «пусціць пыл у вочы», дык зрабіць, каб было не горш, чым у іншых, — інтэрнацыянальнае. Прыгадайце хоць бы вядомую амерыканскую камедыю «Бацька нявесты» са Сцівам Марцінам у галоўнай ролі. Яго малодшы сын просіць дазволу ў бацькі запрасіць на вяселле сваёй сястры сябра, а галава сям'і ўсімі сіламі імкнецца ўціснуцца ў бюджэт. Напрыканцы ўрачыстасці яны — малы і дарослы — сустракаюцца. І хлопчык супакойвае бацьку нявесты: «Не хвалюйцеся, містэр, я нічога не еў!» На што той адказвае: «Я таксама...» Канешне, перабольшванне. Але тое, што дзеля некалькіх дзён вяселля — накрыць сталы, замовіць лімузін, упрыгожыць залу рэстарана — людзі бяруць крэдыты,  таксама факт. («На вяселлі жаніх вырашыў, што за такія грошы лепш выкупіць брата з турмы, чым нявесту».) Гэта ўжо ў нечым трагіфарс. А байка, якая ўжо стала анекдотам, пра тое, што ў першую шлюбную ноч маладажоны займаюцца самай эратычнай справай — адкрываюць канверты і пералічваюць падораныя купюры?

Ніхто не гаворыць, што без іх можна пражыць. («Шчасце за грошы не купіш. — Дай мне іх сюды. Я пакажу табе, як гэта робіцца».) Можна набыць нейкія выгоды, дабрабыт. Сапраўдныя пачуцці — наўрад ці. «Спачатку ты рагочаш з саплівых парачак, тыкаеш у іх пальцам, клянешся, што з табой такога не адбудзецца, а потым: «сонейка, зая, мур-мяў». Таму ўсім у новым годзе хочацца пажадаць у пасаг не толькі грошай, але і кахання найперш!

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.