Вы тут

Чаму варта пабываць ва ўнікальным музеі нацыянальных культур?


«Пад адзіным небам праз стагоддзі» — такую назву, верагодна, атрымае пастаянная экспазіцыя, якую ствараюць у Іўі — у адзіным у краіне музеі нацыянальных культур. Прычым, ужо зараз там нямала цікавінак, вартых увагі аматараў вандровак па Беларусі і турыстычных фірмаў, якія займаюцца іх арганізацыяй. У гэтым нядаўна на свае вочы пераканаўся карэспандэнт «Звязды». Вось толькі некаторыя з музейных «фішак».


Па­мят­ны знак у го­нар друж­бы  і адзін­ства кан­фе­сій Іў­еў­шчы­ны.

Мы розныя, але мы разам!

Гэтыя словы як найлепш падыходзяць да Іўеўшчыны, якая на працягу стагоддзяў служыць прыкладам талерантнасці ў дачыненні да традыцый людзей розных нацыянальнасцяў і канфесій — праваслаўных, каталікоў, мусульман, іўдзеяў. Як жа паказаць гэтую багатую «палітру» музейнымі сродкамі?

Іўеўскі музей нацыянальных культур — пэўна, адзін з самых маладых у краіне, сёлета яму споўніцца толькі 7 гадоў. Але збор у яго значны: музейны фонд ужо перавышае 3,5 тысячы адзінак.

— Гэта дакладная копія нашай знакамітай мячэці, якая не спыняла сваю дзейнасць з 1884 года. Яе вырабіў Ігар Гарбуноў з Віцебска. А вось — падсвечнікі, акенца і мінарэт, якія былі ў Іўеўскай мячэці ў 1920-я гады, — расказвае дырэктар музея Ірына ХАЛЯВА.

Альбо ведаеце, напрыклад, што такое таджвід? Гэта правілы чытання Карана. А дакумент «Лягі» (1892 г.) з'яўляецца пасведчаннем аб заканчэнні школы пры мячэці.

— Такое ўражанне, што ў нашых іўеўскіх татараў усюды ёсць сваякі, яны як адна сям'я. Таму ў музеі бываюць татары не толькі з іншых рэгіёнаў Гродзеншчыны, але і з Мінска і нават з горада-пабраціма Іўе — Азнакаева, што ў Татарстане, — кажа Ірына Халява.

Гістарычнае падарожжа па іўеўскіх вуліцах

Зрэшты, у сучаснай музейнай справе недастаткова проста сабраць экспанаты і чакаць наведвальнікаў.

Вырашыўшы, што людзей збліжае ў тым ліку і нацыянальная кухня, у музеі наладзілі «смачную» імпрэзу «Дзелімся рэцэптамі нацыянальных страў!» Калі ж наведвальнікі пажадаюць, то ім пакажуць батлеечны тэатр, правядуць майстар-клас. Нядаўна састаў «акцёраў»-лялек папоўніўся і з'явіліся новыя прадстаўленні — для дзецей і дарослых. Тут жа, у музеі гасцям прапануюць шырокі асартымент сувеніраў, якія вырабляюць рамеснікі, а частку — самі музейныя работнікі. Сярод лялек ёсць, напрыклад, і беларусачка, і татарачка.

Агледзеўшы экспазіцыю «Беларускія яўрэі» (у прыватнасці, там ёсць яўрэйскія рукапісы 1940 года, Тора на пергаменце і нават кавалак сцяны старых яўрэйскіх могілак у Іўі), можна ў суправаджэнні музейнага спецыяліста накіравацца ў экскурсію па горадзе, дзе да сёння захавалася архітэктура яўрэйскага квартала. Музейшчыкі раскажуць, якая сям'я жыла ў тым ці іншым доме, што гэта былі за людзі.

Дарэчы, арганізатар і каардынатар мемарыяльна-турыстычнага праекта «Карані» Міжнароднага цэнтра культурных сувязяў «Ізраіль — Беларусь» Тамара БАРАДАЧ — ураджэнка Іўя. Яна, быццам своеасаблівая сувязная часоў і пакаленняў, прывезла ўжо тысячы людзей з Ізраіля і іншых краін на зямлю продкаў. Дзякуючы Тамары Майсееўне папоўнілася і музейная экспазіцыя.

Актыўна супрацоўнічаюць з музеем і кіраўнік мясцовай татарскай абшчыны Іван ШВАЙБОВІЧ, старшыня рэгіянальнага мемарыяльна-культурнага яўрэйскага аб'яднання горада Ліда, калекцыянер Андрэй ФІШБАЙН (зараз рыхтуюць яго выставу «Традыцыйны яўрэйскі дом»).

Як варажыць з дапамогай... сякеры?

Якая сувязь гэтага пытання з музейнай справай? Ды самая непасрэдная. У музеі імкнуцца зацікавіць гасцей сваімі выставамі і, аказваецца, сярод захапленняў мясцовых жыхароў ёсць такое, як калекцыяніраванне... сякер. Нядаўна Іван КУЛЕШ і Іван БУЙКО прадставілі выставу са сваіх прыватных калекцый, дзе паказваюць каля 100 розных сякер, у тым ліку канадскага лесаруба, цыганскія. Выстава распавядае аб гісторыі сякеры, яе відах, тут можна даведацца, як правільна выбраць гэты галоўны інструмент цесляра і нават азнаёміцца са спосабамі варажбы з яго дапамогай.

А лідчанін Андрэй ЧЫСЦЯКОЎ паказаў сваю калекцыю... старажытнай цэглы. На многіх цаглінах — кляймо вытворцы, ініцыялы ўладальнікаў заводаў.

З такімі незвычайнымі экспанатамі, пэўна, лепш за ўсё пазнаёмяць самі калекцыянеры, што цалкам рэальна. Не выключана, што сярод гідаў будуць і іўеўскія мясцовыя школьнікі з музейнага аматарскага аб'яднання «Юны экскурсавод». Мажліва, лепшаму з іх пашанцуе на «бонус» у выглядзе музейнага пасведчання. З гэтым дакументам можна будзе бясплатна, як і любому музейнаму работніку, наведваць музеі вобласці, а можа, і ўсёй краіны. Галоўнае, што дзякуючы знаёмству з архіўнымі дакументамі, гістарычнымі прадметамі з музейнага фонду моладзь паглыбіць свае веды аб мінуўшчыне роднага краю.

Загаловак у газеце: Пад адзіным небам праз стагоддзі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.