Вы тут

Харваты перамаглі ісландцаў, а выйграла ад гэтага Беларусь


Спецыяльны карэспандэнт «Звязды» Дар'я Лабажэвіч перадае з Катавіц.

У апошні дзень групавога раўнда чэмпіянату Еўропы арэна «Сподэк» была цалкам запоўнена. Група В выдалася на здзіўленне роўнай, пасля двух гульнявых дзён у ачковай графе ва ўсіх каманд было па два балы, таму трэці дзень папярэдняга турніру стаў адказным момантам для ўсіх дружын.


Для нас, вядома, самым важным і доўгачаканым быў паядынак беларускіх хлопцаў з нарвежцамі. Хваляваліся як самі спартсмены, так і балельшчыкі, трыбуны выбухалі то радасным клічам, то ўздыхамі расчаравання. Беларускія фанаты, якія прыехалі ў Катавіцы, перад гульнёй у адзін голас паўтаралі: Мы верым!», а ўжо па ходзе паядынку не шкадавалі ні голасу, ні сіл.

На мінулым кантынентальным першынстве мужчынская зборная Нарвегіі не змагла выйсці з групы, затым не трапіла на чэмпіянат свету 2015 года, але падчас сёлетняга сезону абыгрывала такія топ-каманды, як Катар і Францыя. Ды і тут, у Катавіцах, дэманстравала даволі прывабны гандбол. Таму яшчэ да стартавага свістка было зразумела — гульня будзе складанай.

Абедзве дружыны выйшлі змагацца і рабілі гэта бліскуча, хуткі гандбол на сустрэчных курсах падабаўся заўзятарам. У складзе нашай зборнай нарэшце з'явіўся Арцём Каралёк, які прапусціў папярэднія паядынкі з-за траўмы. Беларусы з першых хвілін сустрэчы займелі перавагу і вялі ў ліку ўвесь першы тайм. Як і ў папярэдніх гульнях, выдатна ў варотах дзейнічаў Вячаслаў Салдаценка. Ён адбіваў сяміметровыя і без праблем браў кідкі з гульні. Другія трыццаць хвілін нарвежцы навязалі сур'ёзную барацьбу, шчыра скажам, ім дапамагалі і суддзі. Гандбалісты сталі нервавацца, беларуская атака перастала быць такой выніковай, як у першым тайме, з'явіліся памылкі ў абароне, нашы хлопцы біліся да апошняга і, здаецца, ім не хапіла 2-х хвілін, каб вырваць перамогу. Фінальны лік на табло — 27:29 не на нашу карысць.

Атакуе Максім БАБІЧАЎ.

Юрый Шаўцоў:

— У першым тайме гульні з нарвежцамі, калі мы адарваліся на 3 мячы, толькі вялікая колькасць выдаленняў не дазволіла нам сысці яшчэ далей. З'явіліся праблемы ў абароне, шмат прайгралі адзін на адзін, калі перастроіліся, гэта ўжо не дало ніякага выніку, што і прывяло да паражэння.

Сяргей Рутэнка:

— На жаль, правілы ЕГФ не дазваляюць мне сказаць усё, што хацелася б, а думак з нагоды паядынку з нарвежцамі шмат. Хлопцы змагаліся, рабілі ўсё, што маглі, але ўмяшаліся некаторыя фактары, якія не далі нам давесці сустрэчу да перамогі. Цяжка сказаць, чаго нам не хапіла ў другім тайме, таму што калі на адным баку адны судзейскія рашэнні, а на другім іншыя, вельмі цяжка гуляць. Незразумела было, як пад гэта падладжвацца, калі дазваляюцца жорсткія фолы і ты ведаеш, што табе не свіснуць, то ты на гэта і настройваешся. Але потым аказваецца, што на адным баку даюць 7 метраў і 2 хвіліны, а на іншым — 9 метраў. Я ні ў якім разе не звальваю усё на суддзяў, але іх падобныя рашэнні ўплываюць на гульцоў, асабліва на такую маладую каманду, як наша. Мы вельмі знерваваныя, таму што настройваліся на станоўчы вынік.

Наогул, калі казаць пра тое, як праявіла сябе наша зборная на групавым этапе чэмпіянату, то скажу, што мы змагаліся ў кожным матчы. Маладыя хлопцы не стушаваліся, паказалі добрую гульню і вельмі моцна дапамаглі камандзе. На мой погляд, наша зборная расце і прыбаўляе. Мы добра выступілі ў Катавіцах, быў правальны тайм з харватамі, але потым добрая перамога над Ісландыяй. Усе матчы былі вельмі нялёгкімі, таму што ў нашай групе каманды высокага ўзроўню, і мы паказалі, што не адстаём ад іх.

Вячаслаў Салдаценка:

— Апошняя гульня са зборнай Нарвегіі стала вельмі цяжкай, прапусцілі на 2 мячы больш, можа быць, гэта мая памылка. Калі б я адбіў іх, гэта дапамагло б нам перамагчы.

Сяргей Шыловіч:

— Вельмі крыўдна, што прайгралі нарвежцам, змагаліся да канца, ледзь-ледзь не хапіла часу. Эмацыйна вельмі цяжка было падысці да гэтай гульні пасля паядынку са зборнай Ісландыі, усё ж там мы аддалі шмат сіл. Адбіўся таксама недахоп людзей на лаўцы, некаторыя пазіцыі ў нас правісаюць, добра, што на турніры ёсць выхадныя, гэта дазваляе аднавіцца.

За выступленнем нашай зборнай тут, у Катавіцах, назіраў шэраг айчынных спецыялістаў, сярод якіх экс-варатар нацыянальнай зборнай, а цяпер спартыўны дырэктар мінскага гандбольнага СКА Андрэй Крайноў. Ён падзяліўся з карэспандэнтам «Звязды» сваім меркаваннем аб выступленні беларускай каманды і ўзроўні турніру ў цэлым.

— Гульні ў выкананні падапечных Шаўцова атрымаліся вельмі добрыя, якасныя, за выключэннем, мабыць, 15 хвілін другога тайма са зборнай Харватыі. Вельмі парадавалі маладыя гульцы, якія толькі-толькі патрапілі ў зборную, Салдаценка, Кулеш, Юрынок праявілі сябе выдатна, гарманічна ўліліся ў шэрагі нацыянальнай каманды. Наогул, не варта забываць, што зборная амаладзілася  працэнтаў на 30-40% і, нягледзячы на гэта, добра выступіла. Успомніце, як сыграў Кулеш у матчы з ісландцамі, за 30 секунд закінуў два вельмі важныя мячы. Гэта дае падставу думаць, што мы ідзём правільнай дарогай, у Беларусі расце добрае пакаленне гандбалістаў. Тая гульня наогул стала святам для Беларусі, хлопцы зрабілі вялікую справу. Матчы зборнай на ЕURО паказалі, што Беларусь нездарма ўваходзіць у топ-16 наймацнейшых каманд Еўропы

— Як вам гульня капітана?

— Нягледзячы на ўсё тое, што адбывалася ў кар'еры Сяргея Рутэнкі ў апошні час, ён у добрай форме, мацнее ад гульні да гульні. Хацелася б яшчэ адзначыць Барыса Пухоўскага, добра сябе праяўляе, таксама радуе і Сяргей Шыловіч.

— Што скажаце пра астатнія каманды чэмпіянату?

— Наша група наогул была вельмі роўнай, таму такая закрутка з'явілася пасля двух гульнявых дзён. Мы трапілі ў складаны квартэт, бо скандынаўскі гандбол заўсёды адрозніваўся іншай тактыкай, нашым спартсменам заўсёды было цяжка гуляць з імі. Тое, што на гэтым чэмпіянаце мы далі ім такі бой, проста выдатна. Гэта вялікі крок наперад.

Звычайна ў групах заўсёды ёсць прахадныя матчы, а тут, у Катавіцах, у нашай групе не было ні адной такой гульні, каманды гулялі мяч у мяч. Другі фактар — гэта цікавасць гледачоў, на «Сподэку» практычна заўсёды аншлаг. Людзі ідуць, значыць, ім падабаюцца гульні сваёй непрадказальнасцю і нават сюрпрызамі.

Пасля гэтага паражэння ад нарвежцаў толькі перамога Харватыі над Ісландыяй выводзіла беларусаў у асноўны этап. І харваты, якіх трэніруе былы настаўнік БГК імя Мяшкова Жэлька Бабіч, дапамаглі камандзе Юрыя Шаўцова, разграміўшы ісландцаў з лікам 37:28.

Сапернікамі прадстаўнікоў квартэта В на другім групавым этапе будуць найлепшыя дружыны групы А, якія напярэдадні таксама правялі заключныя паядынкі. У апошнім туры македонцы згулялі ўнічыю з сербамі (27:27) і апярэдзілі іх за кошт розніцы мячоў. У матчы двух лідараў гаспадары турніру, палякі, абыгралі дзейнага чэмпіёна Старога Свету — зборную Францыі — 31:25. Такім чынам, 1-ю групу асноўнага раўнда, якая будзе гуляць у Кракаве, склалі каманды Польшчы (4 ачкі), Нарвегіі (4), Францыі (2), Харватыі (2), Македоніі (0) і Беларусі (0). Беларускія гандбалісты, сёння, 21 студзеня, згуляюць са зборнай Францыі (пачатак у 22.30 па беларускім часе), 25 студзеня сустрэнуцца з палякамі (22.30), 27 студзеня — паядынак з Македоніяй (22.30).

Другая шасцёрка каманд, якая вызначылася ўчора позна вечарам, будзе гуляць у Вроцлаве.

Пасля другога групавога этапу па дзве найлепшыя зборныя з гэтых шасцёрак выйдуць у паўфінал. Паўфінальныя сустрэчы адбудуцца 29 студзеня, фінальны паядынак за золата і матч за бронзу пройдуць 31 студзеня ў Кракаве. Чэмпіён Еўропы атрымае прамую пуцёўку на Алімпійскія гульні — 2016 у Рыа-дэ-Жанейра. У выпадку перамогі зборнай Францыі, якая ўжо кваліфікавалася на Алімпіяду як чэмпіён свету, алімпійскі пропуск атрымае фіналіст кантынентальнага форуму.

Акрамя таго, дзве каманды атрымаюць магчымасць згуляць на перадалімпійскім кваліфікацыйным турніры. Каб трапіць у лік удзельнікаў кваліфікацыі, трэба заняць найлепшыя выніковыя месцы сярод каманд, якія яшчэ не атрымалі на гэта права. Зборныя Германіі, Даніі, Іспаніі, Польшчы, Славеніі і Харватыі ўжо забраніравалі сабе месца ў кваліфікацыі АГ-2016.

Польшча, Катавіцы

Загаловак у газеце: Ідзём далей!

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.