Вы тут

«Чорнае золата» працягне гульню на паніжэнне?


На мінулым тыдні сітуацыя на нафтавым рынку нагадвала ліха закручаны трылер. 18 і 21 студзеня кошт на «чорнае золата» маркі Brent апускаўся ніжэй за 28 долараў за бараль. Для параўнання: у 2014 годзе на піку нафта каштавала $114,99 за бараль, а летась — $68,4.


Кошт нафтавага кошыка Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) зменшыўся да $24,74 за бочку. Як паведаміла агенцтва Rambler News Servіce, гэта мінімальнае значэнне з мая 2003 года, калі за бараль АПЕК давалі 24,44 долара. Як вядома, у кошык уваходзяць 12 гатункаў «чорнага золата», сярод якіх Saharan Blend (Алжыр), Іran Heavy (Іран), Basra Lіght (Ірак), Kuwaіt Export (Кувейт), Arab Lіght (Саудаўская Аравія), Merey (Венесуэла).

Нафта таннела пад уплывам некалькіх фактараў. Ціск на кошт вуглевадародаў аказвае перавышэнне прапановы над попытам, запаволенне росту эканомікі Кітая (краіна з'яўляецца адным з найбуйнейшых спажыўцоў энерганосьбітаў у свеце) і здыманне санкцый з Ірана. Увогуле Ісламская Рэспубліка плануе павялічыць здабычу на мільён бараляў у дзень і пачаць інтэнсіўны экспарт.

Трэнд на паніжэнне быў даволі ўстойлівым, але ў пятніцу 22 студзеня нафта нечакана паказала найбольшы працэнтны рост са жніўня мінулага года. За адну гандлёвую сесію кошт павялічыўся на 10,02 працэнта — з 29,7 да 32,18 долара за бараль. Учора рост прадоўжыўся. Чаго чакаць далей?

Агульны расклад

Кошт нафты змяншаўся пад уплывам шэрагу важных інфармацыйных паведамленняў. Міжнародны валютны фонд (МВФ) панізіў прагноз росту сусветнага ВУП на 2016 і 2017 гады на 0,2 працэнтнага пункта — да 3,4% і 3,6% адпаведна, вынікае з абноўленага агляду фонду World Economіc Outlook. «Глабальны рост слабы і нераўнамерны з-за рызык, якія развіваюцца на рынках», — тлумачаць змену прагнозу аналітыкі фонду. Сярод іх ключавая пагроза — «запаволенне эканомікі Кітая», а таксама «ўмацаванне долара і напружанае геапалітычнае становішча».

«Бягучы год будзе перыядам сур'ёзных праблем, і ўплывовыя палітыкі павінны думаць не пра кароткатэрміновыя спосабы, якімі яны могуць падтрымаць эканоміку, а пра ўнёсак у доўгатэрміновыя перспектывы росту», — заўважыў дырэктар па даследаваннях і эканамічны кансультант МВФ Морыс Обстфельд.

З аднаго боку, паводле звестак фонду, працягваецца аднаўленне ў краінах з развітай эканомікай, якія будуць расці па 2,1% у 2016-2017 гадах (на 0,1 працэнтнага пункта павольней, чым прагназавалася летась у кастрычніку). Так, прагноз па росце ВУП еўразоны на 2016 год палепшаны на 0,1 працэнтнага пункта — да 1,7%, такі ж рост чакаецца і налета. Аналітыкі тлумачаць гэта тым, што ў ЕС расце асабістае спажыванне і фінансавы дабрабыт, што падтрымліваецца ніжэйшымі цэнамі на нафту і пераважвае скарачэнне чыстага экспарту.

Прагноз эканомікі ЗША на бягучы і наступны год пагоршаны на 0,2 працэнтнага пункта — ВУП будзе расці па 2,6%. Фонд падкрэслівае, што ўмацаванне долара — адна з галоўных рызык не толькі ўласна Злучаных Штатаў, але і ўсёй глабальнай эканомікі.

З іншага боку, у краінах у стадыі развіцця, якія фарміруюць істотную долю сусветнага ВУП, прагназуецца зніжэнне актыўнасці шосты год запар. Агульны прагноз для іх пагоршаны на 0,2 працэнтнага пункта — да росту 4,3% і 4,7% у 2016 і 2017 годзе адпаведна.

Прагноз ВУП Расіі перагледжаны на бягучы год у бок змяншэння на 0,4 працэнтнага пункта — да падзення на 1%. Прагноз на 2017 год ранейшы. Фонд чакае, што расійская эканоміка выйдзе з крутога піке і пачне расці на 1%. Прагноз па Кітаі фонд пакінуў на кастрычніцкім узроўні — у бягучым і наступным годзе эканоміка КНР вырасце на 6,3% і 6% адпаведна. Сур'ёзна зніжаны і прагноз ВУП Саудаўскай Аравіі — найбуйнейшага сусветнага пастаўшчыка нафты. МВФ чакае рост яе эканомікі ў 2016 на 1,2% і ў 2017 годзе на 1,9%. Гэта на 1 працэнтны пункт ніжэй за кастрычніцкі прагноз.

У сваю чаргу, Міжнароднае энергетычнае агенцтва заявіла, што не выключае далейшага зніжэння сусветных цэн на нафту на фоне захавання ў 2016 годзе перавышэння прапановы над попытам. Агенцтва чакае, што трэці год запар прапанова будзе перавышаць попыт на 1 мільён бараляў у дзень.

АПЕК таксама абвясціла свой варыянт прагнозу. Па разліках экспертаў картэля, агульны сусветны попыт на нафту сёлета вырасце на 1,26 млн бараляў, дасягнуўшы ўзроўню 94,17 млн бараляў у суткі. Гэта прыкладна на 40 тыс. бараляў больш, чым чакалася раней. Прычым цягам года сусветны попыт будзе павялічвацца — з 93,3 млн бараляў у першым квартале да 95,17 млн у чацвёртым.

Эксперты АПЕК чакаюць таксама, што здабыча нафты ў краінах, якія не ўваходзяць у картэль, сёлета скароціцца прыкладна на 660 тыс. бараляў суткі (з 56,87 да 56,21 млн), галоўным чынам за кошт змяншэння аб'ёмаў здабычы ў ЗША і Канадзе.

Страты і набыткі

Як заўважаюць эксперты, у нафтавай індустрыі назіраецца наймацнейшы за апошнюю чвэрць стагоддзя спад цэн. Урады нафтаздабыўных краін, якія разлічвалі на высокія сыравінныя прыбыткі, скарачаюць бюджэты, а імпарцёры падлічваюць выгаду. Увогуле танная нафта, па падліках эканамістаў МВФ, павялічыць глабальны ВУП на 0,2 працэнта, аднак для некаторых краін наступствы могуць быць сапраўды катастрафічнымі.

Міністр нафты Саудаўскай Аравіі Алі ан-Наімі. Фота report.az

Раней падчас падобных крызісаў экспарцёрам удавалася сумеснымі намаганнямі спыніць зніжэнне каціровак — праз абмежаванне здабычы. Праўда, адбывалася гэта галоўным чынам за кошт Саудаўскай Аравіі, якая выконвала квоты на здабычу. Цяпер Эр-Рыяд — галоўны голас у Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты — адмовіўся дапамагаць сыравіннаму картэлю за свой кошт. У каралеўстве вырашылі трымацца да канца, каб у выніку зніжэння здабычы не страціць долю рынку, як гэта здаралася раней. Аднак цэны зваліліся да ўзроўню, якога і ў Саудаўскай Аравіі, мяркуючы па ўсім, не чакалі. Каціроўкі ў памеры менш за 30 долараў за бараль не могуць не турбаваць нават арабаў, у якіх вельмі нізкі сабекошт здабычы — каля $10.

Спад цэн прымусіў каралеўства скараціць рэзервы на $90 млрд — да 650 млрд долараў. Таксама ўлады прыцягнулі больш $26 млрд на пазыковым рынку. Па выніках гэтага года дэфіцыт бюджэту Саудаўскай Аравіі дасягне 20% ВУП, прагназуе МВФ. З падобнымі цяжкасцямі стукнуліся таксама Катар, Кувейт і Аман (іх бюджэтны дэфіцыт — ад 5 да 8% ВУП).

КНР — буйны імпарцёр нафты. З аднаго боку, зніжэнне цэн дазволіць Кітаю менш выдаткоўваць на сыравіну. Летась Пекін заплаціў за імпартную нафту каля 228 млрд долараў, сёлета сума складзе $130-142 млрд. З іншага боку, Кітай таксама здабывае сыравіну. Па гэтым паказчыку краіна займае чацвёртае месца ў свеце пасля Саудаўскай Аравіі, Расіі і ЗША.

Для ЗША ўвогуле наступствы абвалу цэн на сыравіну станоўчыя — Амерыка ўсё яшчэ чысты імпарцёр нафты. Па падліках агенцтва Блумберг, для гэтай краіны спад цэн на нафту раўнацэнны падатковай зніжцы ў памеры $180 млрд у год.

Бонус для Старога Свету

Еўрасаюз — найбуйнейшы імпарцёр нафты ў свеце: стабільныя пастаўкі сыравіны жыццёва неабходны для развіцця еўрапейскай эканомікі. Самая высокая доля закупак «чорнага золата» ў адносінах да ВУП у гэтым рэгіёне — у Літве і Балгарыі (больш 9%). Адзіны чысты экспарцёр сыравіны ў ЕС — Данія. Найбуйнейшы вытворца — Вялікабрытанія (пры гэтым Злучанае Каралеўства з'яўляецца чыстым імпарцёрам, бо спажывае ўсю сваю нафту і яшчэ закупляе за мяжой).

Цяперашнія цэны на нафту дапамогуць павялічыць аб'ём інвестыцый, колькасць працоўных месцаў і, як вынік, паскорыць эканоміку. Чакаецца, што дзякуючы нізкім цэнам на нафту ў Еўрасаюзе будуць створаны 3 мільёны новых працоўных месцаў.

Ацэньваючы наступствы абвалу сыравінных катыровак для Еўропы, нельга абысці ўвагай Нарвегію, для якой нафта з'яўляецца галоўным прадуктам экспарту. Нягледзячы на павелічэнне здабычы на 10%, нафтавыя прыбыткі краіны скараціліся да мінімуму з 2009 года. Сёлетні дэфіцыт бюджэту Нарвегіі складзе каля $25 млрд.

Фота mail.ru

Выхад на рынак іранскай нафты — дрэнная навіна для іншых нафтаэкспарцёраў і перш за ўсё для Расіі і Саудаўскай Аравіі. Справа у тым, што калі санкцыі ўводзіліся, менавіта гэтыя краіны занялі месца Ірана на рынках збыту, у тым ліку ў Еўропе. У выніку аб'ём неатрыманых Ісламскай Рэспублікай прыбыткаў ад экспарту нафты склаў больш 160 мільярдаў долараў. Цяпер, калі санкцыі зняты, краіна зможа аднавіць продаж сваёй нафты на міжнародным рынку. Іран валодае чацвёртымі па маштабах запасамі нафты ў свеце пасля ЗША, Саудаўскай Аравіі і Расіі. Пры гэтым іранская нафтаздабыўная прамысловасць гатова да змяншэння цэн. Тэгеран паспрабуе ўзяць рэванш і зноў заняць страчаныя пазіцыі.

Гульня на паніжэнне працягваецца. Іран ужо зменшыў цэны на «чорнае золата» для спажыўцоў у Еўропе, каб канкурыраваць на гэтым рынку з Саудаўскай Аравіяй. Кошт нафты гатунку Іran Heavy са зніжкай (6,55 долара) будзе роўны $17,3 за бараль. Саудаўская Аравія прадае сваю нафту з дысконтам у 4,85 долара за бараль.

Як лічаць аналітыкі рынку, перыяд росту цэн на «чорнае золата» працягнецца нядоўга. А наконт далейшых перспектыў лепш за ўсіх выказаўся кіраўнік аддзела па інвестыцыях Ayers Allіance Securіtіes Джонатан Барэт: «Цэны на нафту знаходзяцца на ўзроўні, на якім змагаюцца ўсе краіны АПЕК. Яна прадаецца цяпер дзеля руху грашовага патоку, а не прыбытку». Так што эпоха нафтавага «мінімалізму», напэўна, працягнецца.

Захар БУРАК. burak@zviazda.by

Загаловак у газеце: Нафтавы «мінімалізм»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

У Брэсцкай вобласцi першымi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

У Брэсцкай вобласцi першымi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

Хто валодае нерухомай маёмасцю альбо ўчасткам зямлi, ведае, як важна мець адпаведныя дакументы на сваю ўласнасць.

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.

Грамадства

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Песнi на вершы Iвана Юркiна карыстаюцца вялiкай папулярнасцю. Хто не ведае гiмна гасцiннасцi нашай краiны — «Прыязджайце да нас у Беларусь»? Вось таму было цiкава пазнаёмiцца з музай паэта — яго жонкай Надзеяй Iванаўнай.