Вы тут

Войны далёкія і блізкія


Заява кіраўніка Пентагона, якая прагучала 22 студзеня 2016 года ў выданні Polіtіco, пра тое, што амерыканцы плануюць вярнуць у Ірак адно са сваіх найбольш баяздольных падраздзяленняў — 101-ю паветрана-дэсантную дывізію — для наземных баёў супраць групоўкі «Ісламская дзяржава», здзівіла многіх. Гэта вельмі няпростая ініцыятыва для ЗША. Апытанні грамадскай думкі сведчаць пра незадаволенасць простых амерыканцаў вопытам папярэдніх ваенных кампаній у Іраку і Афганістане, якія абышліся ў трыльёны долараў бюджэту і каштавалі некалькіх тысяч забітых амерыканскіх вайскоўцаў. Вядома, Прэзідэнт ЗША, які пакідае свой пост, можа дазволіць сабе невялікую вайну пад канец кар'еры, але яна, хутчэй за ўсё, негатыўна адаб'ецца на шанцах кандыдата ад дэмакратычнай партыі зноў заняць прэзідэнцкі пост. Не прыходзіцца чакаць таксама, што сіл адной дывізіі акажацца дастаткова для перамогі там, дзе не спраўляецца цэлая іракская армія, якую гадамі трэніравалі і ўзбройвалі самі ж амерыканцы. Новая ініцыятыва можа стаць пачаткам новай тактыкі — адправіць спачатку адну дывізію, а калі яна не справіцца, папрасіць кангрэс аб пасылцы дадатковых салдатаў ёй на дапамогу. Таксама міністр абароны ЗША заявіў у інтэрв'ю CNBC, што хацеў бы адправіць амерыканскіх ваеннаслужачых і ў сірыйскую Раку.


Як і трэба было чакаць, Расія расцаніла новую ініцыятыву ЗША як спробу перахапіць у яе сітуацыю ў барацьбе з тэрарызмам на Блізкім Усходзе. Заяву пра гэта зрабіў кіраўнік камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Аляксей Пушкоў. У самім Іраку няўзгодненую з ім заяву амерыканцаў таксама сустрэлі халаднавата. Міністр замежных спраў Ірака Ібрагім аль-Джаафары заявіў пра намер Ірака весці барацьбу з тэрарыстамі «рукамі іракскіх сіл», без замежнага ўмяшання. Відавочна, што чаша цярпення ўлад Ірака перапоўнена пасля аналагічнага выпадку ў мінулым снежні, калі Турцыя без узгаднення з урадам Ірака ўвяла свае войскі на тэрыторыю нафтаноснага Масула.

У суседняй Сірыі з'явіліся першыя прыкметы таго, што ваенная аперацыя, якую Расія правяла ў верасні 2015 года, пачынае прыносіць свой плён, ствараючы неабходную падтрымку для ўрадавай арміі. Сірыйскія ўрадавыя войскі адбілі ў баевікоў стратэгічны горад Ар-Рабіа і паселішча Ар-Роуда ў правінцыі Латакія. Калі сірыйскай арміі ўдасца развіць поспехі, магчымай стане і сухапутная ваенная аперацыя Расіі на тэрыторыі краіны. Асабліва ўлічваючы свежую ініцыятыву амерыканцаў у Іраку.

Пасля адмены міжнародных санкцый супраць Ірана на фоне заявы МАГАТЭ 16 студзеня аб прыняцці краінай неабходных мер па спыненні сваёй ядзернай праграмы ён пачаў выкарыстоўваць новую сітуацыю для аднаўлення пазіцый на сусветнай арэне. 22 студзеня адбыўся першы за чатырнаццаць гадоў візіт старшыні КНР у Тэгеран. Падчас яго было падпісана 17 пагадненняў аб супрацоўніцтве і была пастаўлена задача нарасціць за наступныя дзесяць гадоў таваразварот у дзесяць разоў, да 600 мільярдаў долараў. Бакі ахарактарызавалі свае адносіны як стратэгічнае партнёрства. Можна чакаць, што значная частка тых дадатковых аб'ёмаў нафты, якія будуць выкінуты Іранам на сусветны рынак у наступныя месяцы пасля адмены санкцый, будзе набыта менавіта Кітаем. Гэта самы значны шанц іранцаў нарасціць свой экспарт у Кітай, які мае патрэбу ў сыравіне, каб вырабляць прамысловыя тавары для сябе і многіх краін свету. У гэты ж дзень заява аб адмене санкцый супраць Ірана была зроблена і Японіяй, якая, у адрозненне ад Кітая, не паспела скарыстацца новай сітуацыяй для ўмацавання сваіх адносін з Тэгеранам.

На мінулым тыдні Расія і ЗША працягнулі абмен ударамі ў рамках халоднай вайны, якая ўзнавілася з 2014 года. У адказ на закрыццё Амерыканскага цэнтра ў Маскве і 28 яго філіялаў у Расіі амерыканскія ўлады адклікалі акрэдытацыю ў ганаровых консульстваў Расіі ў Каліфорніі, Мінесоце, Пуэрта-Рыка, Фларыдзе і Юце. Пры гэтым Расія прадоўжыла нарошчваць свае ўкладанні ў амерыканскія каштоўныя паперы, што было б немагчыма ў гады ранейшай халоднай вайны, калі эканоміка СССР была фактычна ізалявана ад заходняй, за выключэннем невялікага таваразвароту. У лістападзе 2015 года Масква на шэсць мільярдаў долараў павялічыла ўкладанні ў казначэйскія аблігацыі ЗША US Treasurіes.

Галоўнай геапалітычнай падзеяй для Беларусі на тыдні стала зацвярджэнне новай ваеннай дактрыны 22 студзеня. Мір змяняецца, і меры па ваеннай бяспецы трэба змяняць, каб яны адэкватна забяспечвалі бяспеку краіны і жыхароў. У прыватнасці, Прэзідэнт Беларусі звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што на змену традыцыйным формам вайны прыйшлі іншыя, у тым ліку так званыя гібрыдныя. У іх значна павысілася роля інфармацыйных рычагоў уздзеяння на фарміраванне грамадскай думкі ў той або іншай дзяржаве. А гэта патрабуе гнуткай стратэгіі для адэкватнага рэагавання.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?