Вы тут

Чалавеку важна проста выгаварыцца


Дабрабыт людзей у многім залежыць ад таго, як працуе мясцовая ўлада, дэпутаты пярвічнага ўзроўню. Гэта самая блізкая да чалавека структура, па якой ён мяркуе аб сістэме дзяржаўнага кіравання ў цэлым. Часта чалавеку вельмі важна проста выгаварыцца, адчуць, што да яго патрэб ставяцца з разуменнем. Дэпутаты мясцовых Саветаў назапасілі шмат формаў двухбаковай сувязі са сваімі выбаршчыкамі, жыхарамі рэгіёнаў. І гэтыя «масткі» год ад года ўмацоўваюцца, удасканальваюцца. Але, як кажуць, межаў дасканаласці няма... Пра гэта яшчэ раз нагадала старшыням пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святлана ГЕРАСІМОВІЧ падчас чарговай сустрэчы.


— У кожным сельскім Савеце прыняты і зацверджаны планы сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый на 2016 год. Не проста планы, а праграма дзеянняў, па якой жыць і працаваць у бліжэйшай перспектыве.

І вельмі важна, каб жыхары ведалі, якія змены чакаюць канкрэтныя тэрыторыі.

— Таму неабходна, каб гэтыя планы былі змешчаны на стэндах у даступных месцах, дзе найчасцей збіраюцца людзі. Прычым інфармацыя павінна быць распісана па кожным населеным пункце: што і калі будзе зроблена, з указаннем адказнай за выкананне асобы, — адзначыла Святлана Герасімовіч.

Не правяраць, а дапамагаць

Нагадала Святлана Міхайлаўна сваім калегам і пра тое, што сёлета па ініцыятыве Пастаяннай камісіі ў Законе «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» замацавалі норму аб правядзенні рэгіянальных сходаў дэпутатаў. Як паказала практыка, яны апраўдваюць сябе. На гэтую, так бы мовіць, раду збіраюцца дэпутаты, старасты вёсак, старэйшыны. «Такая форма работы аб'ядноўвае дэпутацкі корпус, павышае статус дэпутатаў пярвічнага звяна», — лічыць сенатар.

Па ініцыятыве Старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча на буйных прадпрыемствах працуюць дэпутацкія групы. У краіне іх 327. Дэпутаты наведваюць суб'екты гаспадарання, вывучаюць сітуацыю, ладзяць прыёмы грамадзян, сустрэчы з людзьмі, цікавяцца іх праблемамі. Магчыма, пэўныя пытанні не вырашацца адразу. Але чалавек адчувае, што ён не абыякавы ўладзе, яго выслухалі. У полі зроку такіх мабільных фарміраванняў — пытанні працоўнай занятасці, своечасовай выплаты заработнай платы і г.д.

Паляпшэннем фінансава-эканамічнага становішча прадпрыемстваў, сельгасарганізацый заклапочаны і маніторынгавыя групы. Такія фарміраванні створаны як на ўзроўні рэспублікі, так і абласцей.

— Але вобласці вялікія і выявіць ўсе недахопы складана. Таму мы, параіўшыся са старшынямі абласных Саветаў дэпутатаў, пайшлі далей: аналагічныя групы стварылі пры раённых Саветах.

Яны выязджаюць на месцы не для таго, каб некага пакараць, а для таго, каб дапамагчы выправіць становішча.

— У краіне 328 стратных прадпрыемстваў, і трэба думаць, што з імі рабіць. Напрыклад, у Віцебскай вобласці распрацавалі праграму іх рэфармавання. Але адна справа прыняць праграму, іншая — давесці задуму да канца. Мы цесна працуем з пярвічнымі, раённымі, абласнымі дэпутатамі. З тымі праблемамі, якія выяўляюцца на месцах, выходзім ва ўрад, у міністэрствы, ведамствы. Спадзяюся, што старшыні пасялковых і сельскіх Саветаў далучацца да работы груп, калі тыя наведаюць падведамасныя тэрыторыі. Яны едуць не правяраць вас, а ўнікаць у сітуацыю, прымаць удзел у яе паляпшэнні, — запэўніла Святлана Герасімовіч.

Старшыня Пастаяннай камісіі папрасіла не забываць і пра такую дзейсную форму сувязі з людзьмі як інфармацыйна-прапагандысцкія групы. Яны створаны пры ўсіх сельскіх Саветах, але не ўсюды працуюць эфектыўна. «Не трэба гнацца за колькасцю ўдзельнікаў. Магчыма, гэта будуць 3 чалавекі, але дзяржаўнага складу, якія змогуць данесці да грамадзян аргументаваную інфармацыю», — падкрэсліла сенатар.

Парадак за ўласны кошт

Ужо стала традыцыяй на сустрэчы запрашаць прадстаўнікоў і спецыялістаў розных ведамстваў, міністэрстваў. З 1 студзеня ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта №535 «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг». Першы намеснік міністра ЖКГ Алег ПАСКРОБКА расказаў прысутным аб новаўвядзеннях.

Самая галоўная задача, якая ставілася, — зрабіць паслугі празрыстымі і зразумелымі для спажыўцоў. Раней тэхнічнае абслугоўванне было комплексным. Цяпер пад тэхнічным абслугоўваннем маюцца на ўвазе толькі тыя паслугі, на якія жыхары не могуць паўплываць. Напрыклад, інжынерныя сеткі, камунікацыі, канструктыўныя элементы. Тут павінны працаваць прафесіяналы. А вось за ўборку, якая раней уваходзіла ў тарыф тэхнічнага абслугоўвання, сёння давядзецца плаціць асобна..

Змены закранулі і такі пункт, як карыстанне ліфтам. Раней мы плацілі за яго ў залежнасці ад колькасці зарэгістраваных у кватэры жыльцоў. Цяпер жа будзем аплачваць за тэхнічнае абслугоўванне ліфта прапарцыянальна займаемай плошчы кватэры, а таксама — расходы на электраэнергію для ліфта, якія будуць залежаць ад таго, колькі наездзілі за месяц жыхары пад'езда.

Цікавіла прысутных і пытанне, з каго можна спытаць, калі ў пад'ездзе невядомыя размалявалі сцены, разбілі лямпачкі. Аказваецца, акт вандалізму трэба запратакаліраваць, праінфармаваць упаўнаважанага па доме, міліцыю. Калі ў выніку расследавання парушальнікі не будуць выяўлены, то ўласнікі жылога дома на працягу месяца павінны прыняць рашэнне і прывесці ўсё ў парадак за кошт уласных сродкаў.

— Усё ідзе да таго, каб у кожным пад'ездзе быў абраны старэйшы. Мы скардзімся, што на лесвічнай пляцоўцы брудна, засмечана. Па новых правілах, па жаданні жыльцоў могуць прыслаць брыгаду, якая ўсё вымые, вычысціць, але за паслугу выставяць асобны рахунак. Трэба працаваць з людзьмі, каб яны самі сачылі за парадкам у месцах агульнага карыстання, прымалі ўдзел у яго падтрыманні. Інакш — плаціце са сваёй кішэні, — падкрэсліла Святлана Герасімовіч.

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».