Вы тут

Ці трэба змякчаць закон?


У Міністэрстве ўнутраных спраў прапанавалі лібералізаваць кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Ідэя, якую 11 студзеня агучылі на грамадскім савеце пры МУС, вокамгненна разляцелася па прасторах інтэрнэту і стала гарачай тэмай для абмеркавання. Адны магчымыя саступкі падтрымліваюць дзвюма рукамі, другія бачаць у іх негатыў. У сваю чаргу карэспандэнт «Звязды» паспрабаваў разабрацца ў сітуацыі і знайсці адказы на пытанні, якія моманты могуць быць часткова перагледжаны і калі гэтыя змены набудуць заканадаўчую моц.


Шмат прапаноў тычацца дзейнасці Дзяржаўтаінспекцыі.

Што падказалі лічбы?

— На рашэнне аб лібералізацыі, напэўна, найперш паўплывала статыстыка, — лічыць Алег КАРАЗЕЙ, начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС. — З улікам распаўсюджання фотафіксатараў міліцыя летась выявіла звыш 3 мільёнаў правапарушэнняў. Атрымліваецца, ледзь не кожны дарослы жыхар краіны падпадае пад адміністрацыйныя пакаранні. Розніца толькі ў тым, што на аднаго складуць пратакол 10 разоў, а на другога — ніводнага. Але ў нас насамрэч не такая дрэнная сітуацыя з грамадскім парадкам, каб людзей у такіх аб'ёмах прыцягваць да адказнасці. І гэтая ініцыятыва — адзін з першых штуршкоў да таго, каб звярнуць увагу на падобную праблему.

Па вялікім рахунку, міліцыя зрабіла даволі значны, для многіх нават нечаканы крок. Па пытанні лібералізацыі заканадаўства ў МУС вырашылі не прымаць рашэнні ў кулуарах, а рухацца шляхам грамадскага дыялогу і спытаць, што думаюць пра гэта нашы жыхары. Дзеля чаго для агульнага абмеркавання падрыхтавалі 9 пунктаў, па якіх патэнцыйна можна было б знізіць адказнасць. Іх апублікавалі на афіцыйным сайце ведамства і на некаторых іншых інтэрнэт-парталах. Акрамя таго, на галоўнай інтэрнэт-старонцы беларускай міліцыі з'явілася форма для запаўнення, у якой грамадзяне могуць пакінуць свае прапановы і заўвагі. На гэтым у міліцыі не спыніліся і для паўнаты карціны вырашылі прааналізаваць каментарыі пад адпаведнымі навінамі на самых буйных інфармацыйных сайтах. І, што цікава, рэакцыя ў адказ не прымусіла сябе чакаць.

— Мы разлічвалі, што атрымаем даныя пасля 3-4 тыдняў галасавання, а хапіла 3-5 дзён, — кажа Канстанцін ШАЛЬКЕВІЧ, начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС РБ. — І я не думаю, што ў бліжэйшы час вынікі галасавання кардынальна зменяцца. У нашым апытанні ўжо паўдзельнічалі звыш 50 тысяч чалавек, па электроннай пошце прыйшло больш за 100 лістоў-прапаноў, на сайце міністэрства пакінулі звыш тысячы меркаванняў.

— Безумоўна, мы чакалі водгукаў, але не думалі, што ў такіх аб'ёмах. Праўда, калі ўлічваць маштабы ўцягнення насельніцтва ў адміністрацыйныя працэсы, такі вялікі інтарэс лагічны, — тлумачыць Алег Каразей. — І інтарэс пераважна адчуваецца сярод аўтамабілістаў. Бо большасць пытанняў і прапаноў тычацца Дзяржаўтаінспекцыі.

Ад таніроўкі да веласіпедаў

Ідэі, якія дасылаюць у міліцыю, насамрэч разнастайныя. Хтосьці вельмі чакае дазволу на таніраванне задняй паўсферы аўтамабіля, а нехта хоча, каб веласіпедыстам не забаранялі ездзіць на тратуарах і дарогах. ДАІ прапануюць не пераследаваць матацыклістаў, каб гэта не стварала аварыйнага становішча. Ёсць ініцыятыва скасаваць пакаранне за перавышэнне хуткасці на 20 кіламетраў у гадзіну. Канстанцін Шалькевіч пракаментаваў гэтую магчымасць наступным чынам:

— Нават калі гэтае пытанне будзе сур'ёзна разглядацца, у горадзе, магчыма, ніякіх змен у хуткасных рэжымах не будзе. У інтэрнэце пішуць, што заўтра дазволяць ездзіць з хуткасцю 80 км/г у населеных пунктах. Такога не будзе. Але, пагадзіцеся, калі ты перавысіў хуткасць, напрыклад, на 11 км/г, будзе больш прыемна, калі атрымаеш не штраф, а папярэджанне з тэкстам: «Вы перавысілі хуткасць. Калі ласка, ездзіце больш спакойна. Бяспека ў вашых руках».

Аляксандр ЗАНІМОН, намеснік начальніка аддзела навукова-метадычнага і прававога забеспячэння УДАІ МУС:

— Прапануючы грамадзянам абмеркаваць гэтую тэму, мы не выступаем за аслабленне прафілактычнай функцыі. Добра разумеем, што гэта можа абярнуцца негатыўнымі наступствамі. У тым выліку ў павелічэнні колькасці здарэнняў і пацярпелых. Абмеркаванне гэтых пытанняў — спроба знайсці пэўны баланс паміж рэалізацыяй лібералізацыі і гатоўнасцю да гэтага грамадства. Мы цудоўна разумеем, што ўсе нормы і новаўвядзенні даюць пазітыўны эфект толькі ў тым выпадку, калі яны падтрымліваюцца насельніцтвам.

Нягледзячы на тое, што дзейнасць ДАІ ў пытаннях усё ж такі пераважае, звароты паступаюць нават не па тэме лібералізацыі. І для многіх з тых, хто пакідае свае паведамленні на сайце МУС, гэта магчымасць выказацца пра тое, што турбуе. Але ў любым выпадку кожны з атрыманых лістоў абмяркоўваецца і падлічваецца.

Пра час прыняцця законапраекта казаць заўчасна

— Лібералізацыя тычыцца тых спраў, якія не нясуць крымінальнай адказнасці, — адказвае на пытанне «Звязды» Алег Каразей. — На першы план выходзяць адміністрацыйныя правапарушэнні, якія не маюць павышанай небяспекі для насельніцтва, і спрашчэнне працы з імі не павінна адбіцца на стане грамадскага парадку. Пры некаторых адміністрацыйных парушэннях прыходзіцца караць, весці ў суд, аднак у многіх выпадках чалавека можна папярэдзіць. Калі мы хочам сканцэнтраваць сваю ўвагу на нечым сур'ёзным, выкананне пэўных задач трэба звесці да мінімуму. Пры гэтым зрабіць так, каб не пацярпела наша агульная справа па ахове грамадскага парадку.

Калі ж ідэі, якія абмяркоўваюць цяпер, пачнуць дзейнічаць на заканадаўчым узроўні? Гэтае пытанне цікавіць не толькі журналістаў, але і многіх чытачоў. Але Канстанцін Шалькевіч адразу даў зразумець — гэтая новая ініцыятыва патрабуе карпатлівай працы, і казаць пра часавыя рамкі пакуль не трэба. Ды і гутарка пра канкрэтныя, стапрацэнтныя змены не вядзецца. Усё, як пісалі вышэй, пакуль у стадыі дыскусіі.

— Цягам бліжэйшага месяца мы збяром усе прапановы, прааналізуем, сфарміруем пазіцыю МУС і ўжо будзем усё абмяркоўваць на ўзроўні працоўных груп, якія падрыхтуюць законапраект, — дадаў Алег Каразей. — У яго падрыхтоўцы будзе ўдзельнічаць увесь спектр дзяржаўных органаў. Цягам года гэту працу зрабіць магчыма, каб яшчэ да яго завяршэння сфарміраваць канчатковы законапраект, накіраваць у парламент. Я не разлічваў бы, што яго абмеркаванне адбудзецца вясной ці летам. У найлепшым выпадку на асенняй сесіі, а больш рэальна зрабіць гэта будзе у наступным годзе.

Якія пытанні прапанавала для абмеркавання Міністэрства ўнутраных спраў?

Прыводзім некаторыя з іх:

— Прадаставіць супрацоўніку органаў унутраных спраў (ОУС) права выносіць папярэджанне (без складання пратакола) за піццё піва ў грамадскіх месцах.

— Прадаставіць супрацоўніку ОУС права выносіць папярэджанне (без складання пратакола) за кіраванне транспартным сродкам вадзіцелем без спецыяльнага пасведчання (пакінуў дома, пераклаў у іншае адзенне), які яго мае і атрымаў у вызначаным парадку.

— Прадаставіць супрацоўніку ОУС права выносіць папярэджанне (без складання пратакола) за лаянку ў грамадскім месцы, якая не прыніжае гонар і годнасць грамадзян, не выказвае яўнай непавагі да грамадства і не суправаджаецца іншымі супрацьпраўнымі дзеяннямі.

— Прадаставіць супрацоўніку ОУС права выносіць папярэджанне (без складання пратакола) за курэнне ў забароненых месцах.

— Павялічыць з 400 еўра да 1 тысячы памер урону, які прычынілі ў выніку ДТЗ, пры якім кіроўцы транспартных сродкаў маюць права не паведамляць у ДАІ аб здарэнні.

— Выключыць адміністрацыйную адказнасць за перавышэнне хуткасці ад 10 да 20 км/г.

— Выключыць з кампетэнцыі ОУС ажыццяўленне адміністрацыйнай дзейнасці, неўласцівых для міліцыі функцый з мэтай выкарыстання супрацоўнікаў для рэальнага забеспячэння грамадскай бяспекі, прафілактыкі злачынстваў.

Прагаласаваць можна па спасылцы mvd.gov.by/maіn.aspx?guіd=2311.

Фо­та Над­зеі Бу­жан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».