Вы тут

Гуляць супраць усіх


Пасля першага паядынку асноўнага раўнда кантынентальнага першынства ў Польшчы ў нашых хлопцаў настала трохдзённая паўза. Гэты перапынак яны запоўнілі трэніроўкамі і культурна-гістарычнай праграмай. Напярэдадні разам са старшынёй федэрацыі гандбола Беларусі і трэнерскім штабам гульцы адправіліся на экскурсію ў канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці Асвенцым.


Тым часам спецыялісты і заўзятары думалі, ці пойдзе такая працяглая паўза на карысць падапечным Юрыя Шаўцова, бо наперадзе важны паядынак з палякамі. Гаспадары на сваёй пляцоўцы, на вачах у перапоўненай арэны ў Кракаве, проста не маглі спатыкнуцца, але і нашым хлопцам адступаць ужо няма куды. Бронзавыя прызёры леташняга чэмпіянату свету ўпэўнена пачалі выступленне на Еўра-2016 у групе, а ўжо ў асноўным раўндзе эфектна абгулялі не менш знакамітых французаў, таму яшчэ да стартавага свістка было зразумела, што матч для беларусаў будзе такім жа складаным, як і папярэдні. У складзе палякаў мы не ўбачылі «зорак» Гжэгажа Ткачыка, Барталамея Яшкі і Марыюша Юркевіча, але ў страі славутыя Караль Бялецкі і Славамір Шмаль. У нас матч з прычыны хваробы прапускаў Максім Бабічаў.

Гульня пачалася паспяховай атакай беларусаў, але ўжо на другой хвіліне сустрэчы каманду Шаўцова чакала першае расчараванне — траўму атрымаў Сяргей Рутэнка. Капітан пакінуў пляцоўку толькі з дапамогай медыкаў і працягваў назіраць за ходам матча ўжо з лаўкі запасных. Да сярэдзіны першага тайма гаспадары пачалі сыходзіць у адрыў, а да перапынку і зусім нарошчваць сваю перавагу. Тут і нерэалізаваныя атакі нашых хлопцаў, і правалы ў абароне, і не такая ўпэўненая, як раней, гульня ў варотах Вячаслава Салдаценкі. На другі тайм падапечныя Юрыя Шаўцова выходзілі, саступаючы ўжо 6 мячоў. Здаецца, змяніць ход сустрэчы было ўжо немагчыма: палякі, якіх падганялі перапоўненыя трыбуны, дазволілі скараціць адрыў толькі ў адзін мяч — 32:27. Другое запар паражэнне беларусаў, а гэта значыць — па-ранейшаму нуль ачкоў і апошняе месца ў выніковай табліцы.

— Траўма Сяргея Рутэнкі, вядома, ускладніла сітуацыю; не пайшла гульня ў варатароў, але каманда змагалася. Я мяняў вопытных гульцоў на маладых, і другі тайм склаўся больш удала, з улікам таго, што ў нас у асноўным дзейнічала моладзь. У прынцыпе, я задаволены тым, як хлопцы праявілі сябе, аднак яны па-ранейшаму дапускаюць шмат памылак, за што такая каманда, як зборная Польшчы, нас адразу ж карала, — адзначыў галоўны трэнер беларусаў Юрый Шаўцоў пасля завяршэння сустрэчы.

Заўтра наша зборная правядзе заключны матч на чэмпіянаце з камандай Македоніі. Нагадаем: пасля асноўнага раўнда, які завершыцца 27 студзеня, па дзве найлепшыя зборныя з дзвюх шасцёрак выйдуць у паўфінал. Паўфінальныя сустрэчы адбудуцца 29 студзеня, фінальны паядынак і матч за «бронзу» пройдуць 31 студзеня ў Кракаве.

Чэмпіён Еўропы атрымае прамую пуцёўку на Алімпійскія гульні-2016 у Рыа-дэ-Жанейра. У выпадку перамогі зборнай Францыі, якая ўжо кваліфікавалася на Алімпіяду як чэмпіён свету, алімпійскі пропуск заваюе фіналіст кантынентальнага форуму. Акрамя таго, дзве каманды атрымаюць магчымасць згуляць на перадалімпійскім кваліфікацыйным турніры. Каб трапіць у лік удзельнікаў кваліфікацыі, трэба заняць лепшыя выніковыя месцы сярод камандаў, якія яшчэ не атрымалі на гэта права. Зборныя Германіі, Даніі, Іспаніі, Польшчы, Славеніі і Харватыі ўжо забяспечылі сабе месца ў кваліфікацыі Гульняў-2016.

 lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».