Вы тут

Чатыры гісторыі нясумнага дэкрэту


З'яўленне дзіцяці — гэта заўсёды новы этап, які многае мяняе ў звыклым жыцці сям'і. Але, круці не круці, большасць змяненняў тычацца менавіта мамы. 24 гадзіны ў суткі яна акружае маленькі цуд клопатам. Спачатку, ведаю не па чутках, на сябе зусім не застаецца часу, але паступова пачынаеш задумвацца пра ўласнае развіццё і, магчыма, дадатковы заробак. Вельмі часта на творчасць маладых матуляў натхняюць менавіта ўласныя дзеці.


Гісторыя першая. Асабістая.

«Спадабалася Ганульцы — спадабаецца і заказчыку!»

— Калі маёй Ганульцы споўнілася паўгода і амаль усе прыціркі, страхі і выпрабаванні скончыліся, я зразумела, што душа прагне часу для сябе — не проста папіць у цішыні гарбаты ці пачытаць кнігу, а зрабіць нешта больш значнае! Так я дастала з шафы швейную машынку, якую закінула падчас цяжарнасці (дзіўна, але тады мяне ванітавала ад адной думкі пра шыццё — з вялікай цяжкасцю дарабіла пялюшкі і шторы ў дзіцячы пакой. А набытая тканіна на бялізну для малой так і засталася некранутай). І вось дзіва — мне да дрыжыкаў хацелася шыць! Тым больш, год ляжаў няскончаны мной двухметровы плед з абрэзкаў для лецішча. За некалькі дзён рознакаляровы прыгажун быў даведзены да ладу. Муж засцяліў ім канапу ў зале, сказаў, што ніколі не завязе яго на лецішча. А я пасля публікацыі фота ў сацыяльнай сетцы атрымала першы заказ.

Зараз шыю не толькі для сваёй дачушкі, але і для іншых дзетак: коўдрачкі-канверты на выпіску і ў калыску, посцілкі ў стылі пэчварк, дэкаратыўныя падушкі, гірлянды-расцяжкі і іншыя прыемныя тэкстыльныя дробязі.

Ганулька з задавальненнем перабірае мае мяхі з тканінай, вельмі любіць пасядзець на гатовым вырабе. Лічу гэта за адзнаку якасці — пабегла сядзець — значыць спадабалася. Спадабаецца і заказчыку!


Гісторыя другая

Дар'я Вітко са Светлагорска, мама Сафіі: «Са з'яўленнем дачкі пачала тварыць спецыяльна для яе»

— Я заўсёды нешта тварыла, пастаянна нараджаліся ў галаве новыя ідэі. Са з'яўленнем нашай Сафійкі я пачала ствараць прыгажосць адмыслова для яе.

Спачатку стала рабіць торцікі з масцікі — гэта ідэя прыйшла да мяне перад хрышчэннем дачкі. Захацелася зрабіць усё сваімі рукамі. А потым на кожнае свята і дні нараджэння родных я пякла прыгожыя прысмакі са згушчонкай і арэхамі, тваражком і ягадамі ў выглядзе соў, кароны прынцэсы, кветак...

Са­фій­ка ў ма­мі­ным упры­га­жэн­ні

Яшчэ адно з захапленняў — скрабукінг. Убачыла неяк у сацыяльнай сетцы цікавую скрыначку — «маміны скарбы». Яна прызначана для захоўвання памятных рэчаў малога. У іх складваюцца бірачкі з радзільні, пустышкі, тэсты з дзвюма палоскамі, раздрукоўкі ўльтрагукаў, першыя лыжачкі, першы зубік... І зноў жа вырашыла змайстраваць такую для сябе. Другая мая скарбніца была зроблена ў падарунак для пляменніка.

Мар­скі тор­цік

Кожная матуля, у якой ёсць дачка, марыць хутчэй завязваць ёй розныя хвосцікі і ўпрыгожваць банцікамі — і я не выключэнне. Як толькі зрабіла першую кветачку для Сафійкі, адразу з'явілася вялікая колькасць ідэй і захацелася іх увасобіць у жыццё. Цяпер актыўна раблю павязкі і заколкі з фетру. Тут у мяне і героі любімых дзявочых мульцікаў, і кексікі, і вушкі... Я толькі пачынаю, але рухацца ёсць куды! Дзякуй, родныя ўсяляк падтрымліваюць і, як строгае журы, ацэньваюць мае новыя творы. Нават падкідваюць ідэі для будучых упрыгажэнняў.


Гісторыя трэцяя

Кацярына Сінкевіч з вёскі Камаі Пастаўскага раёна, мама Паліны і Даніка: «Самае складанае было даказаць мужу, што мне гэта трэба»

— Падчас вучобы я і вышывала, і вязала. Потым усё было забыта і закінута. І вось сяджу неяк у чарзе па запаветны бальнічны ліст і мару — «гэта ж цэлыя 3 гады дома сядзець, можна ўсё-ўсё перарабіць» (наіўная). Я зноў стала вязаць, вязала ўсюды — і ў аўтобусе, і ў бясконца доўгіх чэргах у паліклініцы, і на дзіцячай пляцоўцы. І нават машынку швейную купіла сабе на дзень нараджэння.

Калі ж у доме расце прынцэса — немагчыма проста так сядзець і нічога не рабіць для падтрымання яе прыгажосці! Дачка — самы галоўны натхняльнік! Стварэннем упрыгажэнняў для валасоў пачала займацца крыху больш за год таму. Спачатку на адным з форумаў пазнаёмілася з дзяўчынкай, якая рабіла канзашы. Гэта традыцыйныя японскія ўпрыгажэнні, вырабляюцца з квадратных адрэзкаў тканіны ў тэхніцы «складанне». Я разглядала яе працы з зайздрасцю і наракала на сваю крыварукасць...

Калі ў садку рэгулярна пачалі губляцца гумкі для валасоў, я нарабіла Палінцы розных банцікаў з мульцяшнымі героямі. Радасці дзіцяці не было мяжы! Ну а потым адны знаёмыя папрасілі зрабіць падобныя, другія — пагалоска хутка разышлася па вёсцы.

Ра­бо­ты  ў тэхніцы канзашы

Самае складанае было даказаць мужу, што мне гэта трэба. Не дзеля грошай, а для сябе. Быць чымсьці занятай акрамя штодзённай хатняй руціны. Праўда, ён да гэтага часу не можа прывыкнуць да маіх начных пасядзелак. Бывае надумаю які-небудзь праект, ночы 2-3 запар сяджу раблю. На раніцу адчытвае мяне як першакласніцу за гэта, але даруе.

Не ўяўляю, як праходзіць дзень у чалавека, які нічым не захапляецца. Без хобі жыццё сумнае і аднастайнае. Бо гэта ж такое задавальненне — пакласці ўсіх спаць, а потым самой у цішыні пастукаць пруткамі! А навядзенне парадку ў сваіх запасах — гэта ж самы лепшы антыдэпрэсант. Сядзіш, перабіраеш пацеркі са стразамі — і няхай увесь свет пачакае.


Гісторыя чацвёртая

Ганна Зайко з Мінска, мама Аліны: «Калі ў руках пруткі, надыходзіць поўнае супакаенне»

— Па прафесіі я графічны дызайнер і, як многія мамы, апынуўшыся ў дэкрэце, шукала, куды ж накіраваць свой творчы патэнцыял. Вырашыла паспрабаваць свае сілы ў вязанні. Спачатку звязала шапку і шалік для дачкі і для сябе. Апублікавала фота першай карпатлівай працы ў інтэрнэце. Калі атрымала масу станоўчых каментароў ад сяброў, то ўжо не змагла спыніцца! Ды і родныя былі прыемна здзіўлены. Зараз вяжу, як дзіцячыя і дарослыя камплекты асобна, так і камплекты ў стылі famіly look.

Занятак мне гэты вельмі даспадобы. Калі ў руках пруткі, надыходзіць поўнае супакаенне. Вяжу ў асноўным пасля таго, як увечары пакладу дачку спаць, таму хапае часу займацца і дзіцем, і домам, і сабой. Аліна — мая маленькая мадэль. Амаль усе звязаныя рэчы я прымяраю на ёй — і яна першая ацэньвае мае работы.

Яшчэ адзін важны аспект, акрамя атрымання асалоды, — гэта фінансавы. Хоць прыбытак ад вязання больш намінальны (хапае на матэрыял ды сабе на касметыку), займацца любімым хобі хочацца і далей, тым больш, калі бачыш задаволеных кліентаў у сваіх прыгожых шапачках-шаліках.

Загаловак у газеце: Нясумны дэкрэт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».