Вы тут

Як жывуць ветэраны органаў унутраных спраў і войскаў?


Уладзімір Дарашэвіч аддаў службе ў міліцыі 25 гадоў, але і цяпер, на пенсіі, надае праваахоўнікам шмат увагі. Ён — старшыня Мінскага абласнога савета ветэранаў органаў унутраных спраў і войскаў. На яго стале, як кажуць, творчы беспарадак. Тут і там ляжаць кнігі, дакументы, у стос акуратна складзены адмысловыя пасведчанні, якія заўтра, на пашыранай нарадзе, трэба будзе ўручыць заслужаным міліцыянерам.


— Уладзімір Мікалаевіч, па працы даволі часта прыходзіцца сустракацца з ветэранамі-міліцыянерамі. І многіх з іх іначай як скарбніцай ведаў не назавеш.

— І ў нашым савеце таксама шмат заслужаных і самаадданых міліцыянераў, пра якіх расказваць трэба, — кажа наш суразмоўца, бярэ ў рукі каляровыя граматы са здымкамі, якія хутка знойдуць сваіх уладальнікаў, і спыняецца на адной з выяў. — Паглядзіце. Гэта Канстанцін Трухан. Камунікабельны, добразычлівы чалавек. Сапраўдная легенда! Працаваў нампалітам у Пухавічах. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, пабудаваў у Мар'інай Горцы аддзел міліцыі. А вось Мікалай Высоцкі і Аляксандр Грамыка — нашы міліцэйскія пісьменнікі. Яны па крупінках збіралі гісторыю дзяржынскай і смалявіцкай міліцыі, напісалі пра яе шэраг кніг. Сяргей Верас — наш інтэлектуал, самародак. Між іншым, узначальвае ветэранскую арганізацыю ўпраўлення аховы грамадскай бяспекі.

Многія ведаюць Кастуся Цыбульскага, вядомага паэта-песенніка, цудоўнага спевака. Ён напісаў гімны беларускай міліцыі, ветэранскай арганізацыі, чыгункі і дзясяткі, калі не сотні, твораў, прысвечаных нашым праваахоўнікам. Сяргей Чарніцкі. У свой час ён быў камандзірам дывізіёна дарожна-патрульнай службы Мінскай вобласці, у якой на той момант была самая складаная абстаноўка ў рэспубліцы па дарожна-транспартных здарэннях. Добры чалавек. Усіх любіць. У жыцці нават муху не пакрыўдзіў.

Не магу не адзначыць і старшыну Паўла Сівакова, які актыўна дапамагаў узводзіць цяперашні будынак міліцыі ў Салігорску. Але гэта не самае галоўнае. Ён, рызыкуючы жыццём, выратаваў на вадзе пяцярых чалавек ад смерці. Сярод іх трое дзетак.

У салігорскім аддзеле экспертам-крыміналістам працавала Юзэфа Банасевіч. З-за працы яна ахвяравала асабістым жыццём. Гады прайшлі, а яна так і не пабралася шлюбам. Ведаеце, для любога чалавека галоўнае — ўвага. Тым больш, калі ён у паважаным узросце. Кожнаму прыемна, калі яго наведваюць, своечасова віншуюць. УУС Мінаблвыканкама ўзначальваюць вельмі добрыя кіраўнікі. Людзі чулліва ставяцца да пенсіянераў. І мне часам падаецца, што генерал-маёр Ігар Яўсееў, моцная асоба і талковы начальнік, гатовы ўсё аддаць ветэранам.

— Колькі чалавек складаюць вашу арганізацыю?

— Прыкладна паўтары тысячы. Нашы людзі — у кожным кутку вобласці. Больш за ўсё іх у Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Мінскім раёне... Як можам, стараемся ім дапамагаць. Гэта найперш сацыяльная падтрымка: маральная і матэрыяльная. Вось вам прыклад. Люцыян Браніслававіч Сабалеўскі, былы начальнік упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, на жаль, не можа хадзіць — ляжачы. Пэўны час ён быў маім кіраўніком. І калі я да яго прыйшоў, ён літаральна на вачах ачуняў, наколькі гэта магчыма. Увага сапраўды робіць многае. Мы насамрэч амаль кожны тыдзень кагосьці наведваем. Акрамя таго, часта праводзім вечары-партрэты: прысвячаем пэўнаму чалавеку праграму ў нашым клубе, запрашаем яго разам са сваякамі, ветэранамі, з дапамогай нашага аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў робім відэафільмы, уручаем падарункі, у нас выступаюць артысты. Мы таксама часта наведваем знакамітыя беларускія мясціны. Мінулай восенню былі ў Жыровіцкім манастыры.

— Праца ў міліцыянераў складаная. У многіх здароўе забірае...

— Так. Мой першы начальнік Дзмітрый Арцімовіч пражыў усяго 58 гадоў, Аляксандр Крукаў, былы начальнік крымінальнага вышуку ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, — 61 год. Валерыю Свірыдаву, з якім мы пачыналі службу, і пяцідзесяці не было, калі памёр. Рана пакінуў нас Жорж Ісакаў, які ўзначальваў следчы аддзел упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама.

Большасць з іх — інфарктнікі, доўга не пражылі. Самаадданыя людзі. Яны аддалі службе сваё жыццё.

— Устаноўка барэльефа генерала Генадзя Пукава на першым паверсе будынка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама — таксама ініцыятыва ветэранскай арганізацыі?

— Я не хачу выхваляцца, але ягонае «ўваскрашэнне» — гэта і мая ініцыятыва. Шкада, але пра гэтага заслужанага чалавека ў нас неяк забыліся. Між іншым, менавіта ён накіраваў мяне, маладога лейтэнанта, працаваць следчым у Салігорск. Я пачаў аб ім пісаць у прэсе, пасля пра яго выдалі кнігу ўспамінаў. Сярод іншага пісаў аб тым, каб у міліцыі Міншчыны для найбольш талковых кіраўнікоў увялі прыз у гонар Пукава, стваральніка нашай рэспубліканскай ветэранскай арганізацыі, якая сёлета адзначыць 25-гадовы юбілей. Гэту ўзнагароду зацвердзілі. Ну а пасля і барэльеф з'явіўся, безумоўна, пры падтрымцы нашай ветэранскай арганізацыі.

— У вас на працоўным стале — сапраўдная творчая атмасфера. Да чаго рыхтуецеся зараз?

— Заўтра адбудзецца пашыраная нарада абласнога савета ветэранаў, пасля наведаем музей Вялікай Айчыннай вайны. На нараду запрасілі ў тым ліку ўсіх кіраўнікоў пярвічных арганізацый з усёй Міншчыны, збіраем усіх актывістаў, узнагародзім за адданую службу. Мы таксама запрасілі Мікалая Чаргінца, старшыню Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналістаў.

Што цікава, у мяне ў самога журналісцкая генетыка. Мой бацька быў журналістам і пачаў працаваць у 16 гадоў у газеце «Сталінец» аж у 1940-м. Усё ж такі хочацца, каб сродкі масавай інфармацыі больш увагі ўдзялялі міліцыянерам, іх цяжкай працы, і не забывалі пра нашых ветэранаў. Яны сапраўды таго вартыя.

taras@zviazda.by

Фота Анатоля Клешчука.

Загаловак у газеце: Ветэранаў не забываюць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.