Вы тут

Экслібрыс "Звязды". Повязь творчых адкрыццяў


Повязь: апавяданні, навелы / укладальнікі Іван Саверчанка, Георгій Марчук. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2015. — 398 с.


Амаль тры дзясяткі творцаў, блізу паўсотні тэкстаў — і некалькі гадзін адкрыццяў, сустрэч, перажыванняў. Думаецца, творчасць многіх празаікаў з гэтай кнігі ўжо добра знаёмая чытачам. Так, Віктара Гардзея мы ведаем як глыбокага лірыка і выдатнага дзіцячага пісьменніка, Юлію Зарэцкую любім як таленавітага аўтара гумарыстычных апавяданняў, чыталі п'есы ды казкі Георгія Марчука, знаёміліся з таленавітымі інтэрв'ю Зіновія Прыгодзіча, перажывалі за лёс герояў псіхалагічнай прозы Уладзіміра Саламахі... Кожны з творцаў, чые апавяданні прадстаўленыя ў гэтай кнізе, — ужо зорка, але сабраныя пад адной вокладкай, у адным сузор'і, іх імёны нібыта заззялі новым, непаўторым, а часам і нечаканым святлом.

Напрыклад, паэт Віктар Гардзей паўстае ў ролі празаіка. Ён таленавіта вядзе аповед «Над ракою Ведзьмай», пераносіць чытача ў гарадок Ляхавічы часоў свайго студэнцтва і малюе дзіўную для сучаснай моладзі, але настальгічную для іх бацькоў карціну танцаў у парку, на адмысловай танцпляцоўцы. Пагадзіцеся, такія вечарыны, ды і самі танцпляцоўкі, — амаль артэфакт мінулага часу. Увага аўтара сягае і глыбей у стагоддзі, ён пераносіць нас у далёкую мінуўшчыну, калі існавала магутная Ляхавіцкая крэпасць, знаёміць з мясцовымі страшнымі гісторыямі пра падзямеллі ды воінаў-прывідаў, якія і сёння звіняць даспехамі ў бясконцай бітве.

З выдатным пераўвасабленнем можна павіншаваць і празаіка Алега Ждана. У апавяданні «Сабачы бог» ён вядзе размову ад імя... жанчыны за сорак. Яна разведзеная, прафесію інжынера-канструктара пакінула, каб працаваць звычайным дворнікам, асабістае жыццё ніяк не наладзіцца, хоць нельга сцвярджаць, што мужчыны абыходзяць яе ўвагай. А прычынай усяму стаў... сабака Эрдэль. Яго спаралізаваныя заднія лапы, а таксама недарэчны і пакутлівы выгляд проста магічным чынам палохаюць усіх навокал. Але цуды здараюцца не толькі ў чалавечым, але і сабачым жыцці. І адбываюцца яны ў самы нечаканы момант, калі здаецца, што ўсё страчана.

Таццяна Мушынская героямі свайго лірычнага апавядання «Дыханне ранняй восені» таксама абрала мужчыну і жанчыну досыць сталага веку. Дзеці выраслі, нарадзіліся ўнукі, жонкі ці мужы памерлі. Што рабіць? Як жыць далей? Аўтарка прапануе выйсце — прайсціся сцежкамі маладосці, паспытаць новага шчасця з тымі, з кім раней не існавала магчымасці быць побач. Так, любоўная сувязь на адпачынку, якая, тым не менш, не разбурыла сем'і герояў, для іх становіцца сапраўдным выратаваннем і надзеяй. Гэта шанц і пабыць разам з блізкім чалавекам, і не сустракаць старасць у адзіноце.

Пра кожнае з апавяданняў, што ўвайшлі ў кнігу «Повязь», можна разважаць амаль бясконца. Для сябе я тут зазначыла некалькі імёнаў празаікаў, да чыёй творчасці буду пільна прыглядацца і надалей. Спядзяюся, і вы знойдзеце ў зборніку сапраўды любімых пісьменнікаў.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.