Вы тут

Заплаці доўг — аддай кватэру


Колькасць іскавых заяў, якія падалі на даўжнікоў камунальнікі Гомельшчыны, павялічылася летась удвая.

43-гадовую гамяльчанку, якая восем гадоў не аплачвала камунальныя паслугі за сваё жыллё, летась нарэшце выселілі з двухпакаёвай кватэры жылой плошчай 29,1 м па рашэнні суда Савецкага раёна. Яе асноўны доўг складаў больш за 7 млн рублёў, да таго ж назбіралася больш як 17 мільёнаў пені.

Грамадзянцы ўзамен прадаставілі кватэру жылой плошчай 10,9 метра. Жанчына вяла асацыяльны лад жыцця і была пазбаўлена правоў на выхаванне дваіх сваіх дзяцей — яны выхоўваюцца ў апякунскай сям'і. Дарэчы, на новым месцы жыхарства яна пражыла нядоўга і днямі памерла. Гісторыя сумная, але дастаткова тыповая.

Намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб'яднання «Жылкамгас Гомельскай вобласці» Алег Спірыдонаў адзначае, што за мінулы год па рашэннях судоў на Гомельшчыне было выселена 13 грамадзян. Усім ім знойдзена іншае жыллё. Зразумела, горшае за тое, што ў іх было.


Усяго ж у вобласці на 1 студзеня 2016 года налічваецца амаль 34 тысячы пратэрмінаваных асабовых рахункаў на агульную суму 7 млрд рублёў. Аднак спагнанне запазычанасці — справа не аднаго дня. Гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў.

— Найбольш праблемнай для спагнання з'яўляецца запазычанасць з перыядам утварэння ад 1 да 3 гадоў і звыш гэтага тэрміну, — адзначае Алег Спірыдонаў. — Каб неяк уздзейнічаць на сумленне даўжнікоў і скараціць пратэрмінаваную запазычанасць, нашы супрацоўнікі афармляюць выканаўчыя надпісы і падаюць іскі ў суды на спагнанне доўгу. За 2015 год было пададзена амаль 15 тысяч выканаўчых натарыяльных надпісаў на суму 10,5 млрд рублёў. Таксама за гэты перыяд пададзена 1720 іскаў у суды на спагнанне доўгу на суму больш 2,4 млрд рублёў.

Але ж меры прымусовага характару — гэта толькі ў тым крайнім выпадку, калі не дапамагаюць ніякія іншыя. У першую чаргу камунальнікі праводзяць інфармацыйна-тлумачальную работу з даўжнікамі. На стэндах у жыллёва-эксплуатацыйных службах, на ўваходах у пад'езды жылых дамоў змяшчаюць інфармацыю пра тых, хто мае запазычанасць, нагадваюць пра неабходнасць своечасовай аплаты.

Між тым існуючым заканадаўствам прадугледжана магчымасць спісання пені тым грамадзянам, якія маюць пратэрмінаваную запазычанасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг, — пры ўмове пагашэння імі сумы асноўнага доўгу. Гэта значыць, што калі грамадзянін ужо заплаціў суму асноўнага доўгу пры наяўнасці аб'ектыўных прычын, што паўплывалі на ўзнікненне запазычанасці, ён можа звярнуцца з заявай у жыллёва-эксплуатацыйную арганізацыю аб спісанні пені. Канчатковае рашэнне прымаюць мясцовыя выканкамы.

Крайняй мерай уздзеяння на даўжнікоў з'яўляецца высяленне. Так, у Жлобіне сям'я з дваіх чалавек (маці з сынам) завінаваціліся звыш 11 млн плюс пеня ў 20 млн. І гэта дало падставы камунальнаму прадпрыемству «Жылкамсэрвісдва» ўручыць наймальніку патрабаванні аб скасаванні дагавора наймання жылога памяшкання з прапановай пагасіць за месяц запазычанасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг. І калі рэакцыі не дачакаліся, прыйшлося звярнуцца ў суд. У выніку грамадзяне пакінулі кватэру і пераехалі ў значна горшае памяшканне.

— Паводле закона, першай умовай для высялення даўжніка з'яўляецца няплата за жыллё на працягу больш як шасці месяцаў запар. Уладальнік такой кватэры атрымлівае па пошце папярэджанне ад мясцовай адміністрацыі, — тлумачыць Алег Спірыдонаў. — На пагашэнне запазычанасці яму даюць месяц. Калі за гэты час ён не ліквідуе яе цалкам і магчымасці вяртання доўгу за кошт іншай маёмасці ўласніка няма, выканкам мае права сваёй іскавай заявай прымусіць яго да адчужэння жылля. Калі за год яно так і не было прададзена, а доўг не выплачаны, жыллё па рашэнні суда падлягае прымусоваму продажу з публічных таргоў. З сумы, атрыманай пасля аўкцыёну, аплочваецца запазычанасць. Уласніку на працягу двух месяцаў вяртаюцца рэшткі сродкаў і набываецца новая жылая плошча. Яна можа быць меншай за ранейшую, саступаць ёй па спажывецкіх якасцях і нават знаходзіцца ў іншым населеным пункце.

Калі ж на наймальніка на працягу года складаюць тры і больш адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне правіл пражывання, то разам з членамі сям'і яго могуць выселіць нават без прадастаўлення іншай жылплошчы. Размова ідзе пра псаванне маёмасці дома, стварэнне антысанітарных умоў пражывання, скандалы, хуліганскія дзеянні ў дачыненні да суседзяў і іншыя парушэнні. У любым выпадку падставы павінны быць вельмі важкімі. Летась такіх выпадкаў на Гомельшчыне не было.

Між тым колькасць іскавых заяў, якія падалі на даўжнікоў камунальнікі вобласці, павялічылася ўдвая. Калі за 2014 год іх было 22, летась — ужо 44. Як паказвае практыка, большасць з тых, на каго падаецца іск, усё ж у апошні момант (непасрэдна падчас судовага працэсу) знаходзяць грошы, каб аплаціць вялікі доўг за паслугі ЖКГ.

іоst@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.