Вы тут

Сцены музея як магчымасць выказацца


Маладыя аўтары ў сучасным беларускім мастацтве падзяліліся на некалькі «суполак». Адна з іх імкнецца без залішняга пафасу рэалістычна падкрэсліць нацыянальную культуру, беларускасць; другая пільна сочыць за еўрапейскімі павевамі, захапляецца беспрадметнымі матэрыямі і абстракцыяй. Апошнім часам акадэмічнае майстэрства гарманічна спалучаецца з мовай метафар, сімвалаў, сінкрэтызмам. Мастакі накіроўваюць увагу на свой унутраны свет і спрабуюць сябе ў розных іпастасях: ад класічнага жывапісу і скульптуры да музычна-светлавых інсталяцый ці калажаў...


«Зі­ма» Вік­то­рыі Шыд­лоў­скай.

Такая разнастайнасць прадстаўлена на рэспубліканскай мастацкай выставе лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, што працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі з 22 студзеня да 7 лютага.

Вернісаж стаў пляцоўкай для студэнтаў і маладых педагогаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: дызайнераў і жывапісцаў, скульптараў і графікаў. Нехта ўжо даволі гучна заявіў пра сябе на культурнай прасторы як нашай краіны, так і замежжа, іншыя толькі пачынаюць свой шлях да поспеху. Але кожная работа вартая ўвагі. Нават і не скажаш, што многія з мастакоў яшчэ вучацца ці толькі нядаўна скончылі ВНУ.

Вольга Мельнік-Малахава аддае перавагу каларытнаму рэалізму. Рукі закрываюць папяровы ліст. Належаць яны аднаму чалавеку ці дваім — не істотна, галоўнае — яны расказваюць пра вялікую тайну, магчыма, каханне ўсяго жыцця... Алесю Скарабагатую ведаюць як майстра мяккіх, цёплых адценняў. Мёд, бабуліны бліны з маслам, кава з шакаладам і круасанамі — усё гэта настолькі аб'ёмнае, праўдападобнае, што, гледзячы на карціны, адчуваеш прыемны салодкі водар.

«Ахоў­нік» Ар­цё­ма Мядз­ве­дзе­ва.

Кацярына Семечка распавядае пра беларускую ноч на мове геаметрычных формаў, Алесь Багданаў вандруе ў сне, а Вікторыя Шыдлоўская паказвае зімовых ружовашчокіх прыгажунь у квяцістых хустках — амаль як у казцы «Марозка». А ёсць яшчэ футурызм і графічнасць Рамана Сустава, лірычныя пейзажы Васіля Пешкуна, фантазійныя графічныя «выбухі» Фёдара Шурмялёва...

Сярод скульптараў вылучаюцца філосаф Арцём Мядзведзеў з яго партрэтамі-развагамі; Рыпсімэ Геваркян з праектам памяці Настассі Слуцкай; Кацярына Шымановіч з казачнымі чалавечкамі, канцэпцыяй спектакля «Сіняя барада»; Лаймэ Мірончык, у якога метал ці шамот з лазурытам ператвараюцца ў аб'екты з моцнай духоўнай аўрай... Мастакі вольныя ў эксперыментах, пошуках сябе, спалучэнні розных стыляў і тэхнік. І яны могуць выстаўляцца на вядучых мастацкіх пляцоўках краіны, што з'яўляецца адной з формаў дзяржаўнай падтрымкі. Бо самае, мабыць, важнае — знайсці сваю аўдыторыю, быць заўважаным, і сцвердзіць, што сучаснае беларускае мастацтва не стаіць на месцы.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.