Вы тут

Валанцёрам можна стаць з 15 гадоў


Прыцягнуць работнікаў у сацыяльную сферу няпроста. Адказнасць вялікая, заробкі — невысокія. Адзін са спосабаў задаволіць попыт на сацыяльныя паслугі — развіваць валанцёрскі рух. Цяпер, напрыклад, добраахвотнікаў, якія гатовы дапамагаць сем'ям з хворымі дзецьмі, набірае Беларускі дзіцячы хоспіс. На якую працу патрэбны валанцёры і ці можна адмовіцца ад задання, расказала галоўны спецыяліст па сацыяльнай працы хоспіса Ірына БАЙДАКОВА.


Ад ва­лан­цё­раў па­тра­бу­ец­ца роз­ная да­па­мо­га. На­прык­лад, ар­га­ні­за­ваць кан­цэрт, каб пад­няць на­строй дзе­цям ці са­браць срод­кі ім на ле­кі.

Пяць кругоў на тралейбусе

Па словах Ірыны Васільеўны, пры наборы валанцёраў стаўку робяць на моладзь. Па-першае, у яе больш вольнага часу. Па-другое, наглядаць трэба за дзецьмі і падлеткамі, а тым хочацца кантактаваць з аднагодкамі.

— У кодэксе, складзеным работнікамі хоспіса, прапісана, што валанцёрам можа быць чалавек, старэйшы за 18 гадоў. Але ў летнік да нас прыязджаюць добраахвотнікі з Уэльса, Германіі, якім па15-16 гадоў. Яны добра працуюць. І мы падумалі: няўжо ў нас не настолькі адказныя падлеткі? Мы хочам, каб школьнікі, якія заканчваюць 10-ты клас, таксама выпрабавалі сябе, — кажа спецыяліст.

Калі чалавек заключае дагавор, ён пазначае, колькі гадзін са свайго вольнага часу можа прысвяціць дабрачыннасці. Лёгка знайсці валанцёраў на акцыі, якія праходзяць адзін дзень або ў выхадныя. Складаней — на змену ў летнік.

— Вядома, улетку хочацца самому куды-небудзь з'ездзіць, пападарожнічаць, — з паразуменнем ставіцца Ірына Васільеўна. — Але ёсць маладыя людзі, якія ўжо колькі гадоў свой адпачынак праводзяць не на моры, а разам з нашымі дзецьмі ў лагеры.

Ад валанцёраў, якія дапамагаюць сем'ям на даму, можа спатрэбіцца схадзіць у краму ці, пакуль маці сядзіць з дзіцем-інвалідам, завезці другога малога ў спартыўную секцыю. Бываюць і нестандартныя пажаданні. Так, адзін з хлопчыкаў, калясачнік, прасіў пакатаць яго ў трамваі ці тралейбусе. Разам з валанцёрам яны па пяць кругоў намотвалі, ездзілі з кальца ў кальцо.

Раз на месяц маладыя людзі для сваіх падапечных арганізуюць дыскатэку. Дамаўляюцца з начным клубам, прадумваюць забаўляльную праграму (запрашаюць вучняў школ мастацтваў, курсантаў сувораўскага вучылішча, студэнтаў тэхналагічнага каледжа).

— Звычайная моладзь можа наведваць дыскатэкі. А нашы дзеці там не бываюць. Адна справа прыйсці на вечар у школу (хоць іх і туды не запрашаюць), а іншая — у начны клуб, дзе свая атмасфера. Для іх гэта вялікае свята, — распавядае Ірына Байдакова.

Чакаюць таксама добраахвотнікаў, якія будуць даглядаць за дзецьмі падчас «сацыяльнай перадышкі». Гэта паслуга адновіцца ў хоспісе з чэрвеня, калі адкрыецца новы будынак.

Сем'і не хочуць шкадавання

Перш чым дазволіць валанцёру працаваць, з ім размаўляе псіхолаг. Бывае, што прыходзяць людзі з парушанай псіхікай. Ці фанатыкі, чыя мэта не дапамагчы дзіцяці і бацькам, а перацягнуць іх у сваю веру. Але такіх, кажуць, падчас гутаркі відаць адразу.

Валанцёру заўсёды тлумачаць, як паводзіць сябе ў той ці іншай сям'і. Бо адно неасцярожнае слова — і вас больш не пусцяць. Ірына Васільеўна згадвае, як адна дзяўчына вырашыла паспачуваць бацькам. Сказала: «Так шкада. За што ж вас Бог пакараў?» І ўсё. Маці патэлефанавала ў хоспіс і сказала, каб тая валанцёрка больш не прыязджала. Сем'і не хочуць шкадавання, яны чакаюць дапамогі.

Добраахвотнікаў папярэджваюць: інфармацыя пра вашых падапечных — канфідэнцыяльная. Калі вы сфатаграфаваліся з дзіцем, не выкладвайце гэта ў сеціве. Не кожныя бацькі хочуць, каб здымкі іх дзяцей былі ў інтэрнэце.

Адмовіцца ад пэўнай працы можна, калі патлумачыць прычыну. Але варта думаць не пра свае інтарэсы, а пра патрэбы дзіцяці, якому вырашыў дапамагаць.

— Памятаю, на сацыяльную перадышку прыехаў хлопчык з вёскі, — распавядае пра выпадак Ірына Васільеўна. — Ён з сабой прывёз касету для плэера, дзе былі і Кадышава, і іншыя выканаўцы. Такая зборка. Хлопец, калі яе слухаў, заўсёды ўсміхаўся. Аднойчы падыходжу, а ён сумны ляжыць. Валанцёрка кажа: «Не ведаю, што з ім. Я ўжо і кніжку пачытала, усё роўна сумуе». Прашу яе ўключыць касету. А дзяўчына кажа: «Ведаеце, я лічу, што такую музыку дзецям слухаць некарысна». Можа, і некарысна, але хлопцу яна нагадвае пра дом. Мы ж пра дзіця клапоцімся, каб яму было тут добра.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».