Вы тут

Як не трапіць у пастку вярбоўшчыкаў?


У апошнія месяцы назіраецца ўсплёск спробаў вярбоўкі нашых дзяўчат у начныя клубы Паўночнага Кіпра.

«Дзясяткі маладых жанчын тэлефануюць нам і кажуць, што ім праз сацыяльную сетку «УКантакце» прапануюць прывабную працу ў Паўночным Кіпры. Прычым распавядаюць свае гісторыі, як пад капірку. У іх ніхто не пытаецца, ці кваліфікаваныя яны танцоўшчыцы, ці ўмеюць рухацца наогул. Проста прапануюць прыляцець у Стамбул (туды беларусам цяпер не патрэбна віза). А пасля прыезду абяцаюць аформіць усе неабходныя дакументы і завезці ў Паўночны Кіпр», — б'е трывогу кіраўнік інфалініі па бяспечным выездзе і знаходжанні за мяжой 113 Ірына ВАРВАРЫНА. І перасцерагае беларусак ад паспешлівых і неабдуманых рашэнняў.


Паводле слоў кіраўніка Праграмы «Ла Страда Беларусь» Алены НЕСЦЯРУК, гандляры жывым таварам усё часцей выкарыстоўваюць для вярбоўкі сацыяльныя сеткі. Прыцягнуць да адказнасці такіх вярбоўшчыкаў вельмі складана, бо яны знаходзяцца на тэрыторыі іншых дзяржаў і прыязджаць у Беларусь не збіраюцца.

— Усё больш абанентаў распавядаюць, што ім паступаюць сумніўныя прапановы працы або адпачынку за кошт прымаючага боку, — адзначыла Ірына Варварына. — Далёка не заўсёды гэтыя прапановы такія бяскрыўдныя, як здаецца, як прыгожа могуць гучаць праз сацсеткі. За апошні час два выпадкі завяршыліся завядзеннем крымінальных або адміністрацыйных спраў, дайшлі да суда. Адна з гэтых спраў — вярбоўка групы дзяўчат для працы танцоркамі ў Кітаі. Яны прыязджалі ў Паднябесную па турыстычнай візе, там аддавалі пашпарт наймальніку, быццам бы для афармлення працоўнай візы... Такім чынам аўтаматычна траплялі ў пастку. З'ехаць дадому без пашпартоў яны не маглі. Больш за тое, адну з беларусак выкарыстоўвалі для вярбоўкі новых ахвяр. Яна пісала ў сацсеткі сваім знаёмым і незнаёмым сімпатычным зямлячкам. Маўляў, прыязджайце, умовы тут казачныя. За гэта ёй абяцалі вярнуць пашпарт, заплаціць грошы і адпусціць дадому. У дадзеным выпадку, на шчасце, сітуацыя вырашылася паспяхова. Усе пацярпелыя вярнуліся дадому. У тым ліку і дзякуючы дапамозе консула Беларусі ў Кітаі. А на дзяўчыну, якая распавядала пра казачныя ўмовы працы ў інтэрнэце, пасля вяртання ў Беларусь наклалі штраф.

Другі выпадак выклікаў большы рэзананс — сярод пацярпелых былі і непаўналетнія. Вербавалі маладых дзяўчат праз сацыяльную сетку «УКантакце» для аказання паслуг інтымнага характару мужчыну, які пражывае ў Маскве. Пры гэтым не заўсёды гаварылася, што неабходна будзе аказваць сексуальныя паслугі. Усё падаецца вельмі прыгожа. Прапануецца пазнаёміцца з багатым мужчынам. Калі вы адно аднаму спадабаецеся, то, калі пажадаеце, можаце ўступіць у інтымную сувязь. Калі не — для вас гэта будзе забаўляльная паездка, драйф, добры настрой. Зразумела, чым усё гэта заканчваецца. Сумна, на жаль. Выявіць злачынную схему атрымалася, дзякуючы адной з патэнцыйных ахвяр, якая звярнулася на нашу інфалінію. Па ўстаноўленых фактах заведзена крымінальная справа.

Каля 70% абанентаў інфалініі 113 цікавяць пытанні, звязаныя з працаўладкаваннем за мяжой.

За 15 гадоў Праграма «Ла Страда» дапамагла больш за 340 пацярпелым ад гандлю людзьмі. Садзейнічалі іх вяртанню дадому, аказвалі бясплатную медыцынскую, юрыдычную, псіхалагічную падтрымку.

Нямала зваротаў, паводле слоў Алены Несцярук, звязана з вышукам сваякоў, зніклых за мяжой. «Гаворка ідзе пра сітуацыі, калі чалавек з'ехаў у іншую краіну і перастаў выходзіць на сувязь, або сувязь падтрымліваў і раптам знік. Часта родныя не ведаюць, куды можна звярнуцца, панікуюць. Наша задача — супакоіць, падказаць, як дзейнічаць далей. Калі трэба, дапамагаем скласці афіцыйныя звароты ў тыя ці іншыя арганізацыі. Па магчымасці, вядома ж, і самі звяртаемся да партнёраў за мяжой, іншых грамадскіх арганізацый у краіне, дзе знік чалавек. Усе тыя, каго з дапамогай спецыялістаў праграмы шукалі, ужо вярнуліся на радзіму. Хоць былі вельмі складаныя сітуацыі, напрыклад з вяртаннем дзяўчыны (у яе былі праблемы са здароўем) з адной экзатычнай краіны. Тым не менш удалося, падключыўшы консула, паліцыю, рускамоўных турыстаў, знайсці яе і вярнуць на радзіму».

8 правілаў бяспекі за мяжой

* Нікому не аддавайце свой пашпарт. Пакуль знаходзіцеся дома, зрабіце ксеракопіі ўсіх важных дакументаў, адзін асобнік вазьміце з сабой, другі — пакіньце дома. Для падстрахоўкі адпраўце адсканаваныя старонкі пашпарта на сваю электронную пошту.

* Яшчэ да выезду за мяжу абавязкова аформіце ў пасольстве працоўную візу (калі едзеце працаваць). Перш чым прыступаць да працы, заключыце з наймальнікам кантракт. Ніякія вусныя дамоўленасці не дапамогуць вам у далейшым.

* У родных і знаёмых павінен быць дакладны адрас і пашпартныя дадзеныя таго, у каго вы будзеце жыць за мяжой. Каб яны ведалі, з чаго пачынаць пошук. А то часам бацькі тэлефануюць і кажуць: «Я ведаю, што яна ў Турцыі». Турцыя ж даволі вялікая. Калі вы едзеце ў госці да новага знаёмага, з якім пазнаёміліся праз інтэрнэт, лепш за ўсё аформіць гасцявую візу. Яна патрабуе адмысловага запрашэння, аформленага ў дзяржорганах, таму вы дакладна будзеце ведаць, што чалавек з такімі пашпартнымі даннымі рэальна існуе.

* Варта дамовіцца з блізкімі пра тое, як будзеце падтрымліваць з імі сувязь. Абавязкова прыдумайце ўмоўную фразу, якая дазволіць зразумець, што з вамі нешта здарылася.

* У вас павінны быць грошы для аплаты непрадбачаных выдаткаў. Лепш за ўсё ўзяць банкаўскую картку, на якую родныя пры неабходнасці маглі б пераводзіць патрэбную суму.

* Перад выездам паклапаціцеся пра медыцынскую страхоўку.

* Загадзя даведайцеся як мага больш інфармацыі пра краіну, у якую едзеце. Па кароткім нумары 113 можна задаць ананімна і бясплатна любыя пытанні, звязаныя з працаўладкаваннем, адпачынкам і вучобай за мяжой, шлюбам з замежнымі грамадзянамі.

* Запішыце ўсе неабходныя і важныя нумары тэлефона. Калі за мяжой з вамі здарылася бяда, пішыце на электронную пошту consultatіon@lastrada.by . З лютага на сайце «Ла Страды» можна будзе атрымаць і анлайн-кансультацыю.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

dryla@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».