Вы тут

Як выбраць мясарубку


Гэты агрэгат даўно стаў нязменным атрыбутам кожнай кухні. І хоць класічныя ручныя мясарубкі выпускаюцца і дагэтуль, усё ж будзем улічваць сучасныя тэндэнцыі. Мадэляў электрычных апаратаў у нас хапае на любы густ — ад ультрабюджэтнікаў за некалькі соцень тысяч рублёў, якія ўмеюць толькі круціць мяса, да экзэмпляраў за некалькі мільёнаў, якія могуць усё.


Мясарубка мусіць абавязкова мець абмежавальнік гранічнай магутнасці. Ён выключыць агрэгат тады, калі цвёрды кавалак мяса ці костачкі ў ім аказаліся яму «не па зубах». Інакш можа зламацца электрарухавік ці дэфармавацца механічныя часткі.

На гэтым этапе адсеяліся лічаныя мадэлі з 273 прадстаўленых у айчынным гандлі. У асноўным гэта прадукцыя малавядомых кітайскіх фірмаў, якая вылучаецца зусім невялікай цаной у раёне 600 тысяч рублёў. Ды і ў камплекце да іх ідуць толькі таркі і дыскі для шаткоўкі. А прыгатаваць, скажам, хатнюю каўбасу з іх дапамогай ужо не атрымаецца.

Важная характарыстыка для мясарубкі — наяўнасць рэверсу. Гэта магчымасць кручэння шнэка — часткі мясарубкі, на якую прымацоўваюцца рэжучыя нажы і якая адначасова транспартуе масу, што апрацоўваецца, да іх — у процілеглым кірунку. Спатрэбіцца ён тады, калі ў мясарубцы нешта захрасла або, скажам, жыла наматалася на шнэк і не дазваляе агрэгату працаваць далей. Калі ж рэверсу няма, давядзецца апарат лішні раз разбіраць і вымаць перашкоду ўручную, на што спатрэбіцца час. З-за адсутнасці рэверсу нас пакідае ажно чвэрць мадэляў, большасць з якіх мае бюджэтны кошт у 800-900 тысяч рублёў. Гэта яшчэ некалькі кітайскіх вытворцаў і большая частка расійскіх.

Шнэк для мясарубкі мусіць быць цэльнаметалічным, як у старых савецкіх ручных апаратах, паколькі на яго прыпадае асноўны ціск падчас рабочага працэсу. Мадэлі толькі з пластыкавым шнэкам лепш не браць: ён праслужыць менш часу, і з мясарубкай раз за разам давядзецца хадзіць у сэрвісны цэнтр, што адаб'ецца на кішэні. Зрэшты, на кошце апарата матэрыял гэтай часткі адбіваецца не вельмі: недарагія мадэлі з рэверсам, абмежавальнікам магутнасці і з металічным шнэкам усё ж прадаюцца за 700-900 тысяч рублёў.

Яшчэ адзін немалаважны параметр мясарубкі — максімальная магутнасць пры блакіроўцы вала. Яна дасягаецца толькі тады, калі ў масе, што апрацоўваецца, сустрэлася нейкая перашкода, напрыклад костачка. І, каб яе перамалоць, патрабуецца значна больш высокая магутнасць. Праўда, апарат на гранічнай магутнасці можа працаваць не больш за адну хвіліну, інакш перагрэецца рухавік. Айчынны вытворца электрычных мясарубак прапануе мадэлі з максімальнай магутнасцю блакіроўкі вала ў 1500 Вт і ўсімі пералічанымі вышэй характарыстыкамі за 800—990 тысяч рублёў. У прынцыпе гэтага павінна хапіць, калі вы толькі не мелеце косткі пастаянна. У такім выпадку трэба будзе выдаткаваць на мясарубку замежнага брэнда ўжо 2-3 мільёны.

Неабавязковая, але пажаданая «фішка» мясарубкі — гэта металічны корпус. Савецкія ручныя апараты былі «незабівальныя», дзякуючы ў тым ліку і гэтай асаблівасці. Корпус з металу больш даўгавечны, але разам з тым і даражэйшы. Цана такой мясарубкі становіцца ўжо сямізначнай і моцна залежыць ад краіны — вытворцы агрэгата. Калі «кітайца» можна набыць крыху больш чым за мільён рублёў, то кошт японскіх, французскіх і нямецкіх апаратаў вышэйшы ў два-тры разы! І набыць іх за межамі Мінска не так проста. Хоць і функцыянальнасць у такіх апаратаў максімальная.

Некаторыя імпартныя мясарубкі маюць у камплекце насадку «Кебе». Спатрэбіцца яна хіба што гурманам — ужываецца для прыгатавання нафаршыраваных мяснымі шарыкамі катлетак.

А што ж айчынны вытворца? На жаль, у спісе яго мадэляў няма тых, чый корпус быў бы зроблены толькі з металу. Але прыемнай асаблівасцю стала насадка для прыгатавання хатняй каўбасы, якая ідзе ў камплекце. З ёй можна выбраць больш за дзясятак мадэляў коштам ад 670 тысяч да мільёна рублёў. Да таго ж яны аснашчаны таркамі і ўмеюць выціскаць сок з садавіны. Адным словам, добры варыянт за свае грошы.

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».