На хімічным факультэце Белдзяржуніверсітэта ўкаранілі ўнікальныя для Беларусі інавацыйныя тэхналогіі адукацыі — лекцыйны падкастынг і відэалабараторныя работы. Гэта зусім новая мадэль арганізацыі навучальнага працэсу, якая дапаможа павысіць эфектыўнасць самастойнай пазааўдыторнай і аўдыторнай працы студэнтаў.
Інавацыйны падыход да правядзення заняткаў прадугледжвае стварэнне падкастаў — гукавых або відэафайлаў, якія транслююцца ў інтэрнэце. На хімічным факультэце выбраны фармат «аўдыё + слайд-шоу» і «аўдыё + відэа + слайд-шоу». Скарыстаная тэхналогія дазваляе пры жаданні прыбраць відэа і сканцэнтравацца толькі на слайдах з каментарыямі выкладчыка. У модулі ёсць навігацыя і пошук па словах. Напрыканцы кожнай лекцыі прысутнічае закладка «тэсціраванне», якая дазваляе студэнтам самастойна правяраць свае веды.
Падкасты — выдатны дадатак да традыцыйных лекцый, паколькі актыўна выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы да семінарскіх заняткаў і экзаменаў. Перавагай метаду з'яўляецца магчымасць паўторнага праслухоўвання лекцый. Студэнт можа неабмежаваную колькасць разоў праглядаць матэрыялы цалкам або па частках у розны час і ў любым месцы. Таксама можна дыстанцыйна асвоіць тэму і пры неабходнасці вярнуцца да яе тлумачэння. Асабліва карысная сучасная тэхналогія для запісу лекцый запрошаных выкладчыкаў.
Інавацыі былі ўкаранёны і пры правядзенні лабараторных практыкумаў для будучых хімікаў. Створаны відэафільмы, у якіх паслядоўна дэманструецца выкананне лабараторных работ самімі студэнтамі. Пры гэтым наглядны матэрыял суправаджаецца аўдыятэкстам з падрабязным апісаннем дзеянняў, тэарэтычнымі палажэннямі і формуламі, неабходнымі для выканання працы..
— Нельга скідваць з рахункаў той факт, што цяперашняе пакаленне маладых людзей — гэта пакаленне інтэрнэту. Таму трэба змяніць ролю выкладчыка і стварыць умовы, якія дазволяць яму адмовіцца ад крэйды і дошкі і пачаць выкарыстоўваць электронныя прадукты, напрыклад створаныя на платформе Web 2.0, — дзеліцца сваім поглядам намеснік дэкана хімічнага факультэта БДУ Таццяна Савіцкая.
Распрацаваныя падкасты і відэалабараторныя работы даступныя на спецыялізаваных сайтах хімічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта — «Інавацыйныя тэхналогіі ў адукацыі», «Зялёная хімія», а таксама на электронным партале ядзерных ведаў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь (http://lar.іnpnet.net/el/belnet/).
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.