Вы тут

Праект «Супер Пупер Дзеці» шукае новых «зорак» сярод сірот


Прафесійны гук і святло, сцэна, на якой спявалі беларускія і расійскія зоркі, навакольны антураж начнога клуба і... дзеці. Спалучыць неспалучальнае ўдалося ў тэатры-караоке «Багема», які днём ператвараецца ў рэпетыцыйную залу для ўдзельнікаў праекта «Супер Пупер Дзеці». Сярод юных спевакоў — інваліды, сіроты і дзеці без абмежаванняў ад 5 да 17 гадоў.


Ге­не­раль­ная рэ­пе­ты­цыя.

Ідэя такога пачынання з'явілася літаральна ў сярэдзіне снежня мінулага года, напрыканцы 2015-га ўжо прайшоў адбор талентаў, а ў нядзелю ўвечары адбудзецца конкурс маладых вакалістаў «Super Puper Hіt 2016». Такая аператыўнасць стала магчымай дзякуючы агульным намаганням людзей, зацікаўленых у рэабілітацыі дзяцей, іх сацыялізацыі і раскрыцці талентаў.

— Праз конкурс мы вырашылі аб'яднаць таленавітых дзяцей усіх катэгорый, каб яны не адчувалі падзелу на інвалідаў, сірот і іншых, — расказаў Аляксандр КУПРЫЯНОВІЧ, кіраўнік дзіцячага прадзюсарскага цэнтра «Супер Пупер», завадатар праекта. — Я ведаю не па чутках, што катэгорыя малых, якія не могуць дазволіць сабе прафесійныя студыі, мікрафоны, запісы і іншае з-за фінансавай нястачы, але маюць таленты, вельмі вялікая. У рэалізацыі праекта, дарэчы, вельмі дапамог камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, які пайшоў нам насустрач і дазволіў дзеткам удзельнічаць у кастынгу.

Заняткі па вакале і харэаграфіі ў юных артыстаў пачаліся толькі 2 студзеня, але на генеральнай рэпетыцыі, што адбылася тыдзень таму, здагадацца пра гэта было немагчыма. Упэўненасць і задавальненне ззялі на твары кожнага выканаўцы. Прафесійны падыход і жаданне саміх дзяцей спяваць адразу відаць, адзначылі спецыяльна запрошаныя на галоўны «прагон» артыстаў госці — людзі, якія маюць дачыненне да рэалізацыі праекта.

— Асноўная катэгорыя выканаўцаў — дзеці, якія маюць фізічныя або псіхалагічныя недахопы. А тут, на сцэне, яны такія ж, як і ўсе. На свае вочы бачыла, як адна з удзельніц — дзяўчынка, якая вельмі слаба бачыць, — на сцэну падымалася, трымаючыся за руку памочніка. І вось яна стаіць, дрыжыць, а ледзьве пачалася музыка — змянілася. Усе рухі адразу сталі дакладнымі, скаардынаванымі, прыгожымі, галасок зазвінеў, падзялілася Таццяна КОТ, старшыня міжнароднага грамадскага дабрачыннага аб'яднання «Незалежная дапамога дзецям». — Гэта жывое сведчанне таго, наколькі важныя і як дапамагаюць творчыя заняткі такім дзеткам. Такія праекты трэба рабіць, і добра было б, каб іх падтрымлівалі на ўсіх узроўнях.

— Сама ідэя заахвоціць нашых дзетак займацца спевамі на такім прафесійным узроўні вельмі добрая, — адзначыла Зінаіда ВАРАБ'ЁВА, загадчыца сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама— Гэта цудоўны дадатковы занятак, тым больш бясплатны і якасны. Ён дапаможа малым у далейшым — калі не стаць «зоркамі» сцэны, дык сацыялізавацца ў грамадстве, вызваліцца ад стэрэатыпаў, вольна пачуваць сябе ў розных абставінах.

Нестандартны падыход да пошуку месца выступлення арганізатары тлумачаць проста.

— Я палічыў, калі мы запросім дзяцей у класнае месца, дзе яны рэальна змогуць адчуць сябе сапраўднымі артыстамі, то гэты праект запомніцца ім надоўга. Трапіць сюды на выступленне вельмі праблематычна нават для вядомых беларускіх «зорак». Я сам ніколі ў жыцці на такой сцэне не стаяў, — жартуе Аляксандр Купрыяновіч. — Наша задача — не знайсці ў іх Лучана Павароці, а зрабіць з іх упэўненых у сабе людзей, якія ведаюць сабе цану, ведаюць, што яны могуць. Гэта шлях угору. Таму толькі ў такім месцы трэба рабіць такія праекты.

Незалежна ад ацэнкі журы кожны ўдзельнік канцэрта атрымае падарунак, паабяцалі арганізатары. Прызёры і ўладальнікі гран-пры, а таксама яшчэ некалькі асабліва таленавітых дзетак атрымаюць стыпендыю, якая дасць ім права цэлы год займацца ў цэнтры «Супер Пупер». І для кагосьці гэта можа стаць паваротным момантам лёсу.

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Шлях угору

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.