Вы тут

Гістарычныя квэсты ў Маладзечне


Незвычайны спосаб папулярызацыі гістарычнага мінулага прыдумалі ў Маладзечне. Тут вырашылі праводзіць гістарычныя квэсты (гульні для невялікіх камандаў), мэта якіх — прайсці па пэўным маршруце, адшукаць нешта, звязанае са слыннымі асобамі ці падзеямі, што адбываліся на гэтай зямлі. «Маладзечанскія Кірыл і Мяфодзій. Частка 1: Жыццё і дзейнасць Генадзя Каханоўскага» — такую назву мела першая гульня.


Ідэйнай натхняльніцай задумы стала загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Таццяна Закрэўская, а ўвасабляла задуманае ў жыццё каардынатарка суполкі правінцыйных гарадскіх гульняў «Тутэйшыя квэсты» Вольга Трубач.

Напачатку распрацоўвалі заданні, датычныя да жыцця і дзейнасці Генадзя Каханоўскага, якому сёлета споўнілася б 80 гадоў. Але, вывучыўшы тэму больш глыбока, арганізатары «Тутэйшых квэстаў» заўважылі: калі згадваць пра Каханоўскага, то немагчыма не ўспомніць Міколу Ермаловіча. Так узнікла ідэя правесці квэст у дзвюх частках. Першую прысвяціць Генадзю Каханоўскаму, другую — Міколу Ермаловічу. Каманды, якія ўдзельнічалі ў квэсце, падчас гульні павінны былі справіцца з сямю пытаннямі, звязанымі з месцамі дзейнасці гісторыка. На ўсё давалася паўтары гадзіны.

Рашэнне заданняў квэста дапамагло згадаць, што Генадзь Каханоўскі разам з мастаком Юрыем Герасіменкам-Жызнеўскім распрацоўвалі першы герб Маладзечна — трыліснік папараці. Ён дзейнічаў да 2000 года і сімвалізаваў напрамак трох дарог — Вільні, Гродна, Мінска — з'яўляўся маральным ідэалам і ідэйным натхняльнікам «Беларускай хаткі», першага рэгіянальнага цэнтра беларускай культуры, які месціўся на вуліцы Францыска Скарыны, 19.

За шматлікія беларускія назвы вуліц маладзечанцам таксама трэба быць удзячнымі і Генадзю Каханоўскаму, які ўваходзіў у склад камісіі па перайменаванні вуліц у 1990 годзе. Напрыклад, цяперашняя вуліца Ушацкая раней насіла назву Суворава, а Лібава-Роменская была Рэвалюцыйнай.

Пасля гульні мясцовы краязнаўца Міхась Казлоўскі распавёў пра творчыя перамогі і цяжкасці Генадзя Каханоўскага. Расказаў пра адно з правілаў жыцця гэтага чалавека: «Зрабіў і рухайся далей, зрабіў і рухайся далей».

Другая частка квэста пройдзе адразу пасля дня нараджэння Міколы Ермаловіча — пасля 29 красавіка.

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Зрабіў — і рухайся далей

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.