Вы тут

Не забудзьце падаць дэкларацыю


Падсумаваць даходы за год трэба да першых дзён вясны, а заплаціць падаткі — да 15 мая.

Пэўная частка падаткаплацельшчыкаў нашай краіны павінна сёлета да 1 сакавіка падаць у падатковыя органы дэкларацыю аб даходах за мінулы год. Тут трэба адразу адзначыць, што далёка не ўсе абавязаны наведваць падатковую інспекцыю. Па-першае, дэкларацыі запаўняюць толькі падатковыя рэзідэнты нашай краіны. А гэта фізічныя асобы, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі больш за 183 дні ў каляндарным годзе. Па-другое, у часткі плацельшчыкаў існуе толькі права падаць такую дэкларацыю, каб потым атрымаць падатковы вылік. Але ёсць і тыя, хто павінен абавязкова «пасябраваць» з падатковай дэкларацыяй. Для апошніх мы сумесна са спецыялістамі прэс-службы Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) Беларусі падрыхтавалі падрабязны тлумачальнік.


Другі «легкавік» і першы аўтобус

Да вясны абавязкова падаць дэкларацыю павінны тыя людзі, якія за мінулы год прадалі больш як адзін аўтамабіль, тэхнічна дапушчальная агульная маса якога не перавышае 3500 кг і колькасць сядзячых месцаў у ім, акрамя сядзення кіроўцы, не перавышае васьмі. Абавязак на дэклараванне пачынаецца пасля продажу ўжо аднаго грузавога аўтамабіля ці аўтобуса, калі ў першага агульная маса перавышае 3500 кг, а ў другога колькасць месцаў перавышае восем.

Тут спецыялісты МПЗ удакладнілі, што, калі машына, якую вы прадалі, дасталася вам у спадчыну, падатак плаціць не трэба незалежна ад перыядычнасці адчужэння транспартных сродкаў на працягу каляндарнага года.

Ліміт на адчужэнне нерухомасці

Запаўняць дэкларацыю па выніках года павінны тыя, хто на працягу 5 апошніх гадоў прадаў іншым фізічным асобам другую кватэру ці другі жылы дом, больш за адзін садовы домік, больш за адзін гараж (зямельны ўчастак, машына-месца), якія належаць фізічнай асобе на праве ўласнасці. Тут эксперты міністэрства ўдакладняюць, што пры атрыманні на працягу 2011—2015 гадоў даходаў ад продажу аднаго наймення аб'екта нерухомасці (напрыклад, у 2011 годзе — адной кватэры, а ў 2015 годзе — аднаго жылога дома) фізічная асоба вызваляецца ад падачы падатковай дэкларацыі (разліку), бо такія даходы вызваляюцца ад падаходнага падатку.

І ў гэтым выпадку існуе выключэнне з правілаў, калі нерухомая маёмасць была атрымана ў спадчыну. Атрымліваецца, што прадаваць у кароткі тэрмін можна любую колькасць машын, дамоў, дач ці зямельных участкаў, калі ўсё гэта было атрымана ў спадчыну. І галоўнае, што плаціць падаткі ў гэтым выпадку не трэба.

А вось калі ўласнік летась прадаў адзін і больш аб'ектаў нерухомасці, якія не адносяцца да кватэры, жылога дома з гаспадарчымі пабудовамі (пры іх наяўнасці), дачы, садовага доміка, гаража, машына-месца і зямельнага ўчастка, тады ён абавязаны запоўніць дэкларацыю.

Ацэньваем долі, паі і падарункі

У дэкларацыю трапляюць і тыя даходы, якія былі атрыманы ад продажу ці іншага выплатнага адчужэння долі (паю, часткі долі або паю) у статутным фондзе арганізацыі іншай фізічнай асобе. Тут, як той казаў, без варыянтаў. Іншая справа — падарункі.

Калі чалавек летась атрымліваў даходы ў выглядзе дарэння ад фізічных асоб, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у памеры, большым за 43,7 млн рублёў ад усіх крыніц на працягу года, тады без дэкларацыі яму не абысціся. Падаткаабкладанню падлягае менавіта сума такога перавышэння. У гэтым выпадку падлічваецца не толькі сума грашовых падарункаў, але ўлічваецца і кошт іншай маёмасці, у тым ліку нерухомай.

Выключэнне складаюць выпадкі атрымання даходаў ад блізкіх сваякоў і асоб, якія знаходзяцца паміж сабой у адносінах сваяцтва. Менавіта тады падобныя падарункі вызваляюцца ад падаходнага падатку незалежна ад памеру атрыманага ў выніку дарэння даходу.

Даведка МПЗ. Да блізкіх сваякоў адносяцца бацькі (усынавіцелі), дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя, удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі, прадзед, прабабка, праўнукі, муж і жонка. Да асоб, якія знаходзяцца паміж сабой у адносінах сваяцтва, адносяцца блізкія сваякі мужа (жонкі), у тым ліку памерлага.

Заробкі ад арэнды лепш падлічыць да рубля

Цяпер некалькі слоў пра тых, хто летась здаваў сваю ўласную кватэру на працяглы тэрмін і плаціў фіксаваны падатак. Цяпер яны павінны падлічыць гэты даход ад здымнага жылля за ўсе 12 месяцаў. Калі такія даходы ад здачы ўнаём жылых і нежылых памяшканняў дасягнулі агульнай сумы 43 млн 660 тысяч рублёў і больш, тады трэба наведваць падатковую інспекцыю. Потым такія даходы абкладаюцца падаходным падаткам па стаўцы 13 працэнтаў. Пры гэтым сумы падаходнага падатку ў фіксаваных сумах, выплачаныя за 2015-ты, падлягаюць заліку пры вылічэнні падатку па стаўцы 13 працэнтаў.

Напрыклад, у прэс-службе МПЗ падлічылі, што пры атрыманні агульнага даходу за здачу аднапакаёвай мінскай кватэры ў памеры 50 млн рублёў дадатковы аб'ём падаходнага падатку па пададзенай дэкларацыі складзе каля 4,5 млн рублёў. І гэтую суму ўласніку жылля лепш падлічыць і заплаціць добраахвотна, бо інакш канчатковыя сумы выдаткаў будуць у разы большыя.

Даходы з-за мяжы

Спецыялісты падатковай галіны асобна адзначаюць, што абавязкова дэкларуюцца любыя даходы, што былі атрыманы за мяжой і (або) з-за мяжы нашай краіны.

Гэта могуць быць грошы ад працы па найме (кантракту), даходы ад продажу акцый або іншых каштоўных папер, ад продажу доляў у статутных фондах замежных арганізацый, у выглядзе працэнтаў па рахунках (укладах) у замежных банках, атрыманыя ў дар ад замежных грамадзян і інш.

Фактычна выплачаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам замежнай дзяржавы сумы падатку з даходаў, атрыманых у такой замежнай дзяржаве (за выключэннем даходаў, атрыманых з афшорных зон), падлягаюць заліку пры вызначэнні сумы падаходнага падатку, які налічваецца падатковым органам Беларусі на падставе падатковай дэкларацыі.

Пры спыненні будаўніцтва і пагашэнні жыллёвых аблігацый

Абавязкова дэкларуецца даход, атрыманы кліентам праз механізм вяртання раней унесеных сродкаў пры спыненні будаўніцтва жылля, а таксама ў выпадку патаннення такога будаўніцтва альбо ў выпадку выбыцця фізічнай асобы з членаў арганізацый забудоўшчыкаў.

Тут спецыялісты падатковай галіны адзначаюць, што вернутыя пры гэтым грашовыя сродкі, у тым ліку паявыя ўзносы, падлягаюць падаткаабкладанню падаходным падаткам у выпадку, калі на такія ўзносы раней быў прадастаўлены маёмасны падатковы вылік. У гэтым выпадку фізічная асоба, якой ў 2015 годзе былі вернуты названыя вышэй грашовыя сродкі, абавязана падаць у падатковы орган падатковую дэкларацыю і заплаціць падаходны падатак у дачыненні да сум, на якія яму раней была прадастаўлена льгота па падаходным падатку ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Неабходна дэклараваць і даходы, атрыманыя ў выглядзе грашовых сродкаў пры пагашэнні (датэрміновым пагашэнні) жыллёвых аблігацый, а таксама ў выглядзе вяртання грашовых сродкаў, унесеных у аплату кошту жылога памяшкання шляхам набыцця жыллёвых аблігацый, у выпадку невыканання забудоўшчыкам абавязацельстваў па дагаворы. Дэкларацыя тут падаецца ў тым выпадку, калі па такіх унесеных сумах для набыцця жыллёвых аблігацый раней быў прадастаўлены маёмасны падатковы вылік.

Такім чынам, былы забудоўшчык, які атрымаў летась такія грашовыя сродкі, абавязаны падаць у падатковы орган падатковую дэкларацыю і заплаціць падаходны падатак у дачыненні да сум, на якія яму раней была прадастаўлена льгота па падаходным падатку ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Прадугледжана адказнасць

У тым выпадку, калі грамадзянін, абавязаны гэта зрабіць, забыўся ці вырашыў не падаваць дэкларацыю, то ён атрымае штраф — 2 базавыя велічыні (сёння гэта 410 тысяч рублёў) плюс па 0,5 базавай за кожны месяц пратэрміноўкі. Аднак потым і падаткі неабходна будзе заплаціць цалкам.

Дарэчы, калі дэкларацыю аб даходах за мінулы год неабходна падаваць да 1 сакавіка, то заплаціць падаткі ў бюджэт неабходна будзе да 15 мая.

Можна атрымаць падатковыя вылікі

Калі чалавек пераплаціў падаходныя падаткі за мінулы год, то праз інспекцыю гэтыя грошы ён можа яшчэ вярнуць. У гэтым выпадку дэкларацыю аб даходах за год падаюць тыя грамадзяне, якія маюць права на атрыманне падатковых вылікаў (сацыяльных, маёмасных і прафесійных), пры ўмове, што абавязак па прадастаўленні такіх вылікаў грамадзянам ускладзены на падатковыя органы. Увогуле ўзор формы падатковай дэкларацыі аб даходах за год можна знайсці на афіцыйным сайце Міністэрства па падатках і зборах (www.nаlоg.gоv.bу).

Менавіта на гэтым сайце прэс-служба міністэрства запусціла новы электронны сэрвіс «Падатковы калькулятар». Прэс-сакратар міністэрства Сяргей Шкут паведаміў нам, што гэты сэрвіс дазваляе любому карыстальніку самастойна разлічыць суму падаходнага падатку з фізічных асоб — для гэтага неабходна толькі ўвесці адпаведную інфармацыю. Разлік падатку з грамадзян з дапамогай гэтага сэрвісу носіць азнаямленчы характар. Асноўнымі данымі для разліку падаходнага падатку з фізічных асоб з'яўляюцца від даходу, сума даходу, які падлягае падаткаабкладанню, і наяўнасць месца асноўнай працы. Таксама ўводзяцца звесткі аб праве на падатковыя льготы і вылікі, у тым ліку наяўнасць дзяцей і ўтрыманцаў, сума выдаткаў на адукацыю, страхаванне і будаўніцтва жылля.

Май на ўвазе

Дэклараваць свае даходы па выніках года павінны і тыя грамадзяне, у каго ўтрыманне падатку з такіх сум не прадугледжана падатковымі агентамі — арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Дэкларацыю аб даходах і маёмасці могуць патрабаваць у любога грамадзяніна ў тым выпадку, калі ў падатковай інспекцыі ўзнікнуць пытанні аб тым, за якія даходы была набыта тая ці іншая маёмасць. А вось тэрміну даўнасці па падатковых парушэннях не існуе. Як правіла, праверкі ажыццяўляюцца за апошнія 10 гадоў.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Падлічыць і разлічыцца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.